У чатырох банках — iльготнае спажывецкае крэдытаванне

Источник материала:  

ААТ "ААБ Беларусбанк", ААТ "Белiнвестбанк", ААТ "БПС-Банк" i ААТ "Белаграпрамбанк" крэдытуюць насельнiцтва для набыцця найбольш папулярных айчынных тавараў на льготных умовах. На сёння крэдыты выдаюцца па 20 таварных пазiцыях, сярод якiх — бытавая тэхнiка, электратэхнiка, мэбля, дывановыя вырабы i г.д., але гэты пералiк можа пашырыцца, калi крэдыты будуць карыстацца павышаным попытам, заўважыў на прэс-канферэнцыi намеснiк старшынi Праўлення ААТ "Белаграпрамбанк" Генадзь Сысоеў.

Намеснiк мiнiстра гандлю Уладзiмiр Калтовiч падкрэслiў, што льготнае спажывецкае крэдытаванне ажыццяўляецца згодна з Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 371 "Аб iльготным спажывецкiм крэдытаваннi", якi ўвайшоў у сiлу 9 жнiўня гэтага года. Па сутнасцi, размова iдзе пра адну з мераў стымулявання спажывецкага попыту, павелiчэння гандлёвага абароту айчынных тавараў i адначасовага задавальнення патрэбаў спажыўцоў.

Схема згаданага вышэй крэдытавання даволi простая. Па-першае, iльготны крэдыт — тэрмiнам да трох гадоў па стаўцы 10 працэнтаў — выдаецца малазабяспечаным грамадзянам. Гэта значыць, грамадзянам, у якiх сярэднямесячны сукупны даход на кожнага члена сям'i за апошнiя перад заключэннем крэдытнага дагавора тры месяцы не перавышае трохразовага сярэднемесячнага сярэднядушавога мiнiмальнага спажывецкага бюджэту сям'i з чатырох чалавек — 1136 тысяч рублёў. Iншымi словамi, калi ў найблiжэйшыя да намеру скарыстацца льготным крэдытам месяцы даход на аднаго члена сям'i складаў, напрыклад, не менш за 800 тысяч рублёў, то такому спажыўцу любы са згаданых банкаў можа адкрыць крэдытную лiнiю ў максiмальнай суме — 10,5 млн рублёў.

Са свайго боку банк патрабуе заяву, звесткi аб сукупных даходах заяўнiка i членаў яго сям'i, даведку з месца жыхарства аб складзе сям'i, анкету на паручыцеля. Аб падрабязнасцях можна даведацца на сайтах мiнiстэрства гандлю i банкаў. З таго моманту, як у адным з чатырох банкаў будзе адкрыта крэдытная лiнiя, яго карыстальнiк можа на працягу 30 дзён разважаць над тым, што яму набыць у межах да 10,5 млн руб. Як толькi выбар зроблены, давядзецца прынесцi ў банк разлiк-фактуру i безнаяўным чынам пакупка будзе аплачана.

Найбольш актыўна льготныя крэдытныя лiнii адкрываюцца пакуль у ААТ "ААБ Беларусбанк", з якiм ужо заключана звыш 550 адпаведных дамоўленасцяў. Аналiз апошнiх паказвае, што падобная форма набыцця айчынных тавараў у большай ступенi прываблiвае рэгiёны, у меншай — жыхароў сталiцы. Найчасцей да льготнага спажывецкага крэдытавання насельнiцтва звярталася пры набыццi мэблi, радзей — халадзiльнiкаў i маразiльнiкаў, тэлевiзараў, пральных машын i г.д.

Святлана БАРЫСЕНКА.

←В Минске открылось представительство Немецкой ассоциации народных университетов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика