На выхадныя ўначы — першыя замаразкi
На працягу тыдня тэрыторыя Беларусi будзе знаходзiцца пад уплывам зоны павышанага цiску, таму нас чакае пераважна сонечнае надвор'е, паведамляе рэдакцыi галоўны сiноптык Рэспублiканскага гiдраметцэнтра Вольга Фядотава.
Толькi ў аўторак месцамi па поўднi Беларусi, 16 верасня — у паўночна-заходнiх раёнах, а ў пятнiцу месцамi на ўсходзе краiны чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Выключэннем стане чацвер, калi кароткачасовыя дажджы пройдуць паўсюдна ў краiне. Верагодныя навальнiцы. Тэмпература паветра ўначы на працягу тыдня будзе вагацца ад 5 градусаў на поўначы да 14 цяпла на поўднi Беларусi. Удзень у першай палове тыдня 16—23, у Брэсцкай i Гомельскай абласцях — да 25 градусаў. Удзень у пятнiцу — 15—20 градусаў.
Паводле папярэднiх прагнозаў, на выхадныя да нас завiтае Скандынаўскi антыцыклон, i iстотна пахаладае ўначы. Тэмпература — 3—10, на тарфянiках Палесся магчымыя невялiкiя замаразкi — да 0 — мiнус 2 градусаў. Удзень у суботу — 15—20, па паўднёвым захадзе — да 22 цяпла. У нядзелю крыху пацяплее.
Сяргей КУРКАЧ.
Каментарыяў: 0 Даслаць каментарый |