Смак памiдора

Источник материала:  

Малюнак з натуры. Спальня, ранiчка, жонка ўстала першай i ўжо апранаецца. Мужык, лежачы ў ложку, яе павучае:

— Ну хто ж так робiць, га?!. Ну нязручна ж табе — ззаду лiфчык зашпiльваць! Лепей спераду... А потым пакруцiла б i шлейкi на плечы...

— Ты адкуль гэта ведаеш?! — утаропiла вочы кабета.

— Ды так — мужыкi на працы расказвалi...

Гэта, як вы здагадалiся, анекдот. Зараз — жыццё i як яно ёсць: на мiнулым тыднi не пашчасцiла — дзесь плячо застудзiла, рука балела — проста нясцерпна. I сiлы ў ёй зусiм не было: тэлефонную трубку зняць не магла. Гэта — перад сабою, а ўжо ззаду, за спiнай нешта зрабiць...

Карацей, без навукi, як бязрукi: каб не тыя мужыкi з iх парадамi, — сама, далiпантачкi, не апранулася б!

А хтось казаў, анекдот...

 

Два радкi

Бяседа — паводле слоўнiка — збор гасцей з пачастункам.

То мы ўжо сабралiся, начаставалiся — трэба заспяваць. Але што — ну якую ж з песень?

— ...Такую, каб усе мы ведалi! — замаўляе гаспадыня.

— Тады во гэту, — адзываецца адзiн з мужыкоў i зацягвае... нешта незнаёмае, няўцямнае, немiлагучнае... Аднак госцi (мы ўпершыню ў гэтай кампанii) уважлiва (?) слухаюць, добразычлiва (!) маўчаць, чакаюць...

Чакаюць пакуль выканаўца не зацягвае:

— Я хочу, что бы только ты

Со мной рядом сидела

И любовью своею

Согревала меня.

Прыпеў гэты спяваюць усе — з задавальненнем, двойчы...

А асобныя, дзеля яго, дзеля сапраўды прыгожых, але толькi двух радкоў не паленавалiся, развучылi цэлую песню — пра цёплы вечар.

Здаецца, у Тбiлiсi?

"Пераклiчка"

Дом. Стары. I, лiчы, такiя ж жыльцы — таму за 60, таму за 70, старэйшай жыхарцы — 84. Але, дзякаваць Богу, на сваiх нагах яшчэ i пры памяцi. Нават з гумарам... Днямi, расказвала, да яе ў дзверы суседка пазванiла. Сказала:

— Ой, мая Львоўначка... А вы не ведаеце, каго ў нас пахавалi?

— Не.

— То, значыцца, не вас?.. Ну i дзякуй Богу. А то я з дачы вечарам прыехала, бачу — нейкiя галiнкi на прыступках ляжаць, дык падумала, можа ўжо вы... А не чулi, хто? То пайду ў другiх папытаю.

Без адказу

З лiста ў газету: "Модна цяпер — медыкi ды псiхолагi ва ўсю павучаюць, што есцi, што пiць, як спаць-працаваць...

Я гатоў быў паверыць, каб не прыклад бацькi. Ён працаваў шмат, еў, што выпадала, выхоўваў нас пяцёх, гора гараваў, у вочы смерцi глядзеў...

У 43-м партызанам самагонку гнаў. Кацёл узарваўся — кiпень шыбануў у столь i абрынуўся на яго, абварыўшы з ног да галавы. Боль — дзiкi. Доктара трэба. А дзе яго ўзяць?

Родны брат (а мой, значыць, дзядзька) запрог каня, паехаў у нямецкi шпiталь. Праз знаёмых дамовiўся з немцам-хiрургам — за паўпарсюка. Завезлi — i палову той тушы, i бацьку, схавалi сярод цяжкараненых... Праз сем дзён ён самастойна прыйшоў дахаты. I потым дажыў амаль да 90, без нiякiх "вумных" парад. Што гэта?"

...Пытанне, як кажуць: мо i насамрэч недзе "графiк" ёсць, каму калi прыйсцi на гэты свет, каму калi пайсцi?

Памяцi заслужаных...

"Камунiст па перакананнях i не член КПСС... па той самай прычыне", — гэта пра яго. Бо сумленнiк, працаголiк, бо "на службе", як кажуць, дняваў i начаваў. "Згарыш... Без пары", — часцяком пiлавала жонка... Ён, як быццам, прыслухоўваўся — да яе, да сябе, але "збавiць абароты" неяк не мог, усё адкладваў на той час, калi скончыць рэканструкцыю, калi запусцiць новы цэх...

Пабудаваць яго ён з большага паспеў, а вось адкрыць...

Чула: таму, хто працаваў — многа i самаахвярна — белы свет пакiдаць лягчэй.

Адно — не помню, хто гэта сказаў?

Не самi яны? Сабе ў суцяшэнне?..

Ад прыблуднага сабакi...

Некалi гэта нявестка да свекрывi прыязджала часта. Бо падабалася. Ведама — у гасцях: смачна паесцi, у чысцюткай пасцелi паспаць... Нешта дапамагчы, не без таго, але па драбязе... I з сабою набраць — мяска, салка, грыбкоў, варэнняў...

А потым яшчэ лепей стала — пакiнуць: у вёсцы, на свежым паветры, пад кароўкаю, да садка, да школы i на ўсе канiкулы ўласных дзяцей...

Яны хутка выраслi — на бабулiных руках, не сёння-заўтра маглi ёй праўнукаў падкiнуць, але...

Яна, бабуля, у той дзень талаку збiрала — бульбу капаць. Стала з вечара па кухнi таптацца, казаць, каго запрасiла, на колькi чалавек трэба абед гатаваць...

— На мяне не разлiчвайце, — трымаючыся за галаву, ледзь чутна прамовiла нявестка. — Я нешта нездаровая. Мусiць, цiск...

Свякроў нiчога ёй не сказала. Сказала сыну — у запале, што дужа ж хiтрая гэта хвароба — цiск: заўжды падымаецца, як нешта рабiць...

Нявестка пачула. I пакрыўдзiлася: з усёй сiлы ляпнула дзвярыма, сказала: "Нагi маёй болей не будзе!"

I... няма. Гадоў з пяць ужо. А свякроў злягла... Сын (ад прыблуднага сабакi не чакай падзякi) сам яе даглядае: як можа гатуе, як можа прыбiрае. Жонка — вольная. Яна ўсiм дэманструе цяпер, як гэта... выгадна пакрыўдзiцца на старога нямоглага чалавека.

I яго ж пры гэтым зрабiць вiнаватым.

Ад слова

Прыкметы часу — дамы, як толькi могуць, вабяць кавалераў, крамы — пакупнiкоў. I рэклама тут, i выбар тавараў, i сiстэмы знiжак, i бясплатная падгонка...

Што, дарэчы, зручна... А калi i без чаргi...

Дзядок адзiн наперадзе — старэнькi, сiвенькi, у новым, з iголачкi, пiнжаку. Рукавы ўрэзаць трэба. Швачка ўжо прымерала, на колькi, закалола спецыяльнымi iголкамi.

— Во... Якая цяпер фастрыга, — здзiвiўся дзядок i... заплакаў: ад слова. Яго мацi — потым сказаў — майстрыхай была: шыла.

Не мыццём...

Дом. Пад'езд. Ля ўвахода — дошка для абвестак. У цэнтры — самая кiдкая: "Уважаемые жильцы! В связи с постоянными засорами в трубах канализации, убедительная просьба не выбрасывать в унитаз мусор, а также предметы личной гигиены...".

Абвесткi такога кшталту на дзвярах з'яўлялiся раней, з'яўляюцца цяпер... А воз, як кажуць...

Знаёмы начальнiк ЖЭСа нядаўна расказаў, як яго (ну воз той) можна скрануць. Прычым з дапамогаю тых жа абвестак! Адно — трэба тэкст змянiць: вось ён, прынамсi, стамiўся рамантаваць каналiзацыю ў адным з дамоў i даручыў напiсаць, што грошай на гэтыя работы болей няма, таму цяпер у вядомую пасудзiну выкiдваць можна ўсё што заўгодна: каналiзацыя больш рамантавацца не будзе.

Хочаце верце, хочаце не, а праўда: лёгкi ўдар пугай спрацоўвае лепш, чым тры кiлаграмы пернiкаў.

"Няма таго, што раньш было..."

Ранiца, але ўжо не ранняя — тралейбусы ходзяць рэдка. У чаканнi разглядаю тавар у блiжэйшым шапiку, потым — спецыяльную тумбу для абвестак: цiкава ж, што ў тэатрах цяпер, што ў канцэртных залах...

Цiкава не толькi мне: побач дзве пенсiянеркi "тусуюцца".

— О-о, глядзi — твая Кручкова прыязджае, — выгуквае адна, — з творчым вечарам. I кошт бiлетаў напiсаны: ад 25 да 50 тысяч рублёў. Добра было б схадзiць?

— Ну, — уздыхае другая. — Каб грошы былi... Але ж я, дзякаваць Богу, хоць раней нахадзiлася: недзе бiлеты не раскупiлiся, нам у школу званок — прыходзьце, маўляў, прыводзьце дзяцей, бясплатна. Дык мы i на футболах, i на хакеях, i на канцэртах розных былi. Цяпер не сходзiш ужо.

Няма таго што раньш было.

Новая тэхнiка...

Вечар. Праспект. Два хлапчукi (гадоў мо па 10) насустрач iдуць — памаленьку, гуляючы... Мы амаль што раўняемся:

— О-о... Мне SMSка прыйшла! — выхваляецца адзiн. I ўтаропiўшы вочы ў "экранчык" мабiльнiка, услых чытае: — По-шёл ты в ж... козёл...

Што ж, новая тэхнiка — новыя магчымасцi. Яшчэ i для гэтага.

Мы — не такiя

Мiнск, будынак вакзала. Адносна новы... I, скажам так, наварочаны. Што проста не можа не ўражваць... (Асаблiва тых, хто iншых не бачыў)... Яшчэ i колькасцю людзей — проста плынь насустрач. Мусiць, нейкi цягнiк прыйшоў, "высадзiў" пасажыраў — спрэс з вялiкiмi сумкамi (на колцах), з валiзкамi...

Двух вось такiх нагружаных — досыць сталых i цемнаскурых, сутыкнуўшыся ў праходзе, хацела прапусцiць. Але ж не паспела: яны апярэдзiлi — галантна саступiлi ўбок: толькi пасля вас, маўляў...

— Дзякуй! — схiлiла галаву, праходзячы.

— "Ка-лi лас-ка", — старанна прамовiлi дзядзькi, шырока ўсмiхнуўшыся.

Яны, вiдаць, едучы да нас, рыхтавалiся — шукалi слоўнiкi, вывучалi найбольш неабходныя словы, кшталту "дзякуй", "калi ласка", "колькi каштуе?", "як прайсцi ў гасцiнiцу?"... Яны хацелi, хоць збольшага, размаўляць з намi на нашай мове i тым самым засведчыць павагу — да яе, да продкаў нашых i тым самым да нас...

А нам, як дазнаюцца потым, гэта не трэба.

Iграй, музыкант!

Захапленняў у Парфiр'еўны шмат. Найпершае (агароднiцтва) для вяскоўкi ўласцiвае, другое — фатаграфiя — яшчэ куды нi iшло, трэцяе ўжо i наогул — сталярства...

Але ж галоўнае сярод iх — музыка... I дыяпазон тут вельмi шырокi — ад Моцарта да Муркi, ад хора Пятнiцкага да нашай "Бяседы". Праўда, iнструмент любiмы адзiн — скрыпка.

...Не так даўно яна ў падземным пераходзе гучала. Нейкi хлопец граў — i досыць нядрэнна! Шкада, што паслухаць часу не было — пранеслася мiма... I з думкай, што хто-хто, а Парфiр'еўна ну нiколi б так не зрабiла! Яна б запынiлася — недзе ў куточку, каб не замiнаць... I каб ёй... Нiхто... А мо нават села б вось тут — на прыступках...

Уявiла гэта настолькi жыва, што, пачуўшы скрыпку яшчэ раз, стала азiрацца навокал — шукаць вачыма слухачку.

Смак...

Гуманiтарку прыслалi. З вёскi. У выглядзе памiдораў. З... iнструкцыяй па ўжываннi: а) (кожны пункцiк — пад лiтаркай) уважлiва разгледзець, б) узяць па адной самай спелай памiдорынцы кожнага гатунку, в) палюбавацца, г) звярнуць увагу на падскурны малюнак i адценнi колераў, д) разрэзаць — ацанiць структуру мякацi, е) з'есцi па кавалачку кожнага гатунку без солi, потым — з соллю, ж) адчуць i адрознiць смак, з) вызначыць, якi найбольш спадабаўся.

Лiсток з "каштоўнымi ўказаннямi" быў i пры яблыках: а) з'есцi, б) а-бал-дзець... I толькi потым пазванiць i сказаць пра ўражаннi.

..."А-бал-дзела" — ад смакаты. Пазванiла. А цяпер во — i пiшу. Каб нехта яшчэ скарыстаўся ўзгаданай iнструкцыяй i адчуў смак... Восенi.

Валянцiна Доўнар.


Каментарыяў: 0

Даслаць каментарый

Iмя


 

 

←Тематические семинары, уроки и встречи пройдут в Минске во время акции "Неделя мира"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика