Лацiнка ў звыклым антуражы

Источник материала:  

чуць i бачыць — рэчы зусiм розныя, а пераканацца ў гэтым давялося яшчэ раз. Дзякуючы i агульнаму мiнуламу, аднолькава папулярным спевакам, садавiне i раскладу апошнiх гадоў беларускiх футбольных камандаў рознага ўзроўню аб гэтай краiне мы ведаем нiбыта нямала. I ўсё ж далёка не ўсё. Бо сёння нават пры вялiкiм жаданнi ў Малдове не заўважыш прыкметы нiбыта шырока разрэкламаванага "Еurоnеws" i расiйскiмi тэлеканаламi заняпаду. Прычым насуперак надпiсамi лацiнскiмi лiтарамi, тут чамусьцi не адчуваеш сябе за мяжой.

 

Транзiт.
I не толькi дарога

Адлегласць ад Мiнска да Кiшынёва складае пад тысячу кiламетраў. Калi ўзяць пад увагу 17—20 гадзiн у дарозе з улiкам усiх памежных фармальнасцяў, то гэта — безумоўная нязручнасць. Аднак яна з лiшкам кампенсуецца магчымасцю няхай сабе i недзе павярхоўнага, але знаёмства з "транзiтнай" Украiнай.

Лацiнка ў звыклым антуражыПершае, што кiдаецца ў вочы ў Кiеве — безлiч бiгбордаў, светлавой i той жа "папяровай" рэкламы на сценах. Калi ж дадаць да гэтага вялiкую колькасць па-сапраўднаму дарагiх аўтамабiляў, выснова напрошваецца сама па сабе: нават пры крызiсе ўкраiнскi бiзнэс не здаецца. Аднак назiранне нумар два ўжо супрацьлеглае. Магчыма, у тым лiку з-за спрыяльных умоў для прыватнай iнiцыятывы, мясцовы бюджэт адчувае пэўныя праблемы. Пацверджанне — засмечаныя вулiцы, непафарбаваныя (як кажуць, адчуйце рознiцу) шматпавярховiкi, вельмi стары i зусiм не прэзентабельны грамадскi транспарт.

Яшчэ адна вiдавочная кiеўская "iскрынка" — вiрлiвае палiтычнае жыццё. Чарговыя выбары тут адбудуцца неўзабаве, а нагадвае пра iх зноў-такi рэклама. Выявы лiдараў партый, рухаў i асобных палiтыкаў сустракаюцца цi не на кожным кроку. Зрэшты, самi ўкраiнцы ставяцца да ўсяго гэтага не без iронii, прынамсi, адно з самых папулярных графiцi на сценах сталiцы выглядае больш чым красамоўна: выява мятлы з добра зразумелым без перакладу надпiсам "Гэть усiх!".

Увогуле ж здаровае пачуццё гумару — рыса ў паўднёвых суседзяў характэрная. Чаго вартае хоць бы назва прыдарожнай кавярнi "Сало" цi выпадак на зваротным шляху. Нiбыта строгi мытнiк знайшоў у нашым салоне "лiшнюю" пластыкавую бутэльку з маладым жоўта-белым па колеры малдаўскiм вiном (адмовiцца ад спакусы было немагчыма), аднак, нягледзячы на забарону ўвозу на тэрыторыю Украiны больш чым двух лiтраў алкаголю, толькi ўсмiхнуўся: "Прыхапiлi з сабой боршч? Ну то шчаслiвай дарогi!".

Праўда, смяяцца на гэтай жа мяжы хацелася не заўсёды. Фармальна па той бок знаходзiцца Рэспублiка Малдова, фактычна ж — Прыднястроўская Малдаўская рэспублiка. Яна афiцыйна не прызнана ў свеце, затое мае свае сцяг i герб (копii атрыбутаў Малдаўскай ССР), уласную мiлiцыю (у настальгiчнай форме савецкiх часоў), валюту (заўвага: у тутэйшых крамах зусiм не супраць долараў, еўра цi расiйскiх рублёў), а таксама мытню.

Прастаяць на ёй пры поўнай адсутнасцi iншых транспартных сродкаў давялося амаль дзве гадзiны. Але гэта — толькi палова бяды. Нашмат больш уразiлi даволi арыгiнальныя правiлы выплаты дарожнага збору пры выездзе, калi ў "абкладаемы" кiламетраж чамусьцi залiчылi праезд як па Прыднястроўi, так i па Малдове на другiм беразе. А "апафеозам" непрацяглага знаходжання ў ПМР стаў непрыемны iнцыдэнт — штраф за перавышэнне хуткасцi. Крыўдна нават не тое, што 71 кiламетр у гадзiну па дарозе за горадам без дадатковых абмежавальных знакаў як быццам нiякiм чынам не супярэчыць мiжнародным стандартам. Збянтэжыла, што прадстаўнiкi праваахоўных органаў прапанавалi вырашыць "праблему" хутка i на месцы. За 20 долараў. Натуральна, без афармлення якiх-небудзь квiткоў.

Зрэшты, даваць ацэнку ўсiм жыхарам Прыднястроўя зыходзячы толькi з прыкрых здарэнняў, безумоўна, нельга. Як немагчыма i вырашаць, хто меў рацыю падчас вядомага малдаўска-прыднястроўскага канфлiкту. Насамрэч гэта — выключна ўнутраныя справы. Можна хiба што заўважыць, што большасць малдаван, рускiх, украiнцаў сёння не разумее, чаму ўсё ж была "патрэбнай" тая вайна. I шкадуе. Бо цi не ў кожнага "на тым беразе" — сваякi.

Аднак рэальна падзел застаецца. Мост праз Днестр сустракае ўзброенымi вайскоўцамi i БТРам. Адразу за пастом пачынаецца Рэспублiка Малдова. У яе мы патрапiлi без праблем.

Не дома.
Аднак не ў гасцях

Урадавыя будынкi, начная падсветка, вялiзныя супермаркеты, сучасныя гатэлi i стадыёны. Сёння Кiшынёў падаецца тыповай сталiцай. Аднак са сваiм каларытам — будынкi ў цэнтры горада пераважна невялiкiя, рух аўтатранспарту не iнтэнсiўны, гуляць на вулiцах без анiякай рызыкi можна нават ноччу.

Увогуле, на суб'ектыўны погляд, рытм жыцця i антураж тут можна параўнаць з адным з усходнебеларускiх абласных цэнтраў. Напрыклад, з Гомелем — асаблiва калi працягнуць паралелi з архiтэктурай, паркамi, шматпавярховiкамi на ўскраiнах i значным "прыватным сектарам". Адрозненне са знакам плюс — у найбуйнейшым горадзе Малдовы не пабачыш людзей, якiя п'юць пiва на лаўках. А са знакам мiнус — стан тратуараў. Калегi, якiя выбралiся паблукаць па вячэрнiм Кiшынёве на высокiх абцасах, шкадавалi аб сваёй неабачлiвасцi цi не ўвесь наступны дзень.

Не менш цiкавае назiранне датычыцца мовы. Як правiла, тут чуеш малдаўскую, прычым большасць грамадзян краiны адназначна называюць яе румынскай. Аднак нiякiх бар'ераў гэта не стварае. У краiне шмат рускiх школ, а ў школах малдаўскiх руская мова — прадмет абавязковы. А адсюль i адсутнасць цяжкасцяў. Няхай сабе i з акцэнтам, але прадстаўнiкi ўсiх пакаленняў адкажуць на любое пытанне. Ды яшчэ i са шчырай усмешкай — яе можна назваць такой жа "прыкметай" гэтай краiны, як i вiнаград.

Работа над памылкамi

Рознiца памiж горадам i вёскай ёсць паўсюль, але ў Малдове iснуе ўмоўны падзел i памiж самiмi вёскамi — ужо па лiнii "поўдзень-поўнач". Асаблiвасцямi поўначы можна назваць узлескi, статкi кароў i лепшыя дарогi. Поўдзень — гэта больш крутыя ўзгоркi, атары авечак i грунтоўкi. А плюс да ўсяго мiжволi звяртаеш увагу на палi. На поўднi яны збольшага шырокiя, на поўначы ж часта нагадваюць плямiстую коўдру з невялiкiх зялёных, жоўтых цi чорных лапiкаў ужо перааранага ворыва. Прычым што адметна: паўночныя краявiды сталi непасрэднымi вынiкамi мясцовай аграрнай рэформы.

Пераўтварэннi ў сельгассектары прыпалi на першую палову мiнулага дзесяцiгоддзя. Усе, хто жыў у вёсцы, атрымалi сваю зямельную квоту. Надзелы залежалi ад памераў гаспадарак, таму ў адных месцах кожнаму дасталася па 2-3, а ў iншых — па 7 i больш гектараў. Але ворыва, сады i вiнаграднiкi "ўнутры" былых калгасаў дзялiлi пароўну. Па справядлiвасцi.

Сэнс рэформы амаль цалкам стасаваўся з вядомым лозунгам "зямлю — сялянам". За сцiслы прамежак часу ў Малдове сапраўды з'явiлiся прыватныя гаспадары, мэта была нiбыта дасягнутая, але... заўвага наконт добрых намераў iснуе нездарма. Неўзабаве высветлiлася, што дробныя ўласнiкi проста не ў стане забяспечваць севазварот, купляць новую тэхнiку, укладваць грошы ў сучасныя тэхналогii. Эфектыўнасць вытворчасцi рэзка знiзiлася, дзе-нiдзе надзелы не апрацоўвалiся ўвогуле. Традыцыйна моцная сельская гаспадарка рэспублiкi зрабiла вялiкi крок назад, а саму праграму рэформы "Памынт" (па-малдаўску — "зямля") у народзе пачалi называць не iнакш чым "мармынт" — "магiла".

Як вынiк, з 2002 года пачаўся па сутнасцi адваротны працэс кансалiдацыi. Прыватнiкi, асаблiва на поўднi, сталi ствараць кааператывы i здаваць iм свае зямельныя квоты на ўмовах доўгатэрмiновай арэнды. I справы пайшлi ўгару: павысiлiся ўраджаi, павялiчылiся заробкi. Прычым сёння аб'яднанне фактычна стымулюецца дзяржавай. У прыватнасцi, iснуе практыка датацый пры пасадцы таго ж вiнаграду — у памеры прыкладна тысячы долараў на гектар. Але датаванне адбываецца пры ўмове, што агульная плошча плантацыi складае не менш чым 5 гектараў. Як правiла, такiх вялiкiх надзелаў у "аднаасобнiкаў" проста няма.

Нестандартная
крынiца iнвестыцый

Калi значная частка iндустрыяльных гiгантаў засталася "на тым беразе" Днястра i знiклi многiя "савецкiя" сувязi, эканомiка Малдовы пакацiлася ўнiз, прычым падзенне працягвалася прыкладна да пачатку новага стагоддзя. Але нiшто не працягваецца вечна. Апошнiя гады ВУП краiны павялiчваўся прыкладна на 6-8 %, непрыемнае выключэнне з гэтай тэндэнцыi чакаецца толькi сёлета — крызiс аднолькавы для ўсiх.

Дзеля справядлiвасцi, казаць, што сусветныя эканамiчныя ўзрушэннi аказалiся фатальнымi, таксама нельга. Нягледзячы нi на што, не спынiлася вытворчасць вiна, працуюць прадпрыемствы харчовай, лёгкай, мэблевай, будаўнiчай прамысловасцi. Някепскi даход дае мытня. Урэшце, маюць малдаване i яшчэ адну крынiцу паступленняў — гастарбайтараў. Лiчыцца, што за мяжой, пераважна ў Iталii, Партугалii i Грэцыi занята каля мiльёна (!) грамадзян невялiкай краiны.

Паводле некаторых ацэнак, толькi летась гастарбайтары прывезлi на радзiму ад 1,5 да 3 мiльярдаў долараў. Менавiта дзякуючы гэтым грашам тут вядзецца актыўнае будаўнiцтва жылля, iнвестуюцца прыватныя эканамiчныя праекты — узровень падаткаабкладання для бiзнэсу высокiм не назавеш.

I ўсё ж весцi размовы выключна аб перавагах масавага "экспарту" працоўнай сiлы не выпадае. Адмоўныя бакi не менш вiдавочныя. Так, не сакрэт: перш-наперш гастарбайтары прыносяць карысць iншым дзяржавам. Да таго ж распаўсюджаная практыка ўладкавання ў замежжы рэзка абвастрыла такую праблему, як распад сем'яў. Тым больш, што з Малдовы з'язджае шмат не толькi мужчын, але i жанчын — каб уладкавацца нянечкамi, гувернанткамi, работнiцамi сацыяльных службаў.

Нiжэйшая цана.
I "цяжкая"
квартплата

Кошт жыцця паняцце зноў-такi адноснае. Сярэднi заробак у Малдове атрымлiваецца недзе на трэць меншым, чым у Беларусi. Затое i цэны тут нiжэйшыя. Пры курсе долара ў 11,2 i еўра ў 15,8 лея цана на добрую свiнiну вагаецца ў межах 70—80, на каўбасу вараную — у 50—90, каўбасу сухую — 60—120, сыр — 80—100, брынзу — 40—45, хлеб — 3, малако — 7—8 адзiнак нацыянальнай валюты. А вось што па-сапраўднаму дарагое, дык гэта "камуналка". Улетку плацiць за трохпакаёўку даводзiцца каля 70 долараў, а ўзiмку, у сувязi з высокай цаной iмпартнага газу, гэта лiчба ўзрастае цi не ўтрая.

Сонца
над манастырамi

Малдова — краiна сонца. I месца пад iм ва ўсiх сэнсах хапае ўсiм. Малдаване, рускiя, украiнцы, балгары, немцы, чэхi, цыгане, гагаузы мiрна жывуць побач стагоддзямi, прычым гiсторыя тых жа гагаузаў шмат у чым паказальная. Па сутнасцi яны з'яўляюцца прамымi нашчадкамi туркаў, якiя адмовiлiся пакiдаць гэты край разам з войскамi Атаманскай iмперыi i нават прынялi тутэйшае хрысцiянства. У перакладзе з турэцкай само слова "гагауз" — гэта "здраднiк". Аднак ва ўяўленнi малдаван — добры сусед.

Нягледзячы на шматнацыянальнасць, амаль усiх грамадзян Малдовы аб'ядноўвае не толькi агульная радзiма. Не менш важная акалiчнасць — агульнае хрысцiянскае веравызнанне. Прычым яго ўсходняй, праваслаўнай плынi.

Для нас крыху дзiўна, але факт: не самая вялiкая па памерах Малдова мае з чатыры дзясяткi дзейных праваслаўных манастыроў, i апошнiм часам у iх аднаўленне ўкладваюцца значныя грошы. Прычына не толькi ў данiне традыцыям, апроч усяго, велiчныя i не вельмi храмы не без падстаў лiчацца лепшай "прынадай" для турыстаў. Як i эксклюзiўная прапанова "вiнных" тураў з наведваннем вiнаграднiкаў, заводаў-вытворцаў i, зразумела, з дэгустацыямi. Бо малдаўскае вiно — брэнд па-сапраўднаму варты i папулярны. Але гэта асобная i не менш цiкавая тэма.

Сяргей ГРЫБ.

Мiнск — Кiшынёў.

Р.S. Аўтар выказвае падзяку кiраўнiцтву Мiнскага завода вiнаградных вiнаў за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Аўтар выказвае падзяку кiраўнiцтву Мiнскага завода вiнаградных вiнаў за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Каментарыяў: 0

Даслаць каментарый

Iмя


 

 

←Тематические семинары, уроки и встречи пройдут в Минске во время акции "Неделя мира"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика