Мiнск лiквiдуе чэргi ў iнтэрнаты

Источник материала:  

Паступовае павелiчэнне долi пажылых грамадзян — перспектыва некалькiх найблiжэйшых дзесяцiгоддзяў. Пры гэтым ужо сёння не сакрэт: у вынiку дэмаграфiчных рэалiй у Беларусi будзе ўзрастаць патрэба ў сацыяльных установах. І ў тым лiку — у дамах-iнтэрнатах.

Па агульнай колькасцi жыхароў Лiдчына лiчыцца адным з найбуйнейшых рэгiёнаў краiны. А адсюль — i вялiкая колькасць пенсiянераў. Тым часам даводзiцца канстатаваць: iх значная частка па сутнасцi ўжо не ў стане абслугоўваць сябе самастойна, i пры гэтым або не мае ўвогуле, або жыве асобна ад дзяцей i сваякоў. З улiкам гэтага два гады таму ў раёне з'явiлася рашэнне — стварыць пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей. Сёння тут на поўным забеспячэннi жывуць 44 чалавекi.

На першы погляд, само аддзяленне нагадвае "стандартны" iнтэрнат. Аднак з пэўнымi асаблiвасцямi. Кожны з жыхароў гэтай установы мае ўласны дом, i пры жаданнi можа вярнуцца туды практычна ў любы момант. Але цi не галоўнае адрозненне — тэрмiн знаходжання тут абмежаваны 6 месяцамi ў год. Бо ў гэтым выпадку галоўная мэта — дапамагчы чалавеку перажыць найбольш цяжкi перыяд, скажам, тую ж зiму.

— Калi стары i адзiнокi чалавек яшчэ мае сiлы, мы прапануем яму паслугi сацыяльнага работнiка, калi жыць самастойна ўжо цяжка — ёсць варыянт падобных аддзяленняў кругласутанага знаходжання, — распавядае першы намеснiк мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткiна. — Сёння паслугi па пражываннi прапаноўваюць тэрытарыяльныя цэнтры ў 48 раёнах, аднак прагноз тут адназначны — калi ўзяць пад увагу дэмаграфiчнае становiшча i патрэбы рэгiёнаў, то вiдавочна, што гэта лiчба павiнна ўзрастаць. Разам з тым сцвярджаць, што з цягам часу аддзяленнi кругласутачнага знаходжання цалкам заменяць звычайныя дамы-iнтэрнаты, усё ж немагчыма. Бо зразумела: многiм пенсiянерам i iнвалiдам патрэбны не "перыядычны", а пастаянны догляд.

У найблiжэйшыя гады запланавана ўкладанне грошай у развiццё адразу некалькiх сацыяльных устаноў. Ужо сёлета павiнна закончыцца рэканструкцыя з пашырэннем да 150 месцаў спецыялiзаванага санаторыя "Ясельда", надалей будуць весцiся работы ў санаторыях для ветэранаў i iнвалiдаў "Бярэзiна", "Белая Вежа", "Вяжуцi". Нягледзячы на цяжкасцi, паступова iдзе стварэнне канструктарскага бюро i корпуса сацыяльнай рэабiлiтацыi ў Беларускiм пратэзна-артапедычным аднаўленчым цэнтры ў Мiнску. У рэшце рэшт у планах — мадэрнiзацыя шэрагу дамоў-iнтэрнатаў.

— Безумоўна, у перспектыве спатрэбiцца павелiчэнне колькасцi iнтэрнацкiх месцаў, — канстатуе Марыяна Шчоткiна. — Разам з тым мы мяркуем: асноўная стаўка тут павiнна рабiцца на будаўнiцтва не буйных, а невялiкiх устаноў. Бо, з аднаго боку, такiм чынам ёсць магчымасць прапаноўваць пажылым людзям больш камфортнае ў псiхалагiчным плане пражыванне па тэрытарыяльным прынцыпе — блiжэй да свайго дома. А з iншага — мiнi-iнтэрнаты падаюцца цiкавымi ў плане прыцягнення iншых крынiц фiнансавання, напрыклад, сродкаў грамадскiх арганiзацый, рэлiгiйных аб'яднанняў, прыватных асобаў. Прынамсi, практыка мецэнацтва тут iснавала заўсёды, i падобныя iнiцыятывы наша мiнiстэрства будзе толькi вiтаць.

Праблема буйных гарадоў

Сёння дэфiцыту месцаў у дамах-iнтэрнатах для ветэранаў i iнвалiдаў у краiне практычна няма. Iншая i менш прыемная гаворка — аб iнтэрнатах для псiханеўралагiчных хворых. У чарзе на пасяленне сюды ў цэлым па Беларусi знаходзяцца каля 800 чалавек, прычым цi не палова з iх жыве ў сталiцы. Да таго ж колькасць асобаў з псiхiчнымi захворваннямi працягвае ўзрастаць, i перш-наперш — зноў-такi ў буйных гарадах.

— Ужо падабраны будынак i прынятае рашэнне аб стварэннi ў сталiцы новага iнтэрната псiханеўралагiчнага профiлю на 250 месцаў, мы мяркуем, што яго адкрыццё павiнна адбыцца да 1 студзеня, — кажа начальнiк Камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама Анатоль Ражанец. — Плюс да таго, праблему плануецца змякчыць дзякуючы пераразмеркаванню людзей памiж рознымi ўстановамi. Так, таксама з 1 студзеня наступнага года, будзе ўведзены ў эксплуатацыю iнтэрнат для ветэранаў вайны i працы "Свiтанак" на 120 месцаў. А ў больш аддаленай перспектыве "дадатковыя плошчы" прыкладна для 350 чалавек з'явяцца на базе аднаго з ведамасных санаторыяў "Пралеска" — пытанне аб яго перадачы нам разглядаецца сёння.

Нарэшце, на тэрыторыi цяперашняга псiханеўралагiчнага iнтэрната № 3 у Мiнску ёсць намер пабудаваць новы корпус на 160 месцаў. Распрацоўка праектнай дакументацыi тут ужо пачалася, а самi работы, як чакаецца, закончацца ў 2011 годзе.

Пры гэтым, адзначае Анатоль Ражанец, сталiчныя "планы з запасам" зусiм не выпадковыя. Разам з лiквiдацыяй чэргаў найбуйнейшаму гораду краiны даводзiцца вырашаць не менш вострую праблему — перанаселенасцi сацыяльных устаноў. На кожнага жыхара тут павiнна прыпадаць не менш чым па 7 квадратных метраў плошчы. I ў сваю чаргу гэта не толькi патрабаваннi санiтарных нормаў, але таксама — пытанне бяспекi.

Палова палiва — свая

На той жа "крайнi выпадак" усе дамы-iнтэрнаты краiны абсталяваныя пажарнымi апавяшчальнiкамi i сiгналiзацыяй, як адзначаюць у мiнiстэрстве, тут не ўзнiкае праблем з харчаваннем, адзеннем i абуткам. Не будзе пытанняў i з ацяпленнем. Прычым сацыяльныя ўстановы, што маюць уласныя кацельнi, сёння забяспечваюць свае патрэбы за кошт мясцовых вiдаў палiва ўжо больш чым на 55 %. I гэта яшчэ не мяжа, бо практыка апошнiх гадоў паказала: так надзейней i танней.

— З улiкам росту колькасцi жыхароў дамоў-iнтэрнатаў i кошту iмпартных энерганосьбiтаў становiцца ўсё больш актуальнай i тэма эканомii палiва — у параўнаннi з мiнулым годам сёлета яна павiнна скласцi не менш за 4 %, — зазначае намеснiк мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Валяр'ян Кароль. — I гаворка тут не iдзе аб пагаршэннi ўмоў пражывання, змяншэнне спажывання энергарэсурсаў адбываецца за кошт новых тэхналогiй — устаноўкi шклопакетаў, аўтаматычных сiстэм кiравання асвятленнем, рамонту кацельняў, замены камунiкацый, цеплавой рэабiлiтацыi будынкаў. Сапраўды, гэта дадатковыя грошы. Аднак у той жа час вядома: яны будуць "працаваць" яшчэ шмат гадоў.

Сяргей ГРЫБ.

Мiнск — Лiда.

←Белорусы — знающая нация. Но не умеющая мыслить?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика