Паляўнiчы, рыбалоў, турыст! На асеннюю паверку — выходзь!

Источник материала:  

Традыцыйна менавiта веснавая выстава, прысвечаная таварам i паслугам па паляваннi, рыбалцы, актыўным адпачынку, выклiкае ў адпаведных катэгорый насельнiцтва найбольшую цiкаўнасць. Што цалкам зразумела: за зiмовы час, знудзiўшыся па стрэльбе, вудзе, турыстычнай палатцы, многiя апантана кiдаюцца планаваць свой будучы адпачынак цi нават проста адводзiць душу, пераглядаючы на выставе навiнкi тавараў. Восеньскi форум на гэтым фоне выглядае больш спакойна — як своеасаблiвае падвядзенне вынiкаў. З аднаго боку, i адпачынак у многiх ужо быў, i жаданыя трафеi, уражаннi, але з iншага — няўрымслiвая натура па-ранейшаму прагне новых прыгод, вандровак. Калi не сёлета ўжо, дык можна "прыкiнуць" нешта на наступны сезон. Цi проста можна сустрэцца з аднадумцамi, старымi сябрамi, абмяняцца думкамi. Словам, прыкладна такiм убачылi сёлета карэспандэнты "Звязды" адкрыццё выставы "Паляванне i рыбалоўства. Восень—2009", якое адбылося ўчора ў Мiнску ў павiльёне Нацыянальнага выставачнага цэнтра "Белэкспа" па вулiцы Я. Купалы, 27. Як заўсёды, яны шукалi нейкiя "iскрынкi" форуму, каб распавесцi пра iх сваiм чытачам.

урт паляўнiчай музыкi "Бакас" з Драгiчына выступае на выставе ўжо не першы год, але пазнаёмiцца з iм блiжэй выпала толькi сёлета. Узначальвае калектыў Мiкалай ШАЎЧУК, граюць у iм вучнi i выпускнiкi Драгiчынскай школы мастацтваў, якая працуе пры раённым цэнтры пазашкольнай работы. Мiкалай Аляксандравiч — паляўнiчы з больш чым 30-гадовым стажам. "Спецыялiзуецца" на качцы, зайцы, лiсе. А яшчэ з пятага класа захапляецца музыкай.

— Першы запiс у маёй працоўнай кнiжцы — кiраўнiк духавога аркестра пры Доме пiянераў. Ім я стаў у 17 гадоў. Потым у армii два гады служыў у ваенным аркестры. I вось калi ў 1999 годзе было вырашана стварыць музычны калектыў, прапанавалi яго ўзначалiць мне, маўляў, ты ж займаўся. Скончыў курсы павышэння квалiфiкацыi, i вось з таго часу — працуем, — распавёў Мiкалай Аляксандравiч.

Тут трэба зазначыць, што "Бакас" — адзiны ў Беларусi гурт паляўнiчай музыкi. Мiж тым у iншых краiнах Еўропы гэта — цэлы пласт культуры, паведамiў суразмоўца. Там праводзяцца шматлiкiя фестывалi, да ўдзелу ў якiх неаднаразова запрашалi i нашых музыкаў. Дарэчы, немцы падарылi гурту паляўнiчыя ражкi вядомай фiрмы. А яшчэ яго ўдзельнiкi граюць на... карабельных трубах. Адна, кажа Мiкалай Шаўчук, у яго была, яшчэ адну знайшоў па газетнай аб'яве. Увогуле кiраўнiк "Бакаса" распрацаваў цэлую праграму, даслаў яе ў мiнiстэрства лясной гаспадаркi, вельмi хацеў бы з гэтай нагоды сустрэцца з новым мiнiстрам культуры. А цi так абавязкова будучаму работнiку лесу ўмець граць на паляўнiчым ражку, задаю дылетанцкае пытанне.

— Ды вы што, — шчыра здзiўляецца суразмоўца. — У Польшчы нават дзяўчынку не дапусцяць да працы, пакуль яна не здасць факультатыў па гэтым прадмеце. У лесе на паляваннi, асаблiва калi збiраецца група паляўнiчых, без ражка няма чаго рабiць! I мае выхаванцы гэта разумеюць, з задавальненнем займаюцца. Заняткi ў нас праходзяць i ў класе, i ў полi, i ў лесе. Вось хутка будзем рыхтавацца да атрымання спецыяльных бiлетаў "Юны паляўнiчы".

Застаецца толькi дадаць, што акрамя запрашэнняў выступiць на шматлiкiх масавых мерапрыемствах у Беларусi, музычны калектыў рыхтуецца да выступленняў у наступным годзе ў Германii, Аўстрыi, Галандыi, Францыi.

На восеньскай выставе сёлета сваю прадукцыю паказвае толькi адна рыбаводчая гаспадарка — доследны рыбгас "Сялец". Яшчэ напярэдаднi форуму ў аб'яднаннi "Белмелiявадгас" нам патлумачылi, што рыбгасы краiны зараз актыўна ўдзельнiчаюць як ва ўласна рыбных кiрмашах, так i прадаюць сваю прадукцыю ў рамках сельскагаспадарчых кiрмашоў. Менавiта там спажыўцу прапанаваны самы шырокi асартымент рыбных тавараў, знiжкi па цэнах. "Сялец" вырашыў зрабiць на выставе стаўку не на жывую рыбу, а на прадукцыю перапрацоўкi, у прыватнасцi, сушаную i вэнджаную. Цi запатрабаваная яна цяпер у айчыннага спажыўца?

— Магутнасцяў не хапае! У нас працуе адзiн цэх, для якога рыбгас набыў дзве iмпартныя камеры-вяндлярнi — для гарачага i халоднага вэнджання. Дык вось, калi за суткi вырабляецца 400—500 кiлаграмаў гатовай прадукцыi, дэфiцыт пры гэтым складае яшчэ 200—300 кiлаграмаў, — смяецца ў адказ намеснiк дырэктара ААТ "Доследны рыбгас "Сялец" Сяргей СТАЛЬМАШУК, пакуль прадавец Маргарыта МУРАШЧАНКА спрытна выкладае ў вiтрыну-халадзiльнiк узоры гатовай прадукцыi. — Трэба будзе яшчэ адну камеру для халоднага вэнджання набываць. А мы ж i нарэзку да таго ж плануем вырабляць у вакуумнай упакоўцы, i балык...

Калi гаварыць пра цэны, дык на выстаўленую на выставе прадукцыю яны не адрознiваюцца ад тых, што можна ўбачыць у краме. Напрыклад, кiлаграм асятрыны халоднага вэнджання — 37,5 тысячы рублёў, сярэднi сушаны карп — крыху больш за 12 тысяч за кiлаграм, лешч буйны халоднага вэнджання — 11,6 тысячы рублёў...

— Адпачынак у санаторыях Беларусi i ў нацыянальных парках па-ранейшаму застаецца запатрабаваным. Нiякi крызiс на жаданнi людзей правесцi вольны час i падлячыцца ў тых жа санаторыях нiяк не адбiўся. У прыватнасцi, пуцёўкi да канца гэтага года ўжо раскупленыя, пераважна расiянамi, — адказаў на наша пытанне вядучы спецыялiст дзяржаўнай установы "ЦэнтрКурорт" Аляксандр ДУКО. — Просты адпачынак у нацыянальных парках таксама карыстаецца папулярнасцю. Цi дорага ён каштуе, мяркуйце самi. Скажам, калi пражыванне на базах адпачынку, што па ўзроўнi камфорту адпавядаюць тром зоркам, арыентаваны на заможнага чалавека, дык пражыванне ў катэджах адпавядае эканом-класу. На Нарачы з трохразовым харчаваннем адно месца ў двухмесным нумары ў такiм катэджы будзе каштаваць 55 тысяч у дзень, у аднамесным — 69 тысяч рублёў.

...Калекцыя паляўнiчай наразной i гладкаствольнай зброi, што экспануецца на стэндзе Рэспублiканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства паляўнiчых i рыбаловаў", прыцягне ўвагу, упэўнены, не толькi ўласна паляўнiчых. Тут будзе на што паглядзець i што паслухаць як тым, хто захапляецца гiсторыяй зброi ўвогуле, так i людзям, што цiкавяцца гiсторыяй Другой сусветнай вайны. Якая тут сувязь? А вы паслухайце далей.

Увогуле ўся калекцыя паляўнiчай наразной i гладкаствольнай зброi налiчвае больш за 80 экзэмпляраў. Некалi яна належала колiшняму таварыству, потым трапiла ў краязнаўчы музей, цяпер вось зноў выстаўляецца ў экспазiцыi сённяшняга БТПР. Канкрэтна на выставе дэманструюцца 42 стрэльбы. Ды якiя! Сярод iх ёсць узоры, якiя дайшлi да нашых дзён усяго толькi ў некалькiх адзiнках. Скажам, журналiст "Звязды" звярнуў увагу на аднаствольную пяцiзарадную рэвальверную стрэльбу сiстэмы Маўзера 12 калiбру канца ХIХ—пачатку ХХ стагоддзя.

  "Як гэта?" — спытае чытач. Прыгадайце, як выглядае рэвальвер любой сiстэмы. Памятаеце, там ёсць барабан з патронамi? Дык вось, у стрэльбе дакладна такая ж сiстэма падачы патронаў, перазарадка адбывалася за кошт аддачы ствала.

— Такiя стрэльбы выпускалiся 12, 20 i 24 калiбраў. Ужо тады, прыкладна стагоддзе таму, да такiх стрэльбаў можна было выкарыстоўваць спецыяльныя ўкладкi як для ствала, так i для барабана, што дазваляла выкарыстоўваць боепрыпасы рознага калiбру, — патлумачыў спецыялiст па зброi Павел ЧУМАКІН. — Напачатку Другой сусветнай вайны такiмi стрэльбамi былi ўзброены нямецкiя штурмавыя брыгады, калi яны вялi баi ў Францыi, Польшчы.

Побач яшчэ адзiн цiкавы экзэмпляр прыцягвае ўвагу. Гэта таксама аднаствольная пяцiзарадная стрэльба, аднак ужо шведская — "Сёгрэм". Выраблена ў Капенгагене ў 1904 годзе. Увогуле гэтая мадэль выпускалася толькi да 1908 года, за ўвесь гэты час свет пабачылi крыху больш за сто экзэмпляраў. Унiкальнасць яе ў тым, што гэта першая аўтаматычная стрэльба, яна задумвалася як першы "адказ" бельгiйскаму "Браўнiнгу". Аднак мадэль была не вельмi ўдалай, таму i выпушчана ў такой абмежаванай колькасцi. Сiстэма зараджання была зроблена такiм чынам, што падчас стральбы адводная скаба адсякала пальцы няўважлiваму стралку.

Як гэтая зброя трапiла ўвогуле ў нашу краiну i ў калекцыю ў прыватнасцi? На думку Паўла Чумакiна, хутчэй за ўсё некалi пасля Другой сусветнай вайны яе прывезлi ў якасцi трафеяў нашы дзяды i прадзеды. А ў 1970-х гадах гэтыя ўнiкальныя стрэльбы былi канфiскаваныя ў... браканьераў i перададзеныя для калекцыi.

...Падчас працы выставы па традыцыi пройдуць конкурсы "Рыбалоўны фотатрафей —2009", "Беларускiя рыбалоўныя самаробныя прылады", семiнар па асаблiвасцях фотаздымкi дзiкiх жывёл i птушак. Акрамя рыбнай прадукцыi, як мы ўжо адзначалi, ахвотныя змогуць набыць i прадукцыю з мяса дзiчыны i дзiкiх капытных, i паўфабрыкаты з гэтага мяса, а таксама мёд — усё з паляўнiчай гаспадаркi "Каралеўскае паляванне" ААТ "Барысаўскi мясакамбiнат". На выставе працуе i электронны цiр. Застаецца толькi дадаць, што наведаць яе можна будзе па 25 верасня ўключна.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Белорусы — знающая нация. Но не умеющая мыслить?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика