Касмічны біёлаг ці скалалаз? А можа, ваша дзіця авіямадэліст ад прыроды ці таленавітая вышывальшчыца?
Некалькі гадоў таму запрашэнне тычылася ў асноўным гарадскіх дзяцей. З прыняццем дзяржаўнай праграмы адраджэння сяла ўстановы пазашкольнай адукацыі пачалі адчыняцца ў аграгарадках і звычайных вёсках. І вось ужо абсталяванню дзіцячай відэастудыі аграгарадка Верцялішкі можа пазайздросціць сталічны цэнтр тэхнічнай творчасці навучэнцаў. У параўнанні з мінулым годам у Беларусі з’явілася 17 новых устаноў пазашкольнай адукацыі. — толькі тры краіны постсавецкай прасторы — Беларусь, Украіна і Расія — захавалі пабудаваную пры Савецкім Саюзе сістэму пазашкольнага выхавання і навучання, — кажа начальнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Беларусі Віктар Якжык. — Прычым Беларусь яе не толькі захавала, але і развівае: штогод з’яўляюцца новыя ўстановы і расце колькасць навучэнцаў. Як з’яўляюцца новыя гурткі? Практыка паказвае, што яны растуць бы грыбы пасля дажджу пры дзвюх умовах: калі ва ўстанове ёсць належная матэрыяльная база і творчыя педагогі. Дзятву прыцягвае род дзейнасці гуртка, магчымасць знайсці новых сяброў, увасобіць мары, а таксама асоба дарослага-кіраўніка. Таму папулярнасцю можа карыстацца і гурток па вырабу штучных кветак, які вядзе педагог пенсіённага ўзросту, і секцыя пешага турызму на чале з трыццацігадовым аматарам вандровак і гітары. Хаця час уносіць свае карэктывы: за апошнія гады гурткі кройкі і шыцця масава ператварыліся ў тэатры моды і студыі канструявання адзення, з’явіліся “навукаёмкія” гурткі кшталту ландшафтнага дызайну і касмічнай біялогіі на чале з кандыдатамі сельскагаспадарчых навук, клубы па вывучэнні мультымедыйных тэхналогій. Па-ранейшаму на хвалі вучнёўскіх сімпатый картынг, суднамадэліраванне, авіямадэліраванне. Бадай, самы вядомы ў краіне педагог-пазашкольнік — кіраўнік інтэлектуальнага клуба “Белая Рысь” Гомельскага абласнога Палаца моладзі Леанід Клімовіч. А спіс самых незвычайных і любімых вучнямі гурткоў можна працягваць бясконца: у ім і аршанскі аэраклуб з парашутнай вышкай, і гомельскі клуб юных маракоў, што размешчаны на сапраўдным судне, і слонімскі кадэцкі гурток з уласным статутам і шматгадовымі традыцыямі. Заўважце: усе гэтыя ўстановы і аб’яднанні ўзначальваюць мужчыны, якія застаюцца ў сістэме пазашкольнай адукацыі, нягледзячы на сціплыя заробкі. Хаця тэндэнцыя вымывання з сістэмы кваліфікаваных кадраў, на жаль, існуе. Як выбраць менавіта свой гурток? — Наведайце найбліжэйшую да вас установу пазашкольнага выхавання, — раіць Віктар Якжык. — Агульнаадукацыйная школа, у якой вучыцца ваша дзіця, таксама валодае звесткамі пра навакольныя гурткі і клубы. Урэшце, інфармацыя пра пазашкольныя ўстановы размешчана на інтэрнет-старонцы Міністэрства адукацыі і абласных упраўленняў адукацыі.