Межы, або чэрнець — пераходная фаза Месяца
"Не ляжы на мяжы, хваробу наклiчаш" — безумоўна, у прыказцы iдзе размова пра тую мяжу, якая падзяляла поле, луг, або сваю i чужую гаспадаркi. У народнай культуры ўсходнiх славян месца разрыву, мяжа заўсёды надзялялiся негатыўнымi якасцямi, шкоднымi як для людзей, так i яго жывёлы. І, можа, зусiм невыпадкова той нябачны воку, а значыцца, непрадбачаны для чалавека стан Месяца, калi ён "перанараджаецца", каб зноў з'явiцца на небе, у беларусаў таксама называецца "межы" — тая ж самая мяжа памiж "маладым" i "старым" Месяцам.
Межы — пераходная фаза Месяца — успрымалiся ў народнай свядомасцi вельмi адмоўна. Адна з прычын — адсутнасць начнога свяцiла на небасхiле. Нашы продкi верылi ў тое, што ў гэты час Месяц вяртаецца з таго свету — свету памерлых. Нездарма Месяц называлi Сонцам "замагiльнага свету", а значыць ён мог прыцягнуць да чалавека адмоўную энергетыку.
Калi Бог не глядзiць на зямлю нiводным вокам (а мы ўжо казалi, што ў народным асяроддзi Месяц i Сонейка лiчылi вачыма Бога), гэта спрыяе нячыстай сiле — ведзьмакам, чарадзеям, нячысцiкам i да т.п. — тварыць свае "цёмныя", а значыць, не асвечаныя нi Сонцам, нi Месяцам справы.
Калi разглядаць гаспадарчую цi магiчна-абрадавую дзейнасць чалавека ў дачыненнi да фазаў Месяца, то тут дамiнаваў фундаментальны прынцып народнай культуры "падобнае выклiкае падобнае". Адсутнасць свяцiла ў начным небе, т.зв. "касмiчная пустата", магла справакаваць "пустату" ў любой сферы дзейнасцi чалавека. Адна з назваў гэтай фазы месяца, якая прыжылася на Палессi, — "пустыя днi". Адсюль узнiкла нямала прадказанняў i папераджальных правiлаў народнай культуры наконт выканання нейкай працы або, наадварот, парада перачакаць гэты няпросты час.
Аксана Катовiч, Янка Крук.
Каментарыяў: 0 Даслаць каментарый |