Французскi cosmopolitisme, альбо Чым вабiць замежнiка наша краiна?

Источник материала:  

Легiянер футбольнага "Дынама" распавёў "Звяздзе" пра ўласную кар'еру, беларускае метро i "дзiўных" людзей у блакiтных камізэльках

Арэльен МАНТАРУП — iмя i прозвiшча, якое кожны тыдзень дыктарскiм голасам гучыць на беларускiх стадыёнах. І кожны тыдзень у Барысаве, Магiлёве цi ў Смаргонi балельшчыкi спрабуюць здагадацца, адкуль жа гэты хутканогi "арол" узяўся. А ён не разумее iхнiх слоў, "лётае" па сваiм краi, змагаецца як дома вучылi, б'ецца да апошняга i часам абураецца на роднай мiлагучнай. I, вiдаць, узгадвае, як...

Французскi cosmopolitisme, альбо Чым вабiць замежнiка наша краiна?— У футбол пачаў гуляць, калi мне ўжо было пяць гадоў, — пачынае сваю гiсторыю Арэльен. — Мой бацька Дзiдзье таксама быў футбалiстам. Гуляў у трэцяй французскай лiзе, меў добрыя магчымасцi выступаць на больш высокiм узроўнi, але вырашыў займацца iншым. Ад яго любоў да футбола перайшла да мяне i майго старэйшага брата. Я хадзiў амаль на ўсе матчы роднага "Рэна" i нават аматарскiх клубаў, захапляўся тэхнiкай Марадоны i марыў выступаць за каманду роднага горада. Я прайшоў усе дзiцячыя i юнацкiя каманды "Рэна", трэнiраваўся разам з Петарам Чэхам i Аляксандрам Фраем, аднак давялося пакiнуць каманду.

— А як склалася, што пасля добрай футбольнай школы ў "Рэне" ты трапiў у каманду чацвёртай лiгi?

— Ведаеш, у мяне была магчымасць падпiсаць з роднай камандай новы кантракт, аднак мой агент не знайшоў паразумення з кiраўнiцтвам i мне давялося перайсцi ў другi дывiзiён, у "Крэтэй". А пасля мой сябар папрасiў пагуляць за аматарскую каманду "Ла Вiтрэен", дзе я падтрымлiваў форму. Дарэчы, гэтая практыка мне вельмi дапамагла, бо калi я прыехаў у Мiнск, то быў у добрым гульнявым тонусе.

— Арэльен, у тваёй бiяграфii ёсць i бляск залатых узнагародаў. У 2003-м ты разам з моладзевым складам "Рэна" заваяваў Кубак Гамбардэла...

— Гэты турнiр досыць вядомы ў Францыi, а фiнал наогул право- дзяць на Стад дэ Франс. Таму перамога ў гэтым першынстве вельмi значная для мяне. Я памятаю, што правёў усе матчы за "чырвона-чорных", але за тыдзень да фiнальнай сустрэчы атрымаў пашкоджанне i назiраў за матчам з трыбуны. Але мы тады вельмi ўпэўнена перамаглi "Стразбур" з лiкам 4:1! На той момант наша моладзевая каманда была лепшай у краiне. Я выступаў поплеч з Гюркуфам, Брыянам, з футбалiстамi, якiя сёння выступаюць за нацыянальную зборную Францыi.

— У той час з галоўным складам працаваў вядомы румынскi трэнер Ласла Баланi. Цi давялося размаўляць з iм, працаваць пад яго кiраўнiцтвам?

— Безумоўна, гэты спецыялiст моцна паўплываў на станаўленне майго футбольнага характару. Фiзiчна я саступаў шмат каму ў "Рэне", таму Баланi вучыў мяне быць трывалым, змагацца да апошняга ў адзiнаборствах, паказваць характар i даказваць, што я гуляю не горш за iншых.

— У "Дынама" табе давялося працаваць ужо разам са Славалюбам Муслiнам, якога таксама добра ведаюць на тваёй радзiме. Ты не быў засмучаны лiпеньскiм сыходам трэнера?

— Так, я вельмi шкадаваў, што Муслiн вырашыў пайсцi з "Дынама". На мой погляд, ён вельмi кампетэнтны трэнер i добры чалавек, якi цалкам аддае сябе працы, iмкнецца перадаць веды футбалiстам. Праўда, ён блiзка да сэрца ўспрымаў нашы няўдачы. Я развiтаўся з iм i, як усе футбалiсты, шкадаваў, што пры iм мы не здолелi дабiцца добрых вынiкаў.

— Дарэчы, у тваiм пераходзе ў "Дынама" было больш фiнансавага цi спартыўнага iнтарэсу?

— Перш за ўсё мяне цiкавiў футбол, бо ў Францыi iснуе больш магчымасцяў зарабiць грошы, чым у Беларусi. Таму ў "Дынама" я ехаў, каб зноў пачаць гуляць на высокiм узроўнi, прагрэсаваць... Пашчасцiла, як ужо казаў, i з трэнерам. Да таго ж, падкупiла магчымасць згуляць у Лiзе Еўропы. I калi я ўсё гэта склаў, узважыў, то без сумневаў падпiсаў кантракт.

"Чакаў сустрэчы з суайчыннiкамi"

— Ты кажаш пра тое, што, выступаючы за "Дынама", футбалiст можа прагрэсаваць, паляпшаць свой прафесiйны ўзровень. Цiкава, цi запрасiў бы ты сваiх французскiх сяброў-футбалiстаў пагуляць у Беларусi?

— Калi нехта з iх будзе пытацца, чаму б не. Тым больш, у вашай краiне можна гуляць у футбол i атрымлiваць ад яго асалоду.

— Калi ты ўжо ўзгадаў пра Лiгу Еўропы, як лiчыш, што паўплывала на буйны разгром "Дынама" ў Нарвегii камандай "Тромсэ"?

— Нягледзячы на гэты вынiк, мы маглi прайсцi ў трэцi раўнд, i ў хатняй гульнi павiнны былi перамагчы. Аднак у нас маладая каманда, i амаль нiхто з футбалiстаў не мае добрай еўрапейскай практыкi. Гэты невялiкi недахоп i паўплываў на вынiк.

— Скажы шчыра, цi хацелася б табе згуляць супраць французскай каманды?

— Безумоўна, i я нават праглядаў спiс магчымых супернiкаў. У трэцiм раўндзе мы маглi б сустрэцца з "Лiлем", а ў чацвёртым — з "Генгамам" альбо "Тулузай". Але ж больш за ўсё хацелася б пабачыць у Мiнску "Тулузу". За гэтую каманду выступае мой сябра Андрэ-П'ер Жыньяк, якi ў мiнулым сезоне стаў лепшым бамбардзiрам чэмпiянату Францыi.

— З "Лiлем" "Дынама" калiсьцi ўжо сустракалася...

— Я знаю (спрабуе сказаць па-руску Арэльен)... Я бачыў сустрэчу па тэлевiзары. Беларусы тады прайгралi ў Францыi, аднак вельмi спадабалася iх гульня ў тым складзе.

— БАТЭ зараз вельмi камфортна сябе адчувае на першым месцы турнiрнай таблiцы. Аднак гуляць засталося яшчэ каля дзесяцi матчаў. Як ты лiчыш, цi здолееце вы дагнаць чэмпiёнаў?

— Барысаўская каманда выступае ў еўракубках i ёсць магчымасць, што ў чэмпiянаце яны будуць губляць ачкi, аднак змагацца за чэмпiёнства будзе неймаверна цяжка. Таму зараз трэба сканцэнтравацца на барацьбе за другое месца. "Дынама" паказвае дынамiчны футбол, гульцы адчуваюць сябе ўпэўнена, i я спадзяюся, што ўсё ў нас атрымаецца.

— Цi бачыш ты пэўныя падабенствы ў беларускiм i французскiм футболе?

— У Францыi гуляюць у больш хуткi, тэхнiчны футбол, i ад гэтага ўзровень канцэнтрацыi футбалiста на полi больш высокi, бо любая памылка можа стаць лёсавызначальнай. А ў Беларусi шмат таленавiтай моладзi. Мяркую, што пры добрым стаўленнi да працы яны здолеюць гуляць у моцным чэмпiянаце.

"У Мiнску спакайней, чым у Францыi"

— Твае бацькi не адгаворвалi цябе ад задумы гуляць у Беларусi? Маўляў, iншая краiна, iншы менталiтэт, будзе цяжка прыстасавацца да iх ладу жыцця...

— Не, падобнага з iх боку не было. Але на Захадзе iснуе шмат стэрэатыпаў пра Усходнюю Еўропу. Толькi калi летась я прыехаў на прагляд у "Дынама", то ўбачыў чысты еўрапейскi горад, добразычлiвых людзей i ўсе гэтыя стэрэатыпы адразу знiклi. Я хачу дадаць, што нiякiх цяжкасцяў, як з партнёрамi па камандзе, так i ў бытавым плане, у мяне за гэты перыяд не ўзнiкала.

— Арэльен, а цябе не здзiвiла тое, што не так шмат беларусаў ведаюць замежную мову?

— Так, i калi я толькi трапiў у Беларусь, то быў крыху здзiўлены гэтым. Аднак моўны бар'ер неiстотны, i гэтае пытанне мяне амаль не хвалюе, бо я сам вывучаю рускую мову. Цяжка, праўда, навучыцца чытаць кiрылiчны тэкст, а ў iншым нармальна. Затое футбалiстаў на полi я разумею без перакладчыка.

— А што ў беларускай сталiцы табе нагадала родны "Рэн"?

— Гэта — рака. Як на маёй радзiме, так i ў Мiнску, праз цэнтр горада цячэ рака. Мне вельмi падабаецца бываць ля Свiслачы i я часам шпацырую па яе набярэжнай.

— Звычайна пасля наведвання Беларусi замежнiкi захоўваюць шмат цiкавых успамiнаў. Што менавiта здзiвiла цябе ў Мiнску?

— Напэўна, тое, што Беларусь вельмi спакойная краiна. Увечары можна гуляць i не думаць пра тое, што з табою можа адбыцца нейкая непрыемнасць. На жаль, у Францыi сiтуацыя крышачку iншая... Здзiвiла i тое, што ў вашых вёсках для сельскагаспадарчых патрэбаў выкарыстоўваюць коней. У нас падобнай практыкi ўжо даўно няма, i на палях, на фермах, рабочыя працуюць на трактарах цi на iншых спецыяльных машынах. А яшчэ ў Мiнску я адкрыў для сябе грамадскi транспарт. Дома ў мяне ёсць уласны аўтамабiль i на аўтобусах, метро я нiколi не езджу. А тут усё наадварот. Мне часам бывае смешна глядзець, як людзi ў метро бачаць, што вагон цалкам забiты, але ўсё адно ў яго лезуць i штурхаюцца (смяецца). А вось яшчэ... Бывае, што чакаю аўтобус, а да мяне падыходзяць гараджане i пытаюць пра шлях да адпаведнай вулiцы. Ну я iм кажу, што я не "говорить хорошо по-русски", "я играть "Динамо" Мiнск, я француз", i прыемна, што пасля доўгiх роспытаў яны жадаюць мне шчасця i моцнага здароўя... Гэта таксама добрая рыса ў характары беларусаў.

— А з нашымi кантралёрамi ты паспеў пазнаёмiцца?

— О, я ўжо ведаю iх! Калi толькi прыехаў у Мiнск, то ў аўтобусе звычайна быў чалавек, якi прадаваў квiткi. Аднак, аднойчы яго не было, i ў аўтобус забеглi людзi ў блакiтных камізэльках. Я iм тады грошы на бiлет працягнуў, а яны мне кажуць, каб штраф плацiў. Давялося заплацiць сем тысяч.

— Арэльян, напярэдаднi бачыў тваё фота ў iнтэрнэце, дзе ты стаiш на агляднай пляцоўцы Нацыянальнай бiблiятэкi...

— Так, я неяк быў там на экскурсii, i мне бiблiятэка вельмi спадабалася. Лiчу, што гэта сiмвал не толькi сталiцы, але i ўсёй вашай краiны. А што да фота, то нядаўна часопiс "France football" рабiў са мною iнтэрв'ю, i каб праiлюстраваць горад, я даслаў iм гэты фотаздамак.

— Ты ў дзяцiнстве хадзiў у бiблiятэку? Што чытаеш цяпер?

— Чытаць я заўжды любiў. У школе шмат чытаў Бальзака, Заля, дэ Мапасана. Ну а цяпер мне падабаюцца творы Стывена Кiнга i бiяграфii вядомых спартсменаў. Нядаўна чытаў пра спартыўны шлях тэнiсiста Рафаэля Надаля... Мне ў дзяцiнстве наогул падабалася глядзець тэнiс, асаблiва матчы з удзелам амерыканца Андрэ Агасi...

— А як жа твой суайчыннiк Нiкаля Эскюдэ?

— Нiкаля я нават асабiста ведаю. Яго брат, Жульен, раней выступаў за "Рэн", таму нам даводзiлася часта размаўляць, сустракацца.

— А з кiм ты вабiш вольны час у Мiнску?

— З жонкай Меланi. Мы з ёй любiм хадзiць у тэатр альбо ў оперу, на балет. А нядаўна мы наведалi выступленне Прэзiдэнцкага аркестра, i нам вельмi спадабалася. Сустракаўся я неяк з шэф-кухарам французскага рэстарана "Залаты грабеньчык", але пакуль там мы не былi. Затое я часта бываю ў вашых кавярнях i частуюся беларускiмi прысмакамi.

— Твае бацькi ўжо прыязджалi ў госцi?

— Бацькi прыязджалi яшчэ ўвесну. Спачатку яны не паверылi мне, што Беларусь вельмi прыгожая краiна, аднак пасля змянiлi свае меркаваннi...

— А што ты прасiў iх прывезцi ў падарунак з радзiмы?

— Як нi дзiўна — буцы, бо ў Мiнску не такi багаты выбар спартыўнага абутку. Яшчэ яны прывезлi вiно, каб я пачаставаў сяброў i знаёмых. Сам я амаль не п'ю. У Францыi кажуць, што вiно пачынаюць любiць i разумець з узростам. Я магу толькi крышачку выпiць на Каляды, калi збiраюцца разам усе сваякi...

Поруч з Арэльенам сядзiць жонка Меланi, чарнявая i па-французску прывабная, яна лёгкiмi амаль нячутнымi словамi i ўсмешкай нешта падказвае, дапамагае ўспомнiць асобныя факты. Яна вучыцца ў Францыi на маркетолага i вось-вось павiнна атрымаць дыплом, а пакуль разам з мужам жыве ў Мiнску. Гляджу на яе i чамусьцi ўзгадваю такую ж чарнявую Амелi з аднайменнай стужкi Жана-П'ера Жэнэ, але...

— Я таксама люблю кiно, — з тым жа французскiм шармам кажа Меланi. — Толькi Адры Тату ў гэтым фiльме, як i саму стужку, у Францыi ўспрымае пазiтыўна толькi старэйшае пакаленне, а моладзь — не. Праўда, у Беларусi ён карыстаецца поспехам...

Вось i паспрабуй не без усмешкi зразумець гэтых гожых i цiкаўных французаў. Нават бутэлечку шарданэ ў паграбку пакiнуць, i дыск з Адры Тату паставяць у куток. Затое з радасцю пойдуць на наш балет (а можа i на Глебава?), прагуляюцца ля Свiслачы i наведаюць сапраўдную беларускую кавярню... Што ж сказаць, сапраўдны французскi cosmopolitisme, калi не памыляюся.

Тарас ШЧЫРЫ. Фота аўтара.

Аўтар выказвае падзяку ў правядзеннi iнтэрв'ю прэс-аташэ футбольнага клуба "Дынама" Мiнск Алегу Сабалеўскаму.

←Белорусы — знающая нация. Но не умеющая мыслить?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика