Ноч Магутнасці і Прадвызначэння. Сёння мусульмане ўсяго свету адзначаюць адно з самых вялікіх святаў
У свяшчэнным месяцы Рамадан (а ён у спавядальнікаў ісламу ідзе акурат цяпер) усе ночы значныя, але ёсць адна самая-самая — ноч Ляйлят аль-Кадр (ноч Магутнасці і Прадвызначэння). Сёлета яна прыпадае з 15 на 16 верасня. У гэту ноч, згодна з мусульманскім паданнем, Прарок Мухамед атрымаў з Нябёсаў першыя суры Карана. Мусульмане вераць, што кожны год гэтай ноччу на зямлю спускаецца неверагодная колькасць анёлаў, і праяўленне благадаці, міласці і даравання Усявышняга ў гэту ноч неабсяжнае. Прававерны, які праводзіць гэту ноч у малітвах, набывае, па міласці Божай, шмат сіл і жыццёвай энергіі. У гэту ноч самым лепшым для мусульманіна лічыцца пакаянне “і сэрцам, і языком”, каб Алах дараваў яму ўсе грахі. У гэту вялікую ноч здзяйсняюцца прапушчаныя намазы, чытаецца Каран, аналізуюцца былыя памылкі, даруюцца крыўды, будуюцца планы на будучыню.