Крыжовы шлях нацыянальнага Ўз'яднання

Источник материала:  

Пра 1939 год, пра ўз'яднанне Заходняй i Усходняй Беларусi, пра лёс Беларусi i беларускага народа разважае Аляксандр КаваленЯ, дырэктар Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi.

Перамовы СССР, Англіі і Францыі працягвалiся да 21 жнiўня, але пазiтыўных рашэнняў не знаходзiлася. Начальнiк штаба Чырвонай Армii Б.М. Шапашнiкаў вымушаны быў 15 жнiўня прама заявiць, што СССР гатовы выставiць супраць агрэсара ў Еўропе 136 дывiзiй, 5 тысяч гармат, 9-10 тысяч танкаў i каля 5,5 тысяч самалётаў. Былi прапанаваныя тры варыянты сумесных дзеянняў. Паўстала праблема пропуску праз польскую тэрыторыю савецкiх войскаў у выпадку ваеннай неабходнасцi. Польскiя ўлады негатыўна паставiлiся да такой прапановы. Для савецкага кiраўнiцтва стала вiдавочным нежаданне ўдзельнiкаў перагавораў дасягнуць пазiтыўных i хуткiх вынiкаў. Перамовы зайшлi ў тупiк.

Крыжовы шлях нацыянальнага Ўз'яднанняНа жаль, з тупiка перамовы так i не выйшлi, а ваенныя магчымасцi адпору агрэсiўным намерам фашысцкага блоку тады ў сусветнай супольнасцi былi больш чым значныя, патрабавалiся проста палiтычная воля i жаданне не дапусцiць ваеннага пажару...

— Напэўна, няўдачы англа-французска-савецкiх перамоў падштурхнулi да перамоў памiж СССР i Германiяй?..

— У сiтуацыi, якая склалася, СССР вымушаны быў шукаць альтэрнатыву, каб не апынуцца ў мiжнароднай iзаляцыi. Крынiцы сведчаць, што савецка-французка-англiйскiя перамовы ў Маскве прымусiлi германскае палiтычнае кiраўнiцтва актывiзаваць усходнюю палiтыку. Гiтлер патрабаваў ад Рыбентропа высветлiць магчымасць заключэння з СССР дагавора аб ненападзе. Першая спроба была зроблена 3 жнiўня, аднак савецкае кiраўнiцтва адхiлiла германскую прапанову. Нацысцкiя лiдары актывiзуюць дзейнасць у напрамку ўзмацнення германска-савецкiх адносiнаў. Праз германскага пасла ў СССР Шуленбурга паведамляецца, што Англiя спрабуе ўцягнуць Савецкi Саюз у вайну з Германiяй. Ужо 14 жнiўня 1939 года мiнiстр замежных спраў Германii накiроўвае В.М. Молатаву тэлеграму, у якой паведамляе, што ён мае магчымасць прыбыць у Маскву для сустрэчы з вышэйшым палiтычным кiраўнiцтвам СССР. У адказ савецкi мiнiстр замежных спраў В.М. Молатаў 16 жнiўня паведамiў пра магчымасць заключэння германска-савецкага дагавора. Настойлiвасць германскага боку нарастае. 19 жнiўня германскi пасол Шуленбург зноў сустракаецца з В.М. Молатавым i перадае пажаданне ад Рыбентропа яшчэ да пачатку канфлiкту памiж Германiяй i Польшчай высветлiць узаемаадносiны памiж СССР i Германiяй.

Савецкае кiраўнiцтва пагадзiлася прыняць германскага мiнiстра замежных спраў 26—27 жнiўня. Аднак у справу падключыўся асабiста германскi фюрэр. Гiтлер накiроўвае 21 жнiўня тэлеграму Сталiну, у якой, спасылаючыся на нецярпiмае напружванне памiж Германiяй i Польшчай, просiць прыняць мiнiстра замежных спраў у аўторак, 22 жнiўня, але не пазней за сераду, 23 жнiўня. I пры гэтым падкрэслiвае, што "мiнiстр замежных спраў мае ўсе неабходныя i неабмежаваныя паўнамоцтвы, каб скласцi i падпiсаць як пакт аб ненападзе, так i пратакол".

Згода была атрымана i германскi мiнiстр замежных спраў I. Рыбентроп прыбыў 23 жнiўня 1939 года ў Маскву. Пасля перамоў вечарам 23 жнiўня быў падпiсаны германска-савецкi дагавор аб ненападзе тэрмiнам на 10 гадоў. Адначасова быў падпiсаны "сакрэтны дадатковы пратакол". У iм у "строга канфiдэнцыяльным парадку агаворвалася пытанне аб размежаваннi сфераў узаемных iнтарэсаў ва Усходняй Еўропе".

— I як гэты дагавор можна ацанiць?

— Як вынiкае з тэкста дакументаў, пагадненне давала Савецкаму Саюзу пэўныя гарантыi бяспекi. Важна падкрэслiць, што нi дагавор аб ненападзе, нi прыкладзены да яго сакрэтны дадатковы пратакол не ўтрымлiвалi артыкулаў аб ваенным супрацоўнiцтве дзвюх краiн i не абавязвалi весцi баявых дзеянняў супраць трэцiх краiн, альбо дапамагаць у выпадку ўдзелу адной з iх у ваенным канфлiкце. Дасягнутыя дамоўленасцi памiж СССР i Германiяй не рабiлi iх саюзнiкамi нi фармальна, нi фактычна, хоць некаторыя аўтары iмкнуцца сёння даказваць адваротнае.

Германска-савецкi дагавор з'явiўся вынiкам крызiсу мiждзяржаўных адносiнаў у перадваенны перыяд, якi завяршаў яго фазу як дыпламатычны i палiтычны акт, прычым ён з'яўляўся плодам крызiсу, а не яго прычынай. Не з'яўляўся ён нiчым экстраардынарным з пункту гледжання палiтычнай практыкi i маралi таго часу, асаблiва, калi яго параўнаць з мюнхенскiм пактам.

На мой погляд, дастаткова рэалiстычна ацэньваў германска-савецкiя дагаворы сучаснiк тых няпростых падзей У. Чэрчыль. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў мемуарах ён адзначаў: "Немагчыма сказаць, у каго ён выклiкаў большую агiду — у Гiтлера цi Сталiна. Абодва разумелi, што гэта магло быць часовай мерай, прадыктаванай абставiнамi. Антаганiзм памiж дзвюма iмперыямi i сiстэмамi быў смяротны. Сталiн, без сумнення, меркаваў, што Гiтлер будзе менш небяспечным ворагам для Расii пасля года вайны супраць заходнiх краiн. Гiтлер дзейнiчаў сваiм метадам "па адным". Той факт, што такая дамова была магчымай, сведчыць пра ўсю глыбiню правалу англiйскай i французскай дыпламатыi за некалькi гадоў".

Сёння крытыкi германска-савецкага дагавора спрабуюць сцвярджаць, што менавiта яго заключэнне падштурхнула Германiю напасцi на Польшчу. Дакументальныя крынiцы, якiя адкрылiся, сведчаць, што яшчэ ў пачатку красавiка 1939 года Гiтлер аддаў загад распрацоўваць план ваеннага разгрому Польшчы. Ужо 28 красавiка Германiя анулявала дагавор з Польшчай аб ненапа-
дзе, а германскi генштаб прыступiў да заключнага этапа распрацоўкi плана "Вайс". Галоўнакамандуючы германскiмi сухапутнымi сiламi генерал Браўхiч 15 чэрвеня падпiсаў дырэктыву аб нападзе на Польшчу. 22 жнiўня 1939 года германскi фюрэр аддаў распараджэнне перш за ўсё разграмiць Польшчу.

Як бачна, гэтыя ўказаннi прагучалi яшчэ ў той час, калi Рыбентроп не прыбыў у Маскву для падпiсання дагавора. Лёс польскай дзяржавы быў прадвызначаны незалежна ад таго, быў падпiсаны германска-савецкi пакт цi не. Зразумела, у той час iдэi гуманiзму i справядлiвасцi не авалодалi яшчэ розумам дзяржаўных дзеячаў. Многiя мiждзяржаўныя праблемы вырашалiся з пазiцыi сiлы, вузкiм колам заходнiх палiтыкаў, якiя, з iх амбiцыямi i эгаiзмам, дзейнiчалi паводле свайго разумення i не лiчылiся з iнтарэсамi народаў.

Завышаная самаацэнка, празмерная самаўпэўненасць, паталагiчная бескампрамiснасць i запраграмаванасць на барацьбу, на вырашэнне iдэi сусветнага панавання германскай нацыi падштурхоўвалi Гiтлера да прыняцця крымiнальна-небяспечных рашэнняў. 31 жнiўня 1939 года ён падпiсаў дырэктыву аб нападзе на Польшчу.

Вайна з Польшчай пачалася 1   верасня 1939 года. Нягледзячы на мужнае супрацiўленне польскiх салдатаў i афiцэраў, германская армiя, валодаючы вялiкай ваеннай перавагай, акупавала да 16 верасня большую частку тэрыторыi Польшчы i выйшла на "лiнiю Керзана" — прыкладную мяжу рассялення палякаў, з аднаго боку, i ўкраiнцаў i беларусаў, з другога, якая была вызначана Пражскай мiрнай канферэнцыяй яшчэ ў 1919 г. Польскi ўрад 16 верасня пакiнуў краiну, эмiграваўшы ў Румынiю, а затым у Лондан. Францыя i Англiя аб'явiлi 3 верасня вайну Германii, але бяздзейнiчалi. Нямецкi вермахт грамiў польскiя войскi i мiрных жыхароў, кiнутых сваiмi саюзнiкамi пад гусенiцы нямецкiх танкаў.

— Цi праўда, што Савецкi Саюз сам праявiў iнiцыятыву адправiць войскi насустрач немцам?

— Кiраўнiцтва Германii не толькi ўважлiва сачыла за развiццём сiтуацыi ў СССР, але нават усяляк падштурхоўвала савецкае кiраўнiцтва да актыўных дзеянняў супраць Польшчы. Ужо 3 верасня германскi пасол у СССР Ф. Шуленбург высвятляў у В.М. Молатава пазiцыю СССР пра магчымае ўвядзенне войскаў Чырвонай Армii ў зону ўплыву, якая была вызначана германска-савецкiм пактам аб ненападзе. Дзейнасць палiтычнага кiраўнiцтва Савецкага Саюза ў гэты перыяд была даволi асцярожнай. Нацiск германскага кiраўнiцтва пастаянна ўзрастаў. Нацысцкiя лiдары iмкнулiся хутчэй уцягнуць СССР у ваенны канфлiкт з Польшчай. Кiраўнiцтва Германii пастаянна давала знаць, што чакае актыўных дзеянняў. У Маскве ўсяляк iмкнулiся адцягнуць час, каб не быць улiчанай мiжнароднай супольнасцю ў прамой падтрымцы германскай агрэсiўнай палiтыкi. 5 верасня В.М. Молатаў вымушаны быў заявiць, што СССР лiчыць, што час яшчэ не прыйшоў. Аднак нацысцкiя лiдары працягвалi падштурхоўваць Савецкi Саюз да актыўных ваенных дзеянняў.

Прыбягаючы да дыпламатычнага лавiравання i запэўнiвання пра неабходнасць падрыхтоўкi войскаў Чырвонай Армii, нечаканасць такога iмклiвага наступлення вермахта, СССР усяляк адцягваўся ўвод савецкiх войскаў у заходнiя рэгiёны. На чарговай сустрэчы Молатава i Шуленбурга 10 верасня савецкi мiнiстр адзначыў, што ў сувязi з прасоўваннем нямецкiх войскаў i развальваннем Польшчы Савецкi Саюз павiнен прыйсцi на дапамогу ўкраiнцам i беларусам. Заява прадэманстравала, што для СССР баявыя дзеяннi супраць польскай армii не з'ўляюцца галоўнымi, найважнейшай задачай — ажыццявiць уз'яднанне этнiчных тэрыторый, на якiх пражывалi ў сваёй большасцi беларусы i ўкраiнцы.

Сродкi масавай iнфармацыi СССР, БССР, УССР разгарнулi шырокую агiтацыйна-прапагандысцскую апрацоўку насельнiцтва. У цэнтральных газетах "Правда" i "Известия", а таксама ў рэспублiканскiх "Звязда" i "Советская Белоруссия" сталi рэгулярна змяшчацца матэрыялы пра цяжкi лёс беларусаў на акупаванай Польшчай тэрыторыi. Рабiлася шмат, каб падрыхтаваць жыхароў да ўвядзення войскаў Чырвонай Армii ў заходнiя рэгiёны СССР.

Толькi 11 верасня быў аддадзены загад аб стварэннi Беларускага i Украiнскага франтоў, была аб'яўлена мабiлiзацыя рэзервiстаў. Але i гэтыя дзеяннi савецкага боку не задавальнялi германскiх "партнёраў". Каб прымусiць СССР увесцi войскi ў заходнiя вобласцi Беларусi i Украiны, нацысцкiя лiдары выкарысталi палiтычны шантаж. У Маскву было накiравана пасланне, у якiм гаварылася, што Германiя прыпынiць наступленне супраць Польшчы, а на яе ўсходнiх землях будуць створаны буферныя дзяржавы (беларуская i ўкраiнская). У адказ у Берлiн была накiравана таксама жорсткая заява, у якой падкрэслiвалася, што ў выпадку прыняцця германскiм бокам такога рашэння, Савецкi Саюз наогул не распачне ваенных дзеянняў.

Развiццё падзей змусiла СССР да больш актыўных ваенных дзеянняў. Ужо 16 верасня армii Беларускага (камандуючы М.П. Кавалёў) i Украiнскага (камандуючы С.К. Цiмашэнка) франтоў былi разгорнуты i падрыхтаваны для вызваленчага паходу. Усяго было 60 стралковых, 13 кавалерыйскiх дывiзiй i 18 танкавых брыгад, на ўзбраеннi якiх было 5467 сярэднiх i цяжкiх гармат, 6096 танкаў i 3727 самалётаў...

— Дарэчы, у савецка-германскай дамове былi ўсё-ткi станоўчыя перш за ўсё для нас, беларусаў, моманты цi не?

— Я лiчу, што нельга канцэнтраваць увагу толькi на адмоўных момантах гэтага дагавора. Рэалiзацыя пагаднення дазволiла не толькi ажыццявiць уз'яднанне беларускага народа, замацаваць тэрытарыяльную цэласнасць БССР, але i аднавiць гiстарычную справядлiвасць, лiквiдаваць нацыянальную знявагу беларусаў. Перад працоўнымi заходнiх абласцей адкрылiся перспектывы развiцця гаспадарчага жыцця, навукi, культуры, займацца стваральнай працай у адзiнай дзяржаве на карысць усяго беларускага народа.

Нагадаю, што згодна з рашэннямi Рыжскага дагавора, польскiя кiруючыя колы абавязвалiся забяспечваць для ўсiх нацыянальных меншасцяў роўныя палiтычныя правы i свабоднае развiццё культуры i веравызнання. Аднак польскiя ўрадавыя колы i не дбалi пра выкананне палажэнняў дагавора. Прыгожы лозунг "За вашу i нашу свабоду!", якi прапанавалi i шырока прапагандавалi польскiя рэвалюцыйныя сiлы ў час барацьбы з расiйскiм царызмам, аказаўся зусiм забытым. Сутнасць унутранай палiтыкi польскiх уладаў у мiжваенны перыяд можна вызначыць як "Польшча для палякаў".

Нягледзячы на ўсю супярэчлiвасць таго часу, у заходнiх абласцях Беларусi была праведзена вялiкая работа па арганiзацыi сацыяльна-эканамiчнага i культурнага жыцця. За кароткi час была наладжана бясплатная сiстэма медыцынскага абслугоўвання. Калi ў 1938 годзе ў заходнiх абласцях было толькi каля 60 бальнiц i каля 70 урачоў, то ў канцы 1940 года тут налiчвалася 243 бальнiцы i радзiльныя дамы. У медыцынскiх установах працавала 1755 урачоў i 5585 сярэднiх медыцынскiх работнiкаў.

Значныя перамены адбылiся ў культурным жыццi. Асаблiва станоўчыя вынiкi назiралiся ў нацыянальнай асвеце. Напрыклад, калi ў 1937/1938 навучальным годзе ў рэгiёне дзейнiчала 4221 школа, у якiх на польскай мове навучалася 546,6 тысячы дзяцей, то ў 1939/1940 навучальным годзе ўжо працавала 5643 школы, прычым у 4278 навучанне адбывалася на беларускай мове, а ў астатнiх 1365 дзецi вучылiся на рускай, польскай, яўрэйскай i лiтоўскай мовах. У пачатку 1941 года каля 170 тыс. дарослых наведвалi школы па лiквiдацыi непiсьменнасцi. У заходнiх абласцях былi адчынены 4 вышэйшыя навучальныя ўстановы i 25 сярэднiх спецыяльных, у тым лiку 8 педвучылiшчаў, 8 медвучылiшчаў, 7 тэхнiкумаў. На беларускай мове сталi выдавацца газеты, адчынiлiся 5 драмтэатраў i 100 кiнатэатраў, 220 бiблiятэк з фондам 446 тыс. кнiг.

Важна падкрэслiць, што кiраўнiцтва СССР i БССР iмкнулася ўлiчваць нацыянальныя асаблiвасцi заходняга рэгiёну. З гэтай мэтай адчынялiся нацыянальна-культурныя ўстановы на польскай i яўрэйскай мовах. У 1940 годзе ў Беластоку былi адчынены польскi i яўрэйскi драматычныя тэатры. У красавiку 1941 года у Гродне адчынiўся музей польскай лiтаратуры iмя Элаiзы Ажэшкi. Выходзiлi на польскай мове газеты, працавалi рэдакцыi польскага радыёвяшчання. Але ж былi i страты, i перагiбы, i злачынствы — гэтае таксама забываць не варта...

— Аляксандр Аляксандравiч, калi падводзiць вынiк гутаркi, дык у чым сэнс гiстарычнай навукi? Як бачым, паглыбленне ў мiнулыя падзеi можа прыносiць не толькi веды i досвед, але i ўзбуджаць новыя палiтычныя абвастрэннi...

— Гiсторыя — не толькi настаўнiца жыцця, пра што сцвярджалi старажытныя мудрацы. Гiсторыя — гэта невычарпальная крынiца народнай мудрасцi, духоўная скарбонка зблiжэння i паразумення памiж народамi i пераадольвання нацыянальнага i канфесiйнага супрацьстаяння. Вядома, што гiсторыя толькi тады добра служыць народу, калi мiнулае паказваецца аб'ектыўна. Асаблiва аб'ектыўнасць важная для найбольш складаных i супярэчлiвых старонак у жыццi людзей. Трэба, каб мiнулае асвятлялася не ў чорна-белым колеры, як гэта робiцца iншым часам, а раскрывалася ва ўсёй паўнаце развiцця падзей. Прычым навукоўцы абавязаны выкарыстоўваць па магчымасцi самы шырокi пласт дакументальных матэрыялаў, абапiрацца на дакладныя факты, а не абмяжоўвацца агульнымi заключэннямi i пошукам тых, хто вiнаваты ва ўсiх грахах мiнулых гадоў.

Развагi занатоўваў
Павел БЕРАСНЕЎ.


Каментарыяў: 0

Даслаць каментарый

Iмя


 

 

←Восточноевропейская школа политических исследований объявила набор слушателей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика