Глабальнае пацяпленне — не нагода для панiкi. Пакуль што...

Источник материала:  

Клімат — далёка не пастаянная велiчыня. Ён неаднаразова мяняўся на працягу ўсёй геалагiчнай гiсторыi Зямлi. Тэмпературныя "скачкi" ў розныя эпохi дасягалi дзясяткаў градусаў. Былi перыяды, калi на тэрыторыi Беларусi панаваў ледавiк, былi i часы росквiту цеплалюбiвых шырокалiсцевых лясоў. Сёння многiя навукоўцы занепакоеныя хуткасцю клiматычных змяненняў, якiя назiраюцца на нашай планеце на працягу апошнiх 150 гадоў. За гэты час сярэдняя гадавая тэмпература ўзрасла на 0,7-0,8 градуса па Цэльсiю. Усё часцей нам пагражаюць глабальным пацяпленнем i яго катастрафiчнымi наступствамi. Наколькi абгрунтаваныя такiя прагнозы i чаго насамрэч нам чакаць ад клiмату ў найблiжэйшыя гады, мы папрасiлi расказаць галоўнага навуковага супрацоўнiка Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусi, акадэмiка, прафесара Уладзiмiра ЛОГIНАВА.

— Калi мы гаворым пра клiмат, то ў першую чаргу маем на ўвазе тэмпературу?

— У першую чаргу — так, але пры змяненнi клiмату мяняюцца ўсе гiдраметэаралагiчныя элементы: i колькасць ападкаў, i цiск, i хуткасць ветру i г.д. Напрыклад, больш за ўсё ападкаў на нашай тэрыторыi выпадала ў iнтэрвале з 1890 па 1930 год (гэта быў максiмум). Паступова колькасць ападкаў паменшылася i сёння застаецца блiзкай да нормы. Хаця на працягу апошняга дзесяцiгоддзя выдавалiся розныя гады, калi колькасць ападкаў магла быць i iстотна вышэйшай i iстотна нiжэйшай за норму. Апошнiм часам у нас значна павялiчылася колькасць засух i замаразкаў. Прычым замаразкi сталi позневеснавымi (у маi) i раннявосеньскiмi (у вераснi). Гэта абумоўлена актыўнай мелiярацыяй Палесся, праведзенай ў сярэдзiне мiнулага стагоддзя. З-за яе колькасць замаразкаў на паўднёвай частцы рэспублiкi стала сувымяральнай з iх колькасцю на поўначы краiны, хоць да мелiярацыi колькасць замаразкаў на поўначы была ў 2 разы большая, чым на поўднi Беларусi.

— А як змянялася тэмпература?

— Калi паглядзець у глабальным маштабе на апошнiя 150 гадоў, то можна ўбачыць, што тэмпературныя змяненнi мелi тры вiдавочныя максiмумы. Першы прыпаў на канец XIX стагоддзя, потым назiралася падзенне тэмпературы з 1905 па 1915 год, пасля чаго зноў адбыўся рост тэмпературы i яе максiмум прыпаў на пачатак 40-х гадоў. У сярэдзiне 70-х назiраўся мiнiмум — вучоныя сур'ёзна загаварылi аб праблеме глабальнага пахаладання, прапаноўвалi розныя шляхi выхаду з сiтуацыi, але сама прырода ўсё вырашыла iнакш. Тэмпература пачала павялiчвацца i зараз мы выйшлi на чарговы максiмум. У глабальным маштабе тэмпературны рост пачаўся дзесьцi з сярэдзiны 70-х гадоў, а менавiта ў нас — дзесьцi з 1988 года.

— Атрымлiваецца, што за апошнiя 150 гадоў назiралася тры тэмпературныя "хвалi"?

— Менавiта. Цiкава, што ў нас 1989-ы i 1990-ы сталi самымi цёплымi гадамi за апошняе стагоддзе. У глабальным (планетарным) маштабе самымi цёплымi былi 1998, 2005, 2002, 2004, 2007 i 2001 гады (па меры памяншэння тэмпературы). 2008 год быў самым халодным у новым стагоддзi (у глабальным маштабе), а ў Беларусi ён выдаўся даволi цёплым.

— Цi iснуе нейкае тлумачэнне такiх неадпаведнасцяў?

— Адназначных адказаў, на жаль, пакуль няма. Можна гаварыць аб змяненнi цыркуляцыi паветраных мас, але чаму так адбываецца, сказаць цяжка.

Зараз мы атрымалi зусiм новыя выдатныя вынiкi змянення росту тэмператур для Беларусi. Мы разлiчылi трэнды (рост) тэмпературы для кожнага дня года за перыяд з 1966 па 2008 год. Гэта каласальная праца, нiхто раней такога не рабiў. Цяпер у нас ёсць трэнд тэмпературы для кожнага дня кожнага года 43-гадовага перыяду. Абагульненне гэтых велiчыняў дазваляе зрабiць выснову, што не ўсе ранейшыя сцвярджэннi навукоўцаў пацвярджаюцца на практыцы. Так, заяўлялася, што рост тэмпературы апошнiм часам назiраецца менавiта зiмой (па зiмовым тыпе). Мы паказалi, што не ўсё так проста. Сапраўды, у студзенi ёсць вельмi сур'ёзны рост, але ён прыпадае на сярэдзiну месяца, а ў канцы лютага ён ужо значна менш адчувальны. Другi максiмум тэмпературнага росту, як паказалi нашы даследаваннi, назiраецца ў лiпенi-жнiўнi, а мiнiмум — у лiстападзе. Прасцей кажучы, на працягу года маюць месца цыклiчныя змяненнi велiчыняў трэндаў тэмпературы. У залежнасцi ад канкрэтнага дня года трэнд мяняецца i можа быць вялiкiм станоўчым, малым станоўчым, а ў асобныя месяцы нават слаба адмоўным (май, лiстапад). На гэта раней мала звярталi ўвагу, але гэта вельмi важна.

— Чым абумоўлены такiя цыклiчныя змяненнi?

— Iснуе пэўная сувязь памiж змяненнем тэмпературы i адвекцыяй (гарызантальным перамяшчэннем) цяпла акiянiчнымi цячэннямi. Перыяды павелiчэння гарызантальнага пераносу цяпла цячэннямi сiстэмы Гальфстрым адпавядаюць двум тэмпературным максiмумам, якiя назiраюцца на працягу года (у сярэдзiне студзеня—пачатку лютага i ў канцы жнiўня). Гэта тлумачыцца даволi проста: на нашу тэрыторыю i на ўсю Еўропу ўплывае сiстэма Гальфстрым. Яна вызначае iнтэнсiўнасць так званага паўночна-атлантычнага вагання атмасфернага цiску субтропiкаў i ўмераных шыротаў. Чым яно большае, тым больш iнтэнсiўным будзе заходнi струмень паветраных мас i тым больш цёплай у нас будзе зiма (цяпло перамяшчаецца да нас з Заходняй Еўропы). Калi рознiца цiскаў невялiкая, то ў нас здараюцца частыя "пранiкненнi" з Поўначы, i зiмы ў такiя гады халодныя.

Раней, аналiзуючы тэмпературу, вучоныя працавалi ў асноўным з месячнымi велiчынямi, а гэта не лепшы варыянт. Новыя звесткi дазваляюць нам выкрыць больш "тонкiя" асаблiвасцi змянення клiмату i мадуляцыю амплiтуд ваганняў клiмату прытокам цёплых водаў. Яны дапамаглi вызначыць паўгадавое ваганне велiчынi тэмпературнага росту.

— Вы ўзгадвалi тры хвалi павышэння тэмпературы, якiя назiралiся на планеце за апошнiя 150 гадоў. Наколькi адчувальным было тое пацяпленне?

— Дзесьцi з 1917 года ў высокiх палярных шыротах пачала iнтэнсiўна павышацца тэмпература, якая дасягнула свайго максiмуму ў канцы 30-х гадоў. Гэты перыяд увайшоў у гiсторыю як перыяд пацяплення Арктыкi. Памятаеце гераiзм "чалюскiнцаў", "папанiнцаў"? Некаторыя не самыя выдатныя савецкiя судны тады праходзiлi паўночны марскi шлях усяго за адну навiгацыю. Я нi ў якiм разе не стаўлю пад сумненне гераiзм савецкiх людзей, проста тлумачу, што клiмат iм значна спрыяў (Арктыка ў той час была цёплай, ледавiтасць — мiнiмальнай).

— Чаму тады нiхто не бiў у звон? Пацяпленне абавязкова выклiкала раставанне льдоў, што павiнна было прывесцi да павышэння ўзроўню акiяна, а гэта, у сваю чаргу, — адбiцца на яго тэмпературы, салёнасцi i г.д.?

— Пакуль што павелiчэнне ўзроўню Сусветнага акiяна складае 3 мiлiметры ў год. Гэта 30 сантыметраў за 100 гадоў — пры ўмове захавання сённяшняй хуткасцi прыросту. Ацэнкi вагання ўзроўню акiяна разыходзяцца, адны вучоныя сцвярджаюць, што да канца стагоддзя ўзровень Сусветнага акiяна павялiчыцца на некалькi дзясяткаў сантыметраў, iншыя — што ён узнiмецца на 0,9 метра, асобныя вучоныя называюць i большую лiчбу — да некалькiх метраў.

Тут важна падкрэслiць сам факт, што пацяпленне Арктыкi ўжо адбывалася i нiякiх катастрафiчных наступстваў пакуль не выклiкала.

Звярну ўвагу яшчэ на адну акалiчнасць. Калi ўзяць пяць самых цёплых летнiх сезонаў у канцы 30-х гадоў (напрыклад, у 1936-м, 1937-м, 1938-м, 1939-м, 1940-м) i апошнюю нашу пяцiгодку (2004-ы, 2005-ы, 2006-ы, 2007-ы, 2008-ы), то мы ўбачым, што сярэдняя летняя тэмпература гэтых двух перыядаў будзе сувымяральнай (яны практычна супадуць). Гэта значыць, што летняя тэмпература ў параўнаннi з 30-i гадамi XX стагоддзя павялiчылася не настолькi значна, як зiмовая. Адсюль вынiкае, што сённяшняе наша пацяпленне i пацяпленне Арктыкi з'яўляюцца пацяпленнямi рознага тыпу i абумоўленыя рознымi прычынамi. Калi пацяпленне 30-х гадоў можна аднесцi да пацяплення "летняга тыпу", то сённяшняе — да "зiмовага". Першае я патлумачыў бы павелiчэннем прытоку сонечнай радыяцыi ў сувязi з ачышчэннем атмасферы ад вулканiчнага аэразолю — у тыя гады практычна не здаралася буйных вулканiчных вывяржэнняў (пасля значных вулканiчных вывяржэнняў заўсёды панiжаецца тэмпература, бо з-за аэразолю ў атмасферы летам скарачаецца прыток сонечнай радыяцыi. Фактар сонечнай радыяцыi "працуе" ў асноўным у цёплую пару года, а зiмой ацяпляльны эфект воблачнасцi забяспечвае каля 50 працэнтаў велiчынi змянення тэмпературы). Сучаснае пацяпленне можа быць звязана з ростам колькасцi парнiковых газаў у атмасферы. Хаця тут не ўсё так адназначна.

— Цi можна гаварыць аб павелiчэннi за апошнiя дзесяцiгоддзi колькасцi анамальных клiматычных з'яў?

— Гледзячы якiх. Пра засухi мы ўжо гаварылi. Гэта вынiк мелiярацыi, як i замаразкi на тарфянiках. Зусiм нядаўна мы разам з калегамi з Брэста правялi вялiкую аналiтычную работу, дзе разгледзелi ўсе стыхiйныя метэаралагiчныя з'явы, характэрныя для Беларусi. Вынiкi паказалi, што, напрыклад, колькасць шквалаў на Беларусi, сапраўды, павялiчылася, затое туманаў — паменшылася. Як паменшылася колькасць суровых шматснежных зiмаў, галалёдаў, завей i iнею. Што датычыцца навальнiц, можна гаварыць аб цыклiчным змяненнi iх паўтаральнасцi кожныя 12-15 гадоў. Нельга сцвярджаць, што пацяпленне клiмату прыводзiць да росту экстрэмальных метэаралагiчных з'яў. Не ўсiх. Вось колькасць лiўняў у Беларусi сапраўды павялiчылася. Лiўнi — гэта ападкi вялiкай iнтэнсiўнасцi, але кароткай працягласцi. Максiмальнае сярэднегадавое значэнне колькасцi дзён з лiўневымi ападкамi ў перыяд з 1988 па 2008 гады адзначаецца на поўначы i захадзе Беларусi. У апошнiя гады ўзрасла паўтаральнасць зiмовых лiўневых дажджоў. У цёплы час года iх колькасць павялiчылася да 11-15 дзён, а ў асобныя гады да 22 i больш дзён у месяц. Найчасцей яны выпадаюць на наветранай частцы ўзвышша — на Навагрудчыне, Мiншчыне, Гарадоччыне, а таксама ў заходняй i цэнтральнай частцы Палесся.

— Чым абумоўлена павелiчэнне колькасцi лiўняў?

— Па-першае, колькасць лiўняў павялiчылася ў гарадах, дзе, як правiла, больш забруджанае паветра i адпаведна больш ядраў кандэнсацыi. Акрамя таго, лiўнi развiваюцца, калi ёсць магутныя канвектыўныя рухi, што мае месца летам i асаблiва ў буйных забруджаных гарадах. Аднак хачу падкрэслiць, што ўздзеянне чалавека — не адзiны i не галоўны фактар. Нельга сцвярджаць, што павелiчэнне колькасцi лiўняў адназначна абумоўлена вынiкамi чалавечай дзейнасцi.

— З вашых слоў вынiкае, што мы зараз жывём на пiку чарговай хвалi павышэння глабальнай тэмпературы. Якiя прагнозы змянення клiмату можна зрабiць на найблiжэйшую перспектыву для планеты ў цэлым i для Беларусi ў прыватнасцi?

— Тут варта гаварыць не пра прагнозы, а пра сцэнарыi. Зараз большасць вучоных сыходзiцца ў меркаваннi, што ў канцы стагоддзя глабальная сярэднегадавая тэмпература павялiчыцца на 2-3 градусы. Для нашай тэрыторыi гэтае павелiчэнне можа быць крыху большым — у памежку 3-4 градусаў, бо пацяпленне ў асноўным мае максiмальныя велiчынi ў высокiх шыротах (напрыклад, у тропiках рост тэмпературы чакаецца меншым — у памеры 1 градуса).

У параўнаннi з пачаткам мiнулага стагоддзя тэмпература на тэрыторыi Беларусi ўжо вырасла на 1 градус. Нашы ацэнкi паказваюць, што на працягу 25—30 найблiжэйшых гадоў тэмпература можа павялiчыцца яшчэ на 1 градус.

— Гучыць не вельмi страшна...

— Гэта толькi сцэнарый. Я сам не вельмi веру ў далейшае значнае павелiчэнне тэмпературы. Можна, вядома ж, меркаваць, што тэмпература працягне павышацца, але мы вышэй казалi пра тэмпературныя "хвалi". I з такой жа верагоднасцю тэмпература пад уздзеяннем натуральных фактараў (напрыклад, вывяржэння вулканаў) можа пайсцi на спад. Агульны рост тэмпературы мае месца, я яго не адмаўляю, але на гэтым фоне ёсць яшчэ цыклiчныя тэмпературныя змяненнi.

— Многiя гучна прарочаць хуткi надыход клiматычнай катастрофы, абумоўлены павелiчэннем парнiковых газаў у атмасферы...

— Пакуль што гаварыць аб трагiчных наступствах, выклiканых павышэннем канцэнтрацыi парнiковых газаў, рана — для гэтага iх утрыманне ў атмасферы павiнна павялiчыцца як мiнiмум у два разы. Пры павелiчэннi iх канцэнтрацыi на 15—20 працэнтаў катастрофы не адбудзецца. Цалкам спынiць працэс выкiду ў атмасферу парнiковых газаў не атрымаецца — гэта вельмi i вельмi дорага. Для захавання iх канцэнтрацыi на ўзроўнi, вышэйшым за сённяшнi на 20 працэнтаў, неабходна затрацiць 18 трыльёнаў долараў ЗША. Такое пакуль не пад сiлу сусветнай супольнасцi. Асноўная крынiца выкiду парнiковых газаў — энергетыка. У 2005 годзе Кiтай на электрастанцыях спальваў 1,742 мiльёна тон умоўнага палiва, у 2030 годзе гэтая лiчба вырасце да 3,812 мiльёна тон. Прычым, энергетыка ў Кiтая ў асноўным вугальная, вугальнай яна i застанецца, бо ў Кiтая вялiзныя прыродныя запасы гэтага карыснага выкапню, а сонечная i ветраная энергетыкi ў параўнаннi з вугальнай даражэйшыя ў 5—10 разоў. Такая ж сiтуацыя i з Iндыяй, якая за найблiжэйшыя 20 гадоў плануе больш чым удвая павялiчыць долю сваёй вугальнай энергетыкi.

— А як жа Кiёцкi пратакол?

— З экалагiчнага пункту гледжання прапiсаныя ў iм мерапрыемствы архiкарысныя, паколькi разам са скарачэннем выкiду парнiковых газаў яны прадугледжваюць i памяншэнне выкiдаў iншых шкодных рэчываў у атмасферу. Але гэта вельмi затратна, i спынiць працэс выкiду парнiковых газаў у запланаваныя тэрмiны не атрымаецца. Сёння ўмовы Кiёцкага пратакола выконваюць толькi некалькi краiн з 27 членаў Еўрапейскага Саюза. Астатнiя павялiчваюць аб'ёмы выкiдаў. Але нават калi ўсе 27 краiн ЕС пачнуць выконваць палажэннi Кiёцкага пратакола, сiтуацыя радыкальна не зменiцца, бо доля ЕС у сусветным аб'ёме выкiдаў парнiковых газаў не перавышае 20 працэнтаў.

Падсумоўваючы нашу размову, адзначу, што, нягледзячы на далейшы рост канцэнтрацыi парнiковых газаў у атмасферы, ў найблiжэйшы час нiчога экстраардынарнага з клiматам не адбудзецца. Калi б клiмат сапраўды настолькi моцна мяняўся ў апошнiя тысячагоддзi, чалавецтва не захавалася б на Зямлi. Павелiчэнне парнiковых газаў — адзiн з фактараў, але не адзiны. Астатнiя фактары нiхто не адмяняў. Напрыклад, вулканiчныя аэразолi, якiя кампенсуюць пацяпленне клiмату. Калi па нейкiх прычынах павялiчыцца воблачнасць, яна таксама прывядзе да панiжэння тэмпературы летам. У праблемы глабальнага пацяплення вельмi высокая ступень нявызначанасцi. I калi нехта адназначна заяўляе, што ўся прычына ў парнiковых газах, то ён альбо проста не разумее сiтуацыю, альбо iмкнецца напалохаць грамадскасць. Чалавецтву не варта перабольшваць сваю ролю ў працэсе глабальнага пацяплення.

— Дзякуй за размову.
 

Гутарыла Iнга МIНДАЛЁВА


Каментарыяў: 0

Даслаць каментарый

Iмя


 

 

←В пригороде польского Радома установят памятник погибшим белорусским летчикам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика