Афiцэр iдзе ў бой за Радзiму, а наёмнiк — за грошы

Источник материала:  

Мiнiстэрства абароны напярэдаднi актыўнай фазы вучэнняў "Захад-2009" сабрала кiраўнiкоў рэспублiканскiх СМI на вучэбны семiнар, каб расказаць пра працэс падрыхтоўкi ваенных спецыялiстаў у краiне. Журналiсты мелi магчымасць ацанiць падрыхтоўчую базу вайсковага факультэта БНТУ i Вайсковай акадэмii, дзе зараз вучацца будучыя афiцэры.

мiнiстр абароны Леанiд Мальцаў, якi i праводзiў экскурсiю для журналiстаў, лiчыць, што ўзровень адукацыi на ўсiх вайсковых факультэтах рэспублiкi прыкладна аднолькавы i што сама iдэя вайсковых факультэтаў, iнтэграваных у агульную сiстэму адукацыi, сябе апраўдала — курсантам чытаюць лекцыi тыя ж прафесары i дактары навук, што i звычайным студэнтам, а калi трэба было б запрашаць iх толькi для курсантаў, то выдаткi на падрыхтоўку афiцэраў былi б значна большыя.

Мiнiстр абароны таксама падкрэслiў, што зараз навучальныя ўстановы краiны даюць магчымасць рыхтаваць спецыялiстаў для ўзброеных сiлаў практычна на 100 %, прычым ёсць шмат заявак i з iншых дзяржаў:

— У мяне няма праблемы, як загрузiць факультэты, у мяне праблема — як каго не пакрыўдзiць i размясцiць, — кажа Леанiд Мальцаў. — Гэта ж не проста — узяць на вучобу кагосьцi: ён павiнен i быць размешчаны ў нармальных умовах, i якасць адукацыi павiнна быць высокай, iнакш мы дыскрэдытуем свае i сiстэму адукацыi, i краiну.

Цiкава, што спецыяльна вучыцца ў Беларусь нашы вайскоўцы нiкога не запрашаюць:

— У мяне зараз быў мiнiстр абароны Туркменii, ён хацеў, каб ужо з 1 верасня яго грамадзяне вучылiся на нашых факультэтах. Я сказаў, што гэта немагчыма, бо трэба падпiсаць спачатку дамову аб узаемнай абароне дзяржсакрэтаў, таму рэальна навучанне магчымае толькi з наступнага
1 верасня. У нас вучацца венесуэльцы, казахстанцы, нават лётчыкi з Нiгерыi вучацца на авiяцыйным факультэце. Шмат просяцца яшчэ, таму мы не iнiцыюем, мне дай Божа размясцiць тых, хто просiцца, — кажа мiнiстр абароны.

Афiцэр iдзе ў бой за Радзiму, а наёмнiк — за грошы
 
Звярнуў увагу Леанiд Мальцаў яшчэ раз на якасць навучання:

— Павiнна быць вельмi высокая якасць. Бо той жа Казахстан вучыць сваiх салдат i ў Турцыi, i ў ЗША, i ў еўрапейскiх краiнах. Потым яны вернуцца служыць, i нiхто не скажа, што ён сам дрэнна вучыўся, скажа, што яго дрэнна навучылi. Акрамя непасрэдна навучання, мы робiм экскурсii па рэспублiцы — у Полацк, Брэст, Мiрскi i Нясвiжскi замкi, у нашы тэатры. Ёсць цэлая праграма дзеля таго, каб яны паехалi адсюль не толькi спецыялiстамi, а ўсё жыццё яшчэ казалi: самы светлы час — калi я вучыўся ў Беларусi. Ну каб хоць бы сталi нашымi сябрамi, я ўжо пра iншае не кажу.

У 90-я гады мiнулага стагоддзя вялiся спрэчкi — цi патрэбная Беларусi свая сiстэма вайсковай адукацыi. І, як лiчыць Леанiд Мальцаў, тады быў зроблены правiльны выбар:

— У 1994 годзе, калi ўзнялi пытанне наконт таго, цi патрэбна Вайсковая акадэмiя, такiя дэбаты былi. I цалкам сур'ёзна шмат хто даводзiў, што яна непатрэбная. I асноўным аргументам было тое, што мы свае кадры можам падрыхтаваць i за мяжой, у Расii, напрыклад. На шчасце, перамог разумны пункт погляду, бо самi разумееце: самае галоўнае — кадры. Калi кадры ёсць, то яны зробяць усё астатняе, — лiчыць мiнiстр абароны. — Усё-такi афiцэраў трэба рыхтаваць у сябе. Бо нам патрэбныя афiцэры, а не наёмнiкi. Наёмнiк ад афiцэра адрознiваецца тым, што афiцэр iдзе ў бой за Радзiму, а наёмнiк — за грошы. Калi за грошы, то можна i перакупiць...

"Звязда" не магла не спытаць у мiнiстра абароны i пра прысутнасць беларускай мовы ў войску, цi выкладаюцца хоць бы часткова прадметы курсантам на матчынай мове. На што Леанiд Мальцаў адказаў, што моўных праблем у войску няма:

— Рота ганаровай варты вiтае ўсiх iншаземцаў толькi на беларускай мове, ордэны i медалi, пасведчаннi — толькi на беларускай мове. Баявыя сцягi вайсковых частак — толькi на беларускай мове, усе знакi адрознення — толькi на беларускай мове. У мяне ўнук вучыцца ў школе, дзясяткi прыносiць па беларускай мове, — пахвалiўся Леанiд Мальцаў. — А вось каб праводзiць заняткi па любой з машын, то трэба перакласцi ўсю дакументацыю, вялiзную суму выдаткаваць, вось i скажыце: ёсць у гэтым неабходнасць цi не? Усялякiя пастаноўкi пытання, што тут нехта кагосьцi зацiскае, — гэта глупства. У Канстытуцыi дакладна напiсана, што ў нас дзве мовы — руская i беларуская, i мы выкарыстоўваем i адну, i другую. Яшчэ раз кажу, што гэта вялiзныя выдаткi — трэба перакласцi, а потым яшчэ трэба i навучыць, у тым лiку i выкладчыка. Хай ён добра валодае беларускай мовай, але спецыфiку, тэрмiны ён можа i не ведаць... Гэтая праблема не ў плоскасцi — нехта хоча цi не хоча, умее цi не ўмее. Я да 8 класа вучыўся ў школе, дзе ўсё было на беларускай мове, за выключэннем рускай мовы i лiтаратуры. I праблем нiякiх няма. Дапусцiм, у вайсковай тэрмiналогii будуць цяжкасцi. Мне трэба вывучаць i перакладаць. Але калi будзе трэба — без праблем, перакладзём, — падсумаваў мiнiстр абароны.

З пытанняў падрыхтоўкi будучага афiцэрскага саставу беларускага войска Леанiд Мальцаў перайшоў на сучасную ваенна-палiтычную сiтуацыю, а таксама да вучэнняў "Захад-2009". Ён мяркуе, што, на жаль, узброеная сiла па-ранейшаму застаецца актыўным iнструментам ў сусветнай палiтыцы, i гэта адбываецца на фоне дэвальвацыi мiжнароднай дагаворнай базы ў галiне кантролю над узбраеннямi, а дасягненне мэтаў адбываецца перш за ўсё нават не вайсковымi, а iнфармацыйнымi сродкамi. У якасцi прыкладу Леанiд Мальцаў прывёў аперацыю ўзброеных сiлаў Iзраiля "Лiты свiнец" супраць руху iсламскага супрацiву Хамас у Сектары Газа з 27 снежня 2008 па 13 студзеня 2009 года, дзе план аператыўнай маскiроўкi спалучаўся з мерамi па заблытваннi працiўнiка пры актыўным выкарыстаннi СМI: журналiсты не дапускалiся ў раён баявых дзеянняў, а ўся iнфармацыя iшла ад афiцыйных асобаў.

Як можна зрабiць выснову з выступлення мiнiстра абароны перад журналiстамi, разам з iншымi пытаннямi на вучэннях "Захад-2009" беларускiя i расiйскiя вайскоўцы паспрабуюць адпрацаваць i выкарыстанне СМI ў патрэбных мэтах, бо выезд журналiстаў на месцы актыўнай фазы вучэнняў будзе наладжаны толькi арганiзаванымi групамi, а ўся iнфармацыя будзе праходзiць праз аб'яднаны прэс-цэнтр. Але ж галоўная мэта "Захаду-2009" — праверка функцыянавання сiстэмы сумеснай абароны Саюзнай дзяржавы. Леанiд Мальцаў падкрэслiў, што задума вучэнняў прадугледжвае выключна абарончы характар дзеяння групоўкi войскаў i што пры правядзеннi вучэнняў створана вучэбнае становiшча, якое не прывязана да рэальнай ваенна-палiтычнай сiтуацыi.

Павел БЕРАСНЕЎ.


Каментарыяў: 0

Даслаць каментарый

Iмя


 

 

←Тематические семинары, уроки и встречи пройдут в Минске во время акции "Неделя мира"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика