Як бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі (Фота)
19 верасьня 1991 года Вярхоўны Савет Беларусі надаў Бел-Чырвона-Беламу Сьцягу і гербу «Пагоня» статус дзяржаўных сымбаляў.
Але перш чым прыгадаць падрабязнасьці таго паседжаньня – колькі слоў пра даволі распаўсюджаны міт, зьвязаны з цяперашнім кіраўніком дзяржавы.
Пачатак нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, на якой была абвешчана незалежнасьць Беларусі, 24 жніўня 1991 г. (са сьцягам – Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк, Вольга Галубовіч).
24 жніўня 1991 году, перад пачаткам скліканай на патрабаваньне Апазыцыі БНФ надзвычайнай сэсіі, мы сабраліся ў пакоі апазыцыі на трэцім паверсе Дома ўраду. Цікава, што ніхто з маіх калег, дэпутатаў-фронтаўцаў, зь цяжкасьцю ўзгадвае дэталі дзьвюх папярэдніх дзён – 22-га і 23-га жніўня, пасьля правалу ГКЧП і перад сэсіяй. У маёй памяці таксама гэтыя два дні (і ноч) зьліліся ў адно – мы правялі іх у пакоі апазыцыі. Рыхтавалі праекты дакумэнтаў, датычныя наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, стварэньня інстытуцыяў незалежнай дзяржавы, забароны КПБ-КПСС.
Калі надышоў час ісьці на сэсію, Галіна Сямдзянава ўзяла Бел-Чырвона-Белы Сцьяг. Яна пранесла яго праз калідор трэцяга паверха, потым па калідоры другога паверха каля кабінэту старшыні ВС Дземянцея – да фае перад Авальнай заляй. Зянон Пазьняк папрасіў перадаць сьцяг Валянціну Голубеву, і Валянцін унёс яго за крэслы прэзыдыюму, паставіўшы побач са сьцягам БССР.
Валянцін Голубеў з Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Зьлева - старшыня ВС Мікалай Дземянцей і яго намесьнік Васіль Шаладонаў
Пазьняк падышоў да мікрафону: «Паважаны Прэзыдыюм, просьба ад дэпутатаў Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту прымацаваць побач зь дзяржаўным сьцягам Беларускай ССР нацыянальны сьцяг Беларусі. Права на гэта нам дае наша гісторыя і Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі».
Варта сказаць, што камуністычная большасьць прыехала на сэсію перапалоханая – яшчэ некалькі дзён таму іхні штаб, ЦК КПБ, падтрымаў антыканстытуцыйны ГКЧП, на сходах адкрыта патрабавалі выгнаць парткамы з прадпрыемстваў, забараніць кампартыю. Але тут некаторыя імгненна паўскоквалі зь месцаў – «Непорядок! Зачем этот флаг?». Дземянцей паставіў пытаньне на галасаваньне – толькі 107 дэпутатаў прагаласавалі «за» (патрэбна было 173).
Узьнікала небясьпека псыхалягічнай перамогі камуністаў, што магло фатальна адбіцца і на пытаньнях аб Незалежнасьці; Голубеў вынес сьцяг са сцэны і паставіў яго ў «менскім» сэктары. Пазьняк адразу запатрабаваў, каб Дземянцей, які «падтрымаў хунту», ня вёў сэсію, а перадаў гэтае права свайму першаму намесьніку Шушкевічу.
Сэсія пайшла па нашым сцэнары.
Потым бел-чырвона-белы сьцяг быў вернуты на сцэну, а назаўтра Беларусі была вернутая Незалежнасьць.
Вытокі аднаго міта
У другі дзень сэсіі здарыўся эпізод, які, відаць, і стаў нагодай міту, што нібыта Лукашэнка ўнёс у Авальную залю ВС Бел-Чырвона-Белы Сьцяг (а некаторыя журналісты яшчэ пішуць -- "першым унёс"). Яшчэ перад сэсіяй БНФ заклікаў людзей прыйсьці на плошчу перад Домам ураду, каб падтрымаць дэпутацкую апазыцыю. Сабралася некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, над якімі луналі сотні Бел-Чырвона-Белых Сьцягоў. У перапынку паседжаньня, вяртаючыся з гатэлю «Менск», касманаўт Уладзімер Кавалёнак ўзяў у некага на плошчы нацыянальны сьцяг і прынёс яго у Авальную залю. Разам з Кавалёнкам ішлі Інэса Драбышэўская (пазьней – міністар аховы здароўя ў першым лукашэнкаўскім урадзе, яшчэ пазьней -- «сэнатар») і Аляксандар Лукашэнка.
У гады дэпутацтва Лукашэнка ня тое што не выказваў сымпатыяў да нацыянальных сымбаляў – ён імі адкрыта, падкрэсьлена пагарджаў. Ня памятаю, каб ён насіў дэпутацкі бел-чырвона-белы значок, які выдалі кожнаму дэпутату ў пачатку 1992 году. Затое дакладна з 1993 года на ягоным пінжаку быў стары значок з «бэсэсэраўскім» зялёна-чырвоным сьцягам – гэта добра бачна і на фотаздымках пэрыяду прэзыдэнцкай кампаніі 1994 г. Так што калі некаторыя былыя паплечнікі Лукашэнкі кажуць, што зьмена сымболікі ў 1995 годзе для іх была нечаканасьцю, яны хітруюць.
Кожны голас быў вызначальным
У верасьні 91-ага адкрылася наступная сэсія, і Апазыцыя БНФ ўнесла ў парадак дня пытаньне аб наданьні «Пагоні» і Бел-Чырвона-Беламу Сьцягу статусу дзяржаўных сымбаляў.
24 жніўня 1991 г. У прэзыдыюм Вярхоўнага Савету дэпутатамі Апазыцыі БНФ унесены Бел-Чырвона-Белы Сьцяг (Галіна Сямдзянава).
Эталён Сьцягу і Гербу на просьбу Пазьняка распрацаваў мастак Яўген Кулік, яму дапамагалі Уладзімер Крукоўскі, Лявон Бартлаў і Мікола Купава.
У фае перад Авальнай заляй мы разьмясьцілі стэнды пра гісторыю нацыянальных сымбаляў – для большасьці дэпутатаў гэтая інфармацыя была адкрыцьцём.
Якраз 19 верасьня на запросіны ВС Малдовы мы з дэпутатам Міхаілам Сьлямнёвым павінны былі ляцець у Кішынёў на выбары ў якасьці назіральнікаў. Але раніцай я ня стаў складваць валіску і сказаў жонцы, што нікуды, хутчэй за ўсё, не палячу – бо наўрад ці пасьпеем прагаласаваць да вылету. Перад паседжаньнем пайшоў да Шушкевіча – і ў ягонай прыёмнай сустрэў Сьлямнёва. Ён таксама вырашыў адмовіцца ад паездкі. Аргумэнт быў адзін – мы не даруем сябе, калі нашых галасоў ня хопіць. Шушкевіч пагадзіўся.
Па праўдзе, мне падавалася, што галасоў павінна хапіць – проста не хацелася прапусьціць такое гістарычнае паседжаньне. Але сытуацыя аказалася больш драматычнай, чым ўяўлялася спачатку.
За тры тыдні, якія прайшлі ад папярэдняй сэсіі, дэпутаты камуністычных перакананьняў адышлі ад пасьляпутчаўскага шоку і пачалі рыхтавацца да рэваншу. Цэнтрам палітычнай сілы намэнклятуры пасьля ліквідацыі ЦК КПБ рабіўся Саўмін (нагадаю, што ў тыя дні Кебіч канкураваў з Шушкевічам за пасаду старшыні ВС). Кебіч тады не выступаў супраць нацыянальных сымбаляў, але і не падтрымліваў іх (зусім магчыма, што ён хацеў уцягнуць нас у гандаль: ён падтрымоўвае Сьцяг і «Пагоню», а мы – яго).
Шмат якія дэпутаты вагаліся. Вельмі станоўча паўплывалі на настроі залі выступы прэзыдэнта Акадэміі Навук Уладзімера Платонава і асабліва -- Георгія Таразевіча (у той момант ён быў членам Прэзыдыюму ВС СССР, яшчэ за паўтары гады перад гэтым – старшынём Прэзыдыюму ВС БССР, а да гэтага мэрам Менску. Намэнклятура ўспрымала яго як «свайго» і верыла яму).
Сапраўды, Сьцяг і Герб былі прынятыя «голас у голас» – калі хаця б аднаго не хапіла, пытаньне давялося б адкласьці, магчыма, да наступнай сэсіі (праз некалькі месяцаў сытуацыя для станоўчага рашэньня была ўжо неспрыяльная; ды што месяцы, ўжо на наступны дзень некаторыя дэпутаты камуністычных перакананьняў паспрабавалі аспрэчыць рашэньне). Канешне, кожны з дэпутатаў, якія галасавалі «за», можа абсалютна справядліва лічыць менавіта свой голас «вызначальным».
І ўсё ж, быў адзін голас, які сапраўды вызначыў вынікі галасаваньня.
Вось як пра гэта прыгадвае Зянон Пазьняк: «Перад галасаваньнем я падышоў да аднаго дэпутата-вэтэрана з Менску, узяў яго за руку і сказаў: «Мы з Вамі розных палітычных поглядаў, але і Вы, і я – беларус. Мы павінны працаваць дзеля Беларусі. Калі ласка, прагаласуйце за Герб і Сьцяг. Я Вас вельмі прашу». Ён памаўчаў, а потым адказаў – «Добра. Я Вам абяцаю, што прагаласую». І сапраўды, прагаласаваў».
Тым дэпутатам быў Міхаіл Жукоўскі – былы намесьнік старшыні менскага гарвыканкаму, у той момант – старшыня Камісіі па справах вэтэранаў і член Прэзыдыюму ВС. І да гэтага, і пасьля гэта, і як «просты» дэпутат, і як член Прэзыдыюму Жукоўскі галасаваў зусім ня так, як галасавалі дэмакратычныя дэпутаты. Але ў той гістарычны дзень ён сапраўды падтрымаў Беларусь.
За больш як дваццаць гадоў знаёмства з Пазьняком я толькі аднойчы бачыў на ягоных вачах сьлёзы – увечары 19 верасьня 1991 году, калі на таблё высьвецілася лічба станоўчага рашэньня, і нацыянальныя сымбалі набылі статус дзяржаўных.
…Калі-небудзь мы даведаемся імя дэпутата, які ўнясе Бел-Чырвона-Белы Сьцяг у парлямэнт вызваленай ад дыктатуры Беларусі. Магчыма, гэта будзе нехта з тых сёньняшніх маладых, якіх зьбіваюць, арыштоўваюць і штрафуюць за вывешваньне нацыянальнага сымбалю на вуліцах нашых гарадоў.
Першая паштовая марка Рэспублікі Беларусь