Белае i чырвонае, новае i старое

Источник материала:  

Нашы продкi нiколi не парушалi асноўных умоў рытуалаў — было гэта пахаванне, вяселле цi хрэсьбiны дзiцяцi, таму што лiчылi, што пазней сям'я будзе пакараная за парушэнне — дзецi будуць хварэць, парушыцца шчасце сямейнага ачага, будзе дрэнны ўраджай цi iншыя нястачы i беды.

   На нованароджанае дзiця абавязкова апраналi што-небудзь старое, зношанае, "сямейнае": кашулю бацькi, адзенне старэйшых дзяцей — каб сябравалi, працягвалi традыцыi бацькi, сям'i, роду.

   Для хрышчэння дзiцяцi апраналi новае (цi атрыманае ў спадчыну ад старэйшага дзiцяцi) белае адзенне. Але зверху зноў жа завязвалi чырвоны пояс.

   Адзенне, у якiм хрысцiлi першынца, больш не выкарыстоўвалi, каб захаваць i перадаць чарговаму нашчадку ў дзень яго хрышчэння.

   Імкнулiся, каб нацельны крыжык, якi ўпершыню дадуць дзiцяцi, быў на чырвоным матузку.

   Рэчы, якiя насiла дзiця ва ўзросце да года, нiколi не прадавалi i нiкому не перадавалi.

   Яшчэ ў пачатку мiнулага стагоддзя людзей хавалi ў белым саване. Сёння памерлага пакрываюць палатном белага колеру (тканiнай абсалютна чыстай, без слядоў людскога ўздзеяння; у свеце продкаў пачынаецца новы адлiк часу).

   Як i шмат гадоў таму, сёння iснуе святое правiла апранаць памерлага чалавека ў новае (чыстае) адзенне.

   Людзi сталага ўзросту заўсёды самi рыхтавалi сабе адзенне на смерць, у "дарогу". Пры жыццi яго маглi апрануць толькi аднойчы — каб наведаць храмавае набажэнства.

   Адзенне (нацельную бялiзну) i пасцельную (прасцiну i навалачку), у якiм памiраў чалавек, пасля пахавання спальвалi, каб гэтыя рэчы не перадавалi адмоўную энергетыку жывым.

   Памерлую незамужнюю дзяўчыну апраналi ў вясельны строй. Яна на працягу свайго зямнога жыцця не здолела выйсцi замуж, таму iшла ў свет продкаў адвечнай нявестай у адпаведным убраннi.

     У адзеннi памерлага не павiнна быць чырвонага колеру (лiчыцца, што гэта можа пацягнуць за сабой яшчэ адну смерць "кроўнага" сваяка).

   На працягу года ёсць некалькi памiнальных дзён, напрыклад, бацькоўскiя суботы, восеньскiя Дзяды, Радаўнiца. У такiя днi жывыя наведвалi могiлкi i даводзiлi да ладу магiлы i надмагiльныя крыжы. Калi гэта была магiла жанчыны — на крыж павязвалi белы фартушок, калi мужчыны — белы ручнiк, калi незамужняй дзяўчыны — белы вяночак.

   Вялiкае значэнне надавалi нашы продкi таму адзенню, у якое былi апрануты маладыя на працягу ўсяго вяселля. Прычым не толькi нявеста, але i жанiх. Калi паглядзець на фотаздымкi мiнулых часоў, наведаць музей этнаграфii i фальклору, там мы ўбачым светлае адзенне як жанiха, так i нявесты. На сукенцы нявесты — на рукавах i грудзях, будуць вышыты шырокiя чырвоныя палосы — абярэгi, а жывот будзе экранiраваны фартушком з чырвонымi палосамi. У жанiха — да светлай кашулi i штаноў будзе дададзены шырокi пояс з ярка-чырвоным арнаментам па краях.

Аксана Катовiч, Янка Крук.

←Белорусы — знающая нация. Но не умеющая мыслить?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика