Крыжовы шлях нацыянальнага Ўз'яднання

Источник материала:  

Чалавека чамусьцi заўсёды прываблiвае мiнулае. Прычым кожнае пакаленне спрабуе знайсцi там нешта новае i, як вынiк, перапiсаць гiсторыю на свой лад. Прыкладна так атрымлiваецца i са складанымi i супярэчлiвымi падзеямi 1939 года. Мiнула ўжо 70 гадоў, а тагачаснае жыццё добра б калi проста выклiкала цiкавасць, дык яно яшчэ i ўплывае на нашу з вамi рэчаiснасць. Адны нешта просяць прызнаць, другiя кажуць, што вы нiчога не разумееце, гэта вы павiнны прызнаць, а трэцiя маюць прэтэнзii як да першых, так i да другiх... Вось так чытаеш выказваннi палiтыкаў пра далёкi 1939 год i думаеш — а мо гэтыя звароты да мiнулых падзей i розныя палiтычныя заявы i не такiя бяскрыўдныя? Пра 1939 год, пра ўз'яднанне Заходняй i Усходняй Беларусi, пра лёс Беларусi i беларускага народа мы папрасiлi паразважаць Аляксандра Каваленю, дырэктара Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi:

Крыжовы шлях нацыянальнага Ўз'яднання— Аляксандр Аляксандравiч, адкуль жа такая цiкавасць да падпiсання пакта Молатава-Рыбентропа i пачатку Другой сусветнай вайны?— Сапраўды, апошнiя месяцы гэтыя падзеi даволi актыўна эксплуатуюцца прадстаўнiкамi розных палiтычных плыняў. Некаторыя з iх iмкнуцца паставiць у адзiн рад фашызм i сталiнiзм. Прыходзiцца з жалем канстатаваць, што i сёння гiсторыя выкарыстоўваецца як палiтычная зброя, дзеля вырашэння пэўных палiтычных мэтаў. Вялiкая шкоднасць такога падыходу ў тым, што мiнулае ацэньваецца з пазiцый сучасных уяўленняў, якiя пераносяцца на канкрэтную палiтыку ў дачыненнi да той цi iншай краiны. Нават i пасля 70 гадоў пасля пачатку Другой сусветнай вайны зноў i зноў уздымаецца пытанне аб роўнай адказнасцi нацысцкай Германii i СССР за распальванне вайны. Здавалася, што прынятыя рашэннi ў Ялце, у Нюрнбергу, у Хельсiнкi дазваляюць сусветнай грамадскасцi i палiтычным элiтам дзейнiчаць у межах выпрацаваных мiжнародных актаў. Аднак хваля супярэчлiвых, самавыключных ацэнак перадваеннага i ваеннага перыяду працягваецца. Прычым грамадскi iнтарэс не толькi не зацiхае, а наадварот, распальваецца яшчэ з большай сiлай. Парадокс у тым, што новае абвастрэнне нiяк не звязана з выяўленнем i публiкацыяй новых, раней не вядомых дакументаў i матэрыялаў. Пытанне не ў новых сенсацыйных фактах, а ў iх новай iнтэрпрэтацыi, якая звязана з сучаснай маральнай i палiтычнай ацэнкай.— Можа, давайце паспрабуем асэнсаваць падзеi з нашага, беларускага, пункту гледжання? Я так разумею, што пачыналася ўсё задоўга да 1939 года...

— Сапраўды, праблема фармiравання мiждзяржаўных адносiнаў у Еўропе ў пачатку ХХ стагоддзя патрабуе зрабiць позiрк крыху ў глыб гiсторыi, каб асэнсаваць, што адбывалася яшчэ да Мюнхена i да пакта Рыбентропа-Молатова. Пытанне становiцца вiдавочным, калi разглядаць праблему з улiкам пераемнасцi беларускай гiсторыi, з пункту гледжання на Беларусь не толькi як на суб'ект мiжнароднай палiтычнай сiстэмы, але i нацыянальна-дзяржаўных iнтарэсаў беларускага народа.

У пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусi толькi пачынала фармiравацца нацыянальная незалежная дзяржаўнасць, краiна не мела дастаткова значнай знешнепалiтычнай вагi. Многiя мiждзяржаўныя працэсы адбывалiся без уплывовага ўдзелу беларускай нацыянальнай элiты. Яскравым прыкладам таму з'яўляецца заключэнне Брэсцкага i Рыжскага дагавораў. Фактам застаецца тое, што вырашэнне пытанняў дзяржаўнай цэласнасцi Беларусi i ў першым, i ў другiм выпадку адбывалася без запрашэння i ўдзелу беларускiх прадстаўнiкоў. Нi мiжнародная супольнасць, нi нават СССР не праявiлi неабходнай настойлiвасцi ў захаваннi цэласнасцi Беларусi, тым больш кiраўнiцтва Польшчы, якое ўсяляк iгнаравала праблему беларускай дзяржаўнасцi.

Пасля заключэння Рыжскага мiрнага дагавора лiдары Беларускай народнай рэспублiкi крайне негатыўна ўспрынялi яго вынiкi. Ужо 25 сакавiка 1921 года быў прыняты спецыяльны зварот да мiжнароднай супольнасцi, у якiм, прынамсi, было напiсана: "...Рыжскi польска-бальшавiцкi мiр — гэта кашмарная насмешка над дэмакратыяй i яе iдэаламi. Iмя яму насiлле i грабеж...".

Неабходна зазначыць, што не толькi радыкальна настроеная частка беларускай палiтычнай элiты, але i свядомая частка беларускай нацыянальнай iнтэлiгенцыi адчувала i выказвала пратэст супраць раздзела адзiнага беларускага дзяржаўнага арганiзма. Абагульняльная пратэстная думка большасцi нацыянальна свядомай часткi беларусаў была выразна выкладзена ў вершы Якуба Коласа "Беларускаму люду":
 
Хiба забудзем мы тыя межы,

Што правадзiлi бяз нас?

Раны глыбокi, ох,

яшчэ сьвежы!

Помсты агонь не пагас.

Нас падзялiлi... Хто? Чужанiцы,

Чорных дарог махляры.

К чорту iх межы!

К д'яблу гранiцы!

Нашы тут гонi, бары!Аднак эмацыянальна-абвостраныя пачуццi прадстаўнiкоў БНР i нацыянальнай iнтэлiгенцыi аб ганебнасцi Рыжскага дагавора, спроба данесцi гэтыя iдэi да палiтычнай элiты еўрапейскай супольнасцi засталiся незаўважанымi. У склад Польшчы было перададзена 113 тыс. км кв. беларускай тэрыторыi з насельнiцтвам 4,6 млн чалавек. Неабходна прызнаць, што гэта была гiстарычная рэчаiснасць, з якой можна пагаджацца цi не пагаджацца, але фактам застаецца тое, што ў першай палове ХХ стагоддзя супраць волi беларускага народа адбылiся два падзелы Беларусi...— Калi паглядзець на падзеi трохi пазнейшыя, то вось у нас, яшчэ школьнiкаў, было два полюсы ў свядомасцi: германскi нацызм — гэта дрэнна, а савецкi лад — гэта добра, бо мы перамаглi i выратавалi Еўропу ад "карычневай чумы". А як цяпер?

— Так, прыхiльнiкi заходнiх каштоўнасцяў гатовыя прыпiсаць СССР усе магчымыя i немагчымыя грахi, паказаць Савецкi Саюз "iмперыяй зла". Такая актыўная кампанiя негатывiзму, накiраваная на дыскрэдытацыю савецкага мiнулага, прыносiць свае разбуральныя вынiкi, уносiць сумяцiцу ў душах не толькi маладога пакалення, але i ўсяго грамадства. Як бачна, цэлячыся ў мiнулае, трапляюць у будучыню i разбураюць яе.

Па прыклад далёка хадзiць не трэба. Ужо ў пачатку лiпеня 2009 года Парламенцкая асамблея Арганiзацыi па бяспецы i супрацоўнiцтве ў Еўропе прыняла рэзалюцыю "Аб'яднанне падзеленай Еўропы: абарона правоў чалавека i грамадзянскiх свабод у ХХI стагоддзi ў рэгiёне АБСЕ", якая фактычна прыраўняла нацызм i сталiнiзм. Не заглыбляючыся ў дэталёвы аналiз дакумента, вiдавочна, што еўрапейскаму грамадству прапанавана своеасаблiвая форма дыктату сучаснасцi над мiнулым, калi гiсторыю спрабуюць асуджаць з улiкам сучасных маральных крытэрыяў, прычым, па неабгрунтаваных i надуманых праблемах. Еўрапейцы забылi, хто iх выратаваў ад карычневай чумы...

На жаль, некаторыя замежныя даследчыкi не толькi адстойваюць ранейшыя пазiцыi, але i ствараюць новыя мiфы. Вось свежы прыклад. Дырэктар Польскага iнстытута мiжнародных спраў Славамiр Дэмбскi апублiкаваў артыкул "Польшча, Савецкi Саюз, крызiс версальскай сiстэмы i прычыны пачатку Другой сусветнай вайны". Аўтар зазначае, што ў "...прыходзе да ўлады нацыстаў у Германii, чаму ў значнай ступенi спрыяла Масква, аддаючы загады германскiм камунiстам змагацца не з нацыстамi, а з сацыял-дэмакратамi, Сталiн бачыў сiмптом крызiсу капiталiстычнага свету".

Як кажуць — прыехалi. Вядома, што пасля развалу СССР усю адказнасць за пралiкi i памылкi, якiя безумоўна мелi месца ў мiждзяржаўных адносiнах у 30-я гады ХХ стагоддзя, можна ўскласцi на лiдараў савецкай дзяржавы. Але гэта антынавуковы падыход, iмкненне палiтызаваць гiстарычныя падзеi. Важна аб'ектыўна высветлiць развiццё мiждзяржаўных адносiнаў, а не шукаць вiнаватых. Магчыма паставiць iншыя пытаннi, напрыклад, што здзейснiлi лiдары заходнiх дэмакратый, каб не дапусцiць станаўлення германскага нацызму? Хто садзейнiчаў разбурэнню Версальскiх дамоўленасцяў? Хто фiнансаваў нацысцкiя праекты? Як супрацьстаяла станаўленню германскага нацызму Варшава? Пошук аб'ектыўных адказаў на гэтыя i многiя iншыя пытаннi дазволiць пралiць святло i, магчыма, убачыць чорнага ката ў чорным пакоi.

Iмкнуцца iдэалiзаваць дзейнасць палiтычнага кiраўнiцтва СССР, у тым лiку i I. В. Сталiна, таксама справа антынавуковая. Вядома, што было дапушчана шмат памылак, пралiкаў i нават злачынстваў. Але i здзейснена было нямала. У кароткi тэрмiн у краiне ўзведзены тысячы новых прамысловых прадпрыемстваў, шахтаў, руднiкоў, пабудаваны новыя гарады, значнае развiццё атрымала адукацыя, навука, культура. I калi ўсё станоўчае i адмоўнае прыпiсваць толькi асобе I. В. Сталiна, тым самым прызнаваць яго бязмерную генiяльнасць i палiтычную ўнiкальнасць. Агульная крытыка i ахайванне савецкага мiнулага i яго палiтычных лiдараў у адрыве ад гiстарычнага часу, без улiку станоўчых i адмоўных падзей, без аналiзу развiцця i ўзаемаўплыву сусветных палiтычных i сацыяльна-эканамiчных працэсаў — справа контрпрадуктыўная, антынавуковая i прыстасаваная да патрэбаў дасягнення пэўных палiтычных мэтаў.— А як вы ацэньваеце, Аляксандр Аляксандравiч, вядомы Дагавор аб ненападзе памiж Германiяй i СССР ад 23 жнiўня 1939 года? Яго цяпер кожны трактуе як яму выгадна...

— Спачатку неабходна зрабiць адну прынцыповую рэмарку. Сутнасць у тым, што не толькi публiцысты i журналiсты, але i гiсторыкi робяць сур'ёзную памылку, калi гэты дагавор называюць "савецка-германскi дагавор", альбо "пакт Молатава-Рыбентропа", што з'яўляецца гiстарычна памылковым i мае вядомы палiтычна-метадалагiчны падтэкст. Сутнасць у тым, што дакументальныя крынiцы адназначна сведчаць пра тое, што iнiцыятыва заключэння дамовы зыходзiла не ад кiраўнiцтва Савецкага Саюза, а ад палiтычных лiдараў Трэцяга Рэйха. У дакументальнай спадчыне яскрава вiдавочна, што менавiта Гiтлер праяўляў не проста намаганнi, а ў пэўным сэнсе вядомае вераломства дзеля найхутчэйшага заключэння дамоўленасцi памiж Германiяй i СССР. Ведамства Рыбентропа падштурхоўвалася да актыўных дзеянняў, для найхутчэйшага заключэння германска-савецкай дамовы. А таму будзе больш правiльна казаць "пакт Рыбентропа-Молатава", "германска-савецкi дагавор", што адпавядае рачаiснасцi.

Разглядаючы праблему мiждзяржаўных адносiнаў у перадваенныя гады, важна звярнуць увагу на той факт, што пакт Рыбентропа-Молатава — гэта даволi складаная палiтычна-дыпламатычная падзея. Яе нельга спрошчана разглядаць i ацэньваць, тым больш, без улiку ўсяго комплексу мiждзяржаўных адносiнаў, якiя адбывалiся ў свеце ў 30-х гадах ХХ стагоддзя i яшчэ раней.— I што ж за падзеi разгортвалiся ў гэты час? Чаму савецкае кiраўнiцтва прыняло рашэнне заключыць дагавор аб ненападзе?

— Пасля прыходу нацыстаў галоўным напрамкам дзейнасцi палiтычнага кiраўнiцтва Германii на мiжнароднай арэне было патрабаванне вяртання тэрыторый i адмены абмежаванняў на ўзбраенне Трэцяга Рэйха, якiя былi прадугледжаны ўмовамi Версальскага дагавора. Вялiкабрытанiя i Францыя выявiлi гатоўнасць да ўступак у абмен на ўзаемныя гарантыi бяспекi. Яны лiчылi, што такiм чынам можна супакоiць гiтлераўскi рэжым i вырашыць супярэчнасцi, якiя ўзнiклi памiж Англiяй i Францыяй, з аднаго боку, i Германiяй, Iталiяй — з другога.

Стрыжням унутрыпалiтычнага жыцця Трэцяга Рэйха i найважнейшым iдэалагiчным iнструментарыем, якi эфектыўна выкарыстоўваўся дзеля паспяховага забеспячэння палiтыкi нацыянал-сацыялiзму, з'яўлялася прапаганда шавiнiзму, стымуляцыя iдэi расавай выключнасцi германскай нацыi, распальванне варожасцi i нянавiсцi да iншых народаў. Нацыяналiзм паразiтаваў на бiялагiчных пачуццях людзей, захаваннi i прадаўжэннi роду арыйскай расы, яе фiзiялагiчнай i фiзiчнай выключнасцi. Нацысцкаму кiраўнiцтву i яго iдэалагiчнаму апарату ўдалося ў кароткi тэрмiн разбэсцiць значную частку грамадства, стварыць у краiне шавiнiстычны запал, насадзiць iдэi расiзму, жорсткасцi, рэваншу за "версальскую ганьбу".

Маючы шырокую грамадскую падтрымку, правячыя колы Германii сталi дзейнiчаць празмерна актыўна ў напрамку iгнаравання версальскiх рашэнняў. У 1935 годзе было абвешчана пра аднаўленне ў краiне ўсеагульнай вайсковай павiннасцi. Германiя прыступiла да стварэння моцнай армii i авiяцыi. 21 мая 1935 года Гiтлер пераймяноўвае рэйхсвер у вермахт i назначае сябе вярхоўным галоўнакамандуючым узброенымi сiламi. Прычым захад не праяўляў неабходнай настойлiвасцi выканання германскiм урадам Версальскiх дамоўленасцяў. Наадварот, летам 1935 года было заключана англа-германскае марское пагадненне, якое адкрыла шлях для значнага павелiчэння танажу германскага ваенна-марскога флота i будаўнiцтва падводных лодак. Пры фiнансавай падтрымцы заходняга капiталу, у кароткi тэрмiн было пабудавана 300 новых ваенных заводаў, рэканструявана i мадэрнiзавана авiяцыйная промысловасць. Да 1938 года ўжо было 30 самалётабудаўнiчых, 15 авiяматорных i 110 дапаможных авiяцыйных заводаў. Калi да 1932 года ў Германii не было нiводнага ваеннага самалёта, то ўжо ў 1934 годзе iх было пабудавана 840, у 1936-м — 2530, у 1938-м — 3350, а ў 1939 годзе ўжо мелася 4733 самалёты найноўшых мадыфiкацый. Ваенная вытворчасць Германii з 1934 па 1940 год вырасла ў 22 разы, што з'явiлася важкай падставай для ўзмацнення ваенна-палiтычнай агрэсiўнасцi палiтычнага кiраўнiцтва Трэцяга Рэйха, асаблiва пры прыняццi важных мiжнародных рашэнняў.Развагi занатоўваў
 
Павел БЕРАСНЕЎ.

(Працяг будзе.)


Каментарыяў: 0

Даслаць каментарый

Iмя


 

 

←Тематические семинары, уроки и встречи пройдут в Минске во время акции "Неделя мира"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика