Тройчы дзевяць
Чароўныя дзявяткi не карыстаюцца папулярнасцю ў магiлёўскiх маладых. 09.09.09 у Магiлёўскiм Палацы шлюбаў адбудзецца толькi адна ўрачыстая цырымонiя рэгiстрацыi.
Удзень 24-гадовая магiляўчанка Таццяна ў залатой зале возьме шлюб з 28-гадовым сталiчным прадпрымальнiкам Сяргеем. Вяселле будзе традыцыйным, у святочнай вячэры возьмуць удзел толькi самыя блiзкiя сваякi i сябры.
— Нам проста спадабалася гэтая лiчба, — сказала шчаслiвая нявеста напярэдаднi. — Мы спадзяёмся, што 09.09.09 прынясуць нам шчасце.
Таццяна i Сяргей пазнаёмiлiся некалькi месяцаў таму на працы, i каханне практычна з першага погляду завяршаецца вяселлем. Адна вялiкая мара маладых — пабудаваць уласны дом каля Мiнска i жыць шчаслiва.
— Шчасце залежыць ад даверу i ўзаемаразумення, — упэўненая Таццяна. — Калi гэта будзе, усё будзе добра. Мы хочам крочыць разам i дамагацца сваiх мэтаў.
Насуперак чаканням i практыцы папярэднiх гадоў, калi неверагодным попытам карысталiся даты 07.07.07 i, асаблiва, 08.08.08 з лiчбавым намёкам на бясконцасць кахання, на сёлетняе 9 верасня ахвотнiкаў жанiцца няшмат. Можа, паўплываў нязручны для вялiкiх урачыстасцяў дзень тыдня — серада?
А iншыя кажуць, што дзявятка — гэта перакуленая шасцёрка, якая, у сваю чаргу, лiчыцца нядобрай лiчбай. Але гэта толькi версii. Ва ўсякiм разе, некалькi "зорных" шлюбаў прызначаны якраз на 09.09.09.
— Чалавечае шчасце зусiм не залежыць ад лiчбаў, — пераканалася за шматлiкiя гады працы начальнiк аддзела ЗАГС Магiлёўскага гарвыканкама Алена Казлова. — Шчасце ў шлюбе залежыць ад самiх людзей, якiя вырашылi будаваць сваю сям'ю.
Ілона Iванова.