Як прывабiць замежных турыстаў у Беларусь?

Источник материала:  

Адказ на гэта пытанне нядаўна шукалi ўдзельнiкi прэс-экспертынгу ў прэс-цэнтры "АІФ у Беларусi"

Лiчбы

Нашу краiну за першую палову 2009 года наведала 2 млн 67 тысяч замежных грамадзян, гэта параўнальна не нашмат — прыкладна на 600 тысяч — больш за беларусаў, якiя выехалi за мяжу адпачыць. Падобныя суадносіны захоўваліся i летась: 5,3 млн замежных грамадзян прыехалi да нас i 6,2 млн беларусаў выехалi на адпачынак за мяжу.

З лiку замежных гасцей асноўную колькасць склалi грамадзяне, якiя ажыццяўлялi асабiстыя паездкi. Адметна, што сёлета колькасць тых, хто скарыстаўся паслугамi турыстычных арганiзацый, павялiчылася адносна адпаведнага перыяду 2008 года амаль на 6 працэнтаў.

— Сёння не многiя могуць гэтым пахвалiцца, — заўважыў дырэктар дэпартамента па турызме Мiнiстэрства спорту i турызму Вiктар ЯНКАВЕНКА. — Напрыклад, у Латвii колькасць арганiзаваных турыстаў зменшылася ўдвая, а ў iншых краiнах — на 15-20 працэнтаў.

Як прывабiць замежных турыстаў у Беларусь?Разам з тым, параўноўваць гэтыя лiчбы не зусiм карэктна. У многiх краiнах падлiкi, якiя датычацца турызму, вядуцца iнакш, чым у нас. Там называюць турыстамi ўсiх, хто прыбыў у краiну. А мы з тых, хто прыбыў, вылучаем турыстаў, якiя скарысталiся паслугамi турфiрмаў.

У найбольшай ступенi ўплыў сусветнага фiнансавага крызiсу адбiўся на колькасцi беларусаў, якiя праз турфiрмы выехалi за мяжу адпачыць. Колькасцi арганiзаваных беларускiх турыстаў сёлета зменшылася на 21 тысячу 100 чалавек.

— Дрэнна гэта альбо добра, сказаць цяжка, — пракаментаваў лiчбы Вiктар Янкавенка. — З аднаго боку — людзi пакiнулi грошы ў сваёй краiне, з iншага, гэта сведчыць, што людзi, на жаль, не знайшлi магчымасцi выехаць на адпачынак да мора.

Грошы

Калi турыстаў "перавесцi" на грошы, якiя яны аддалi за турпаслугi, то сёлета сiтуацыя для Беларусi склалася даволi цiкавая: экспарт фiнансавых сродкаў перавысiў iмпарт. Гэта значыць, турысты прывезлi грошай у краiну больш, чым вывезлi. Сёлета замежныя турысты пакiнулi ў Беларусi амаль 60 млн долараў — гэта на тры мiльёны больш, чым за леташнiя студзень—чэрвень. Найбольшую частку дадатковых грошай прывезлi расiяне, палякi таксама павялiчылi нашы даходы ад экспарту турпаслуг. А вось колькасць турыстаў з Лiтвы, Латвii i Украiны зменшылася.

У далёкiх краiнах цiкавасць да Беларусi таксама ўзрастае. I, як паказала практыка, гэта напрамую звязана са зручнасцю транспартных зносiнаў. Напрыклад, як толькi тры разы на тыдзень з Мiнска стаў лятаць самалёт у Абу-Дабi, да нас паляцелi турысты з Аб'яднаных Арабскiх Эмiратаў, Амана i Катара. Гэтыя тры краiны павялiчылi даходы Беларусi ад турызму прыкладна ў тры разы.

Беларусь становiцца ўсё больш цiкавай i для Англii, Германii, Iталii, апошнiм часам асаблiва — Iзраiля.

Разам з тым, на 35 працэнтаў за паўгода сёлета зменшылася колькасць транзiтных пасажыраў.

— Гэта паказчык агульнай нестабiльнай сiтуацыi ў свеце, i гэта дрэнна для нашай транзiтнай краiны, — заўважыў дырэктар дэпартамента па турызме. — Бо летась з 5,3 мiльёна наведвальнiкаў транзiтных пасажыраў было паўтара мiльёна.

Выставы

Якiм жа чынам турыстычныя кампанii могуць прываблiваць патэнцыйных турыстаў у Беларусь?

Недзяржаўная турыстычная кампанiя, якая не з'яўляецца ўладальнiкам гасцiнiц i санаторыяў, мае два асноўныя рэсурсы для прыцягнення замежных гасцей. Першы — iнтэрнэт-партал, другi — удзел у мiжнародных выставах. I калi развiццё iнтэрнэт-рэсурсу цалкам залежыць ад самiх кампанiй, то ўдзел у выставах — ад дапамогi дзяржавы.

— Раней да 50 працэнтаў выдаткаў па ўдзеле ў той альбо iншай выстаўцы брала на сябе Нацыянальнае агенцтва па турызме, — расказаў дырэктар турыстычнай кампанii "Алатан Тур" Аляксей СТРЭЛЬЧАНКА. — Аднак з лета мiнулага года дапамога дзяржавы была прыпынена, i мы прапусцiлi вельмi важныя выставы ў Маскве i Берлiне. Самастойна турфiрме ўдзельнiчаць у падобных форумах складана.

— Летась мы ўзялi ўдзел у 15 мiжнародных выставах, — патлумачыў дырэктар дэпартамента па турызме. — Але прапаноўвалi — 30! Кожны год Нацыянальнае агенцтва па турызме прапаноўвае турфiрмам удзел у выставах, у тым лiку — новых для нас. Для таго, каб удзел быў магчымым, неабходна заручыцца згодай сама мала трох фiрмаў. Сёлета, сапраўды, фiнансаванне па гэтым артыкуле скарацiлася, але не спынiлася цалкам. Так, на Берлiнскi кiрмаш турпаслуг мы, на жаль, не трапiлi, але ў лiстападзе будзем выстаўляць адзiны турыстычны стэнд ад краiны ў Лондане, потым у Варшаве.

Вiктар Янкавенка пагадзiўся, што выставы патрэбныя. Iх важнасць дэманструюць наступныя лiчбы: да ўдзелу Беларусi ў Стамбульскiм кiрмашы турыстычных паслуг на 17 беларусаў, якiя выязджалi на адпачынак у Турцыю, прыпадаў адзiн турэцкi турыст. Пасля нашага ўдзелу ў выставе, на кожныя сорак тысяч беларусаў, якiя вылятаць у Турцыю на працягу года, прылятае ў Мiнск дзесяць тысяч туркаў.

Пасольствы i Консульствы

Яшчэ адна магчымасць прывабiць замежных турыстаў у Беларусь — пасольскiя прадстаўнiцтвы нашай краiны за мяжой. Гэты рэсурс, лiчыць Аляксей Стрэльчанка, выкарыстоўваецца пакуль недастаткова. Тут усё залежыць ад асобы кiраўнiка консульскай службы. Калi яму цiкава, каб у той краiне, дзе ён працуе, лепш ведалi пра Беларусь, тады ён супрацоўнiчае з беларускiмi турфiрмамi, атрымлiвае ад iх палiграфiчныя, электронныя i iншыя матэрыялы i забяспечвае адпаведнай iнфармацыяй таго, каго яна цiкавiць. Аднак так бывае не заўсёды.

— Сёння з усёй колькасцi пасольскiх прадстаўнiцтваў Беларусi за мяжой не больш за палову клапоцяцца аб садзейнiчаннi ўязнога турызму ў нашу краiну, — сказаў дырэктар турыстычнай кампанii. — Пра чалавечы фактар кажа наступны прыклад: да нядаўняга часу ў нас амаль не было турыстычных сувязяў з Малдовай. Аднак, як толькi там з'явiўся новы кiраўнiк пасольства, высветлiлася, што для многiх у гэтай краiне Беларусь цiкавая.

Праблемы

Калi казаць пра перашкоды для павелiчэння ўязнога турызму, то iх можна падзялiць на заканадаўчыя i бюракратычныя, лiчаць эксперты.

— Перш за ўсё мы павiнны пазбавiцца ад турыстычнага ваўчара, — упэўнены Аляксей Стрэльчанка. — Калi ён ужо па выязным турызме з'яўляецца глыбокiм атавiзмам, то па ўязным — гэта ў прынцыпе невыканальная рэч. Да нас па iнтэрнэт-рэсурсу звяртаецца замежны грамадзянiн, робiць аплату, не выходзячы ў сваёй краiне з-за свайго працоўнага стала, а мы абавязаны выслаць яму ваўчар, якi складае 9 аркушаў i ў якiм ён павiнен распiсацца i выслаць нам назад. Хто-небудзь верыць, што замежны грамадзянiн будзе гэта рабiць?

Рэспублiканскi саюз турыстычных арганiзацый, якi аб'ядноўвае каля 30 фiрмаў, пры падтрымцы Мiнiстэрства спорту i турызму актыўна змагаецца за лiквiдацыю працэдуры ваўчара. У вынiку сёння ўзгадняюцца з Саветам Мiнiстраў прапановы па скасаваннi паняцця "турыстычны ваўчар" у Законе аб турызме.

— Прапануецца зрабiць, як ва ўсiм свеце: заключаць дагавор на аказанне паслуг памiж дзвюма фiрмамi, альбо фiрмай i фiзiчнай асобай, — пракаментаваў Вiктар Янкавенка. — Аднак пакуль не ўсе мiнiстэрствы нашу прапанову ўзгаднiлi.

Другая перашкода на шляху замежных турыстаў — дарагая вiза ў Беларусь. Асаблiва ў параўнаннi з вiзамi ў iншыя краiны. Кошт беларускай вiзы залежыць не толькi ад таго, грамадзянiнам якой краiны з'яўляецца госць, але i ад мэты прыезду, што выклiкае нязручнасцi i спекуляцыi.

— Нам патрэбная ў гэтым пытаннi заканадаўчая ўнiфiкацыя i захаванне прынцыпу адэкватнасцi, — лiчыць дырэктар "Алатан Тура".

У якасцi прыкладу перашкод у развiццi турызму з боку чыноўнiкаў, Аляксей Стрэльчанка расказаў пра сiтуацыю, калi консульскi пункт у аэрапорце адмовiўся абслугоўваць па вiзавай падтрымцы грамадзян, якiя прыбылi на чартарным рэйсе.

— Мне незразумела таксама, чаму чалавек з турыстычнай вiзай не можа заказаць вiп-залу ў выпадку аплаты? — працягнуў кiраўнiк турфiрмы. — Вiп-зала — гэта ж камерцыйная паслуга, мэта якой — зарабiць грошы. Вiп-зала дазваляе больш камфортна прабавiць час у чаканнi вылету альбо дастаўкi багажу i праходжання пашпартнага кантролю. Яна каштуе немалых грошай, але чамусьцi нашы чыноўнiкi вырашылi, што карыстацца ёй могуць толькi дзелавыя госцi i афiцыйныя дэлегацыi, але не турысты. Я ўжо не кажу пра тое, што абслугоўванне ў нашых вiп-залах не самае лепшае, што там працуе персанал, якi не валодае замежнымi мовамi. Гэта — нонсэнс, але падобнае сустракаецца на кожным кроку.

Удзельнiкi прэс-экспертынгу прыйшлi да высновы, што для таго, каб значна павялiчыць паток замежных турыстаў, неабходна стварыць палегчаны, па самых простых дакументах, i недарагi ўезд iншаземцаў у Беларусь. Важна дадаць да гэтага адукаваны абслуговы персанал у аэрапортах, вакзалах, гасцiнiцах. Асобная тэма — паказальнiкi i iнфармацыйныя стэнды.

— Сёння, на жаль, ва ўсiх удзельнiкаў турыстычнага рынку няма яшчэ поўнага разумення таго, што турызм патрэбна развiваць агульнымi намаганнямi, i не толькi ўкладаць грошы, але i дапамагаць адно аднаму, — падкрэслiў начальнiк аддзела маркетынгу i выдавецкай дзейнасцi Нацыянальнага агенцтва па турызме Валерый БОЛДЫРАЎ. — Скажам, калi гасцiнiца дае iнфармацыю сваiм пастаяльцам пра экскурсii, туры, забаўляльныя праграмы i ўстановы ў горадзе i наваколлi, яна стымулюе паўторнае наведванне гэтым чалавекам нашай краiны альбо больш доўгае знаходжанне яго на нашай тэрыторыi.

Сёння турыстычныя карты можна атрымаць толькi ў буйных i досыць дарагiх гасцiнiцах. Турыстычных знакаў, якiя да таго ж не адпавядаюць патрабаванням Сусветнай турыстычнай арганiзацыi, усталявана крайне недастаткова. У Мiнску такiх знакаў каля 2-3-дзясяткаў, на дарогах рэспублiканскага значэння — 411, на мясцовых дарогах — 369. У той час, як аб'ектаў, якiя ўваходзяць у спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусi, — каля 5 тысяч. I да кожнага з iх вядуць 2-3 дарогi.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

←В Минске открылось представительство Немецкой ассоциации народных университетов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика