У беларускім грамадзянстве пакуль зацікаўленыя толькі пенсіянеры замежжа

Источник материала:  
11.09.2009 09:44 — Новости Общества
Беларускія ўлады гатовыя прадаць беларускае грамадзянства за 150 тысяч еўра таму, хто інвесціруе гэтыя грошы ў эканоміку краіны. Але сёння за мяжой аб беларускім пашпарце мараць хіба што пенсіянеры беларускага паходжання. Наладжваць стасункі з маладымі і багатымі беларусамі замежжа трэба іншым шляхам.

Па сутнасці, афіцыйны Мінск пачаў гандляваць грамадзянствам. Заяву, якую нядаўна агучыў прадстаўнік Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС Генадзь Бубновіч, старшыня грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская называе дзіўнай.

- Існуе закон Рэспублікі Беларусь, які ўтрымлівае нормы і парадак атрымання грамадзянства для тых, хто жадае стаць грамадзянінам Беларусі. Калі гэта можна зрабіць за 150 тысяч еўра, то, як мінімум, закон павінен рэдагавацца з улікам такой магчымасці. І тады ўсе будуць ведаць кошт грамадзянства Беларусі.

Відавочна, што калі краіна жадае прыцягнуць грошы з-за мяжы, то перадусім яна прапаноўвае верагоднаму інвестару нейкія ільготы, напрыклад, у падаткаабкладанні, каб у бізнесоўца была матывацыя перавесці сюды свой капітал. І грамадзянства тут ні пры чым. 

- І ўсё ж законам прадугледжаныя пэўныя палёгкі ў атрыманні беларускага грамадзянства ў некаторых выпадках…

- Але не за грошы. Значэнне мае толькі паходжанне чалавека. Напрыклад, ягоныя бацькі - беларусы, ці хтосьці адзін (бацька ці маці) нарадзіўся тут. Але з вопыту дзейнасці беларускай дыяспары за мяжой магу сказаць, што звяртаюцца з пытаннем атрымання грамадзянства ў асноўным людзі сталага веку, часцей за ўсё з Расіі. Гэта не бізнэсоўцы, а звычайныя пенсіянеры, якія хацелі б дажываць свой век у бацькоўскай сядзібе дзесьці ў Беларусі і атрымліваць расійскую пенсію. Дарэчы, гэта адметная рыса беларуса: грошы зарабляць у замежжы, а ў сталым узросце вярнуцца на радзіму.

- Беларускія ўлады ідуць у такіх выпадках насустрач?

- Цяжка казаць, колькі беларусаў па паходжанні звярталіся з просьбай атрымаць грамадзянства Беларусі. У статыстычных дадзеных гэтыя людзі не вылучаныя ў нейкую асобную групу. Што тычыцца маладога пакалення беларусаў, то тут назіраецца пэўная тэндэнцыя: калі яны пакідаюць Беларусь, то не паведамляюць пра гэта ў адмысловыя органы і захоўваюць беларускі пашпарт. За мяжой яны могуць атрымаць від на жыхарства, але на тэрыторыі нашай краіны ўсё роўна разглядаюцца як грамадзяне Беларусі… 

- На вашу думку, калі б на справе быў спрошчаны механізм атрымання беларускага грамадзянства ці, напрыклад, дазволена падвоеннае грамадзянства, паболела б ці не жадаючых мець беларускі пашпарт?

- А што дае чалавеку набыццё беларускага грамадзянства? І калі ў 1990-х гадах прадстаўнікі беларускай дыяспары замежжа былі зацікаўлены ў тым, каб дапамагчы эканоміцы незалежнай Беларусі і не звярталі ўвагі на тое, маюць яны грамадзянства ці не, то сёння мы гэтага не назіраем. Але беларусы замежжа ўсё роўна зацікаўленыя ў Беларусі, яны застаюцца беларусамі. І улады Рэспублікі Беларусь павінны гэта ўлічваць. Не прапаноўваць абмен: інвестыцыі на грамадзянства, а даць знак, што краіна адкрытая для ўсіх беларусаў. І першым рэальным крокам, на мой погляд, магло б стаць вяртанне да разгляду закона аб беларусах замежжа.

Ягоная канцэпцыя распрацоўвалася па ініцыятыве Камітэта па справах рэлігіі ў 2001 годзе. Працавала група, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі розных міністэрстваў - культуры, адукацыі, МЗС, а таксама прадстаўнікі "Бацькаўшчыны", і кожны бок выказваў свае прапановы. Але ў 2002 годзе законапраект быў зняты з разгляду.

Апошнім часам Згуртаванне беларусаў свету некалькі разоў звярталася да беларускай улады з прапановай заканадаўча адрэгуляваць стасункі паміж Рэспублікай Беларусь і беларусамі замежжа. Быццам бы праект закона зараз знаходзіцца ў Міністэрстве замежных спраў. Мы вельмі спадзяемся, што ўрэшце адбудуцца нейкія пазітыўныя зрухі ў гэтым накірунку, і маем намер звярнуцца з просьбай азнаёміцца з праектам закона.

У "Бацькаўшчыны" ёсць пэўныя прапановы. Закон зможа грунтоўна падаваць асноўныя, базавыя накірункі супрацоўніцтва, а першым ягоным элементам, нават па-за законным актам павінна стаць "картка беларуса". Мы толькі што вярнуліся з кангрэса беларусаў Балтыі. Там гэтае пытанне таксама ўзнімалася. Існуе картка паляка, Літва клапоціцца пра сваю дыяспару, чаму б і Беларусі ўрэшце не стаць прывабнай для беларусаў свету?

←Белорусские медики освоили новый способ похудения

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика