Барыс Маiсееў адчынiць у Магiлёве школу балета?

Источник материала:  

Пакуль гэта сапраўды пытанне. Аднак прадстаўнiкi знакамiтага шоўмэна звяртаюцца да ўпраўлення культуры Магiлёўскага аблвыканкама з просьбай перадаць Барысу Маiсееву Дом культуры завода штучнага валакна, якi сёння стаiць закiнуты i выстаўлены на продаж.

Гэты вялiкi будынак, якi месцiцца ў абласным цэнтры на вулiцы Чалюскiнцаў, узведзены напрыканцы 1950-х гадоў. Сёння ён належыць ужо не заводу штучнага валакна, а гарадской уладзе, пасля перадачы сацыяльнай сферы прадпрыемства. Але гiстарычная назва засталася: магiлёўцы часцей называюць яго "ДК Куйбышава" — паводле iмя рэвалюцыйнага дзеяча, якое за савецкiм часам насiў завод.

Дом культуры атрымаў вядомасць, калi сюды пераязджалi гурткi i творчыя калектывы з гарадскога цэнтра культуры — гiстарычнага будынка ў цэнтры Магiлёва. Ужо за тым часам ДК ЗШВ не быў прыцягальным для гараджан: састарэлае збудаванне патрабавала капiтальнага рамонту ў 2 мiльярды рублёў.

Некалькi гадоў таму i магiлёўская культура пакiнула ДК: апошнi час там захоўвалiся сцэнiчныя строi i дэкарацыi. Сёння будынак мае сапраўды варты жалю выгляд. Уваход i вялiзныя калоны ачэпленыя стужкамi з чырвонымi сцяжкамi. Усюды надпiсы: "Асцярожна, падае тынкоўка!" Аблятае i лупiцца ўсё, нават агароджа з цаглянымi слупамi.

Была калiсьцi слушная iдэя на базе гэтага Дома культуры, навокал якога ёсць прыстойная тэрыторыя, арганiзаваць сучасны забаўляльны парк кшталту Дыснэй-лэнда. Але нiхто з iнвестараў не вырашыўся на такi вялiзны праект.

Цяпер будынак у аварыйным стане выстаўлены на аўкцыён. Пачатковы кошт нерухомасцi — каля 2,4 мiльярда рублёў, плюс арэнда на 50 гадоў зямельнага ўчастка — больш за 600 мiльёнаў. У вынiку — 3 мiльярды рублёў, умова — праз тры гады адчынiць культурна-забаўляльны цэнтр, але пакупнiкоў няма.

Аднак цяпер з'явiўся калi не пакупнiк, дык ахвотнiк. Вядома, што Барыс Маiсееў — ураджэнец Магiлёва, i час ад часу ён прыязджае на радзiму: наведаць магiлу мацi i сустрэцца са старымi сябрамi. Для яго ДК Куйбышава — родны будынак, бо менавiта ў iм заслужаны артыст Расii упершыню ў жыццi стаў танцаваць.

Гавораць, што ў Маiсеева адразу ўзнiкла iдэя стварыць у Магiлёве Палац мастацтваў, i адчынiць там балетную школу. Праўда, паводле некаторай iнфармацыi, размова iдзе не аб набыццi будынка, а аб атрыманнi яго бясплатна альбо за сiмвалiчную базавую велiчыню, як гэта робiцца для прадпрымальнiкаў са значнымi iнвестыцыйнымi праектамi для эфектыўнага выкарыстання маёмасцi.

На гэты момант дакументы, нават аб намерах, яшчэ не падпiсаныя. Аднак перамовы, хоць бы i па тэлефонных лiнiях, памiж прадстаўнiкамi Барыса Маiсеева i магiлёўскай улады ўсё ж вядуцца.

Ілона Iванова.

←Белорусы — знающая нация. Но не умеющая мыслить?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика