Айчынных фiльмаў на палiцах нестае

Источник материала:  

Пiльна аглядаю палiцы з лiцэнзiйнымi DVD-дыскамi ў адной з крамаў Мiнска, спрабую зачапiцца вокам за якую-небудзь знаёмую назву беларускага фiльма. Нават на палiцы з савецкай класiкай не знаходжу нiводнага. Да мяне падыходзiць кансультант, тлумачу яму сваю цiкавасць. "Дзiўнае пытанне, — рэагуе ён. — Некалькi фiльмаў траплялася, але зараз няма".

Цi ж сапраўды маё пытанне такое дзiўнае, бо яшчэ ў некалькiх пунктах продажу на яго адрэагавалi прыкладна гэтак сама? Аднойчы, праўда, прапанавалi замовiць патрэбны фiльм, але не назвалi нi тэрмiну, у якi дыск прывязуць, нi прыблiзнага кошту. I ўвогуле не гарантавалi выканання замовы. Але калi якасную копiю фiльма праблематычна набыць, гэта яшчэ не вымалёўвае поўнай недаступнасцi прагляду. Цяжка прыдбаць — можна пашукаць, дзе паглядзець. Жыхарам Мiнска пашанцавала. Музей гiсторыi беларускага кiно (вул. Свярдлова, 4) можа выратаваць, калi ёсць жаданне цi неабходнасць паглядзець пэўны фiльм. Шукаеце ў каталогу патрэбную карцiну i замаўляеце паказ у зручны для вас час. Можна патэлефанаваць на нумар (017) 227-10-75, а можна спачатку паглядзець каталог на сайце музея: httр://www.svеrdlоvа-4.jоу.bу.

I зусiм неабавязкова прыходзiць вялiкай кампанiяй. У музеi дзве залы: вялiкая, калi прыходзiць больш за дзесяць чалавек, i маленькая, калi вы адзiн цi з вамi не больш за дзевяць спадарожнiкаў. Паказ кiнафiльмаў ажыццяўляецца з DVD-дыскаў высокай якасцi.

— Цiкавасць да нашых паслугаў узрастае, — апавядае кiраўнiк Музея гiсторыi беларускага кiно Iгар Аўдзееў. — У мiнулым сезоне, з верасня 2008 года па лiпень 2009-га, глядзець беларускае кiно да нас прыходзiлi дзвесце чатыры разы. I матывацыя ў гледачоў зусiм розная. Часам прыходзяць паглядзець той цi iншы фiльм, калi нехта са сваякоў спрычынiўся да яго стварэння. Часта бываюць арганiзаваныя групы школьнiкаў, глядзяць экранiзацыi праграмных твораў. Людзей прыцягвае просты, нефармальны кантакт, i, безумоўна, нерэпертуарны прынцып паказаў. Але ў музеi павялiчваецца i колькасць сiстэматычных, рэтраспекцыйных паказаў, звязаных найперш з юбiлеямi кiнематаграфiстаў. Адна з апошнiх акцый была прысвечана сямiдзесяцiгоддзю рэжысёра Алега Нячаева. Сам аўтар удзельнiчаў у мерапрыемствах. Адзiнае, што засмучае, дык гэта тое, што зараз толькi каля ста пяцiдзесяцi айчынных фiльмаў пераведзена ў лiчбавы фармат, не ўсе знаходзяцца ў каталогу музея.

Добра, але куды звярнуцца, калi адзiнаразовага прагляду недастаткова i неабходна атрымаць асабiстую копiю фiльма? Музей гiсторыi беларускага кiно не мае магчымасцi тыражавання, паколькi не валодае аўтарскiмi правамi. Выратаваць можа Беларускi дзяржаўны архiў кiнафотафонадакументаў, што размешчаны ў Дзяржынску. Для гэтага трэба даслаць на адрас Нацыянальнай кiнастудыi "Беларусьфiльм" лiст з просьбай дазволiць зрабiць копiю. Калi адказ станоўчы — можна замаўляць яе ў архiве. Але працэс гэты тэхнiчна няпросты i адпаведна зусiм не танны. Копiя двухгадзiннага фiльма будзе каштаваць больш за васемсот тысяч рублёў. Касмiчны кошт для аднаго дыска... Але па словах намеснiцы дырэктара архiва Алены Грыневiч, замаўляюць копii даволi часта. Неаднаразова гэта робяць калекцыянеры, часам копiя таго цi iншага фiльма становiцца падарункам. Адным словам, копiю адшукаць можна, калi вельмi гэтага хацець.

I ўсё ж у адной краме мяне трошкi абрадавалi: "Быў "Чорны замак Альшанскi", але ўчора яго купiлi. Калi б вы прыйшлi раней..." Мо трэба часцей пытацца ў крамах пра беларускiя фiльмы, тады i пытанне гэтае перастане быць дзiўным, i прапанова ўзрасце?

Аляксей АЛЯКСАНДРАЎ.


Каментарыяў: 0

Даслаць каментарый

Iмя


 

 

←Тематические семинары, уроки и встречи пройдут в Минске во время акции "Неделя мира"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика