Любоў

Источник материала:  

Ты толькi збiраешся прыйсцi ў наш свет, а цябе ўжо чакаюць блiзкiя людзi са сваёй любоўю. Ты прыходзiш у свет любовi сваiх бацькоў, дзядоў i братоў. Ты жывеш i вакол цябе ўсё меней i меней людзей, якiя любяць цябе так, як любiлi яны. Ты дажываеш да таго дня, калi нiводнага з iх больш няма ў нашым свеце. Ты яшчэ жывеш тут, а яны ўжо чакаюць цябе са сваёй вялiкай любоўю там.

Конь Арцём

Не шкадаваць пра мiнулае, не ўскладаць вялiкiх надзей на будучыню, жыць, як набяжыць, i радавацца таму, што ёсць... Падумаў пра мiнулае, i згадаўся мне конь Арцём вялiкi, нязграбны, худы. Арцёма я запрагаў i ехаў з вёскi Рудня ў вёску Вуглы па хлеб i мяса для сваiх студэнтаў-аднакурснiкаў, якiя капалi бульбу. Добра б было мець свайго каня, i назваў бы я яго зноў жа ж Арцёмам, але мне больш не трэба ездзiць з вёскi Вуглы ў вёску Рудня, таму мне больш чым дастаткова аднаго хуткаплыннага ўспамiну пра чорнага каня, на якiм я еду праз цёплы вераснёўскi лес.

Гумовыя боты

Жаданне зайсцi ў лужыну неадольнае, але ты стаiш на самым беразе, пазiраеш у перакулены дагары нагамi свет i не заходзiш у ваду. Табе дзесяць гадоў. Бацькi забаранiлi прыходзiць дадому з мокрымi нагамi. За мокрыя ногi яны сварацца на цябе, а ты сцiнаешся i праз слёзы просiш купiць гумовыя боты. Мацi абяцае табе купiць боты. Нарэшце, вы з ёй схадзiлi ў краму, намералi i набылi блiскучыя чорныя гумовыя боты. Ты бегма ляцiш да любiмай шырознай лужыны. Цяпер можна... Ты асцярожна заходзiш у ледзяную ваду. Нават праз гуму чуваць яе холад. Ты брыдзеш па вадзе. Шчасце — iсцi праз вясновую лужыну ў новых гумовых ботах.

Лiда i грошы

Самотная саракагадовая мiнчанка — Лiда Данiлевiч — прадала кватэру. Нiколi ў жыццi Лiда не атрымлiвала столькi грошай, як за трохпакаёўку мамы-нябожчыцы. Адразу пасля мамiнай смерцi Лiда паспрабавала кватэру здаваць, але кватаранты ёй траплялiся несумленныя. У рэшце рэшт кватэра прадалася. На атрыманыя грошы Лiда планавала купiць новую мэблю ў сваю аднапакаёўку, а яшчэ яна запланавала справiць касцюм i палiто палюбоўнiку — дальнабойшчыку з Вiцебска. Карацей, планаў на грошы ў Лiды хапала. Але на яе грошы ў iншых людзей былi зусiм iншыя планы. Два рабаўнiкi высачылi жанчыну. Уночы адзiн з iх спусцiўся па вяроўцы з даху на гаўбец да Лiды Данiлевiч. Другi рабаўнiк забраў вяроўку i па сходах прыбег да дзвярэй самотнай жанчыны. Рабаўнiкi лiчылi Данiлевiч з грашыма лёгкай здабычай. Лiда i сапраўды была лёгкай здабычай, але якраз у тую ноч у яе ложку ляжаў магутны дальнабойшчык. Ён не толькi зламаў руку рабаўнiка, якi лез праз гаўбец. Ён яшчэ да з'яўлення мiлiцыянтаў прымусiў скалечанага чалавека распавесцi ўсё чыста пра напарнiка i пра наводчыцу з агенцтва нерухомасцi. Наступным днём Лiда Данiлевiч купiла палюбоўнiку два палiто i зiмовую куртку.

Вiльнюс i пытанне

Ідучы па Вiльнюсе, абавязкова сустрэну чалавека з пытаннем: "Што ты тут робiш?" Безлiч разоў я казаў: "Жыву". Але зноў i зноў знаходзiцца новы чалавек са старым пытаннем. Я нiчога нiколi ў Вiльнюсе не рабiў, толькi жыў. Прыязджаў я сюды i жыў. Калi нехта мне прапаноўваў нешта нейкае рабiць, я адмаўляўся. Былi выпадкi, калi я адмаўляўся не адразу, але адмаўляўся заўжды.

Бронiк i зэдлiк

Дзед Бронiк зрабiў мне персанальны зэдлiк, каб я мог разам з дарослымi сядзець за сталом. Той зэдлiк быў збiты доўгiмi цвiкамi з трох невялiкiх, але тоўстых дошак. Ён меў дзве шырокiя нагi ды гладкае сядзенне. Дзед добра зашкурыў зэдлiк наждаком i пакрыў яго алейнай фарбаю з пакостам. Зэдлiк займеў брунатна-чырвоны хатнi цёплы колер. Я любiў сядзець на зэдлiку i глядзець на полымя ў рускай печы, калi баба Ядзя гатавала сняданак, пякла тонкiя залатыя блiны. Я важна сядзеў на сваiм новым зэдлiку, спiнаю да сiняга зiмовага акна, i глядзеў на трымтлiвыя языкi агню. Дзе падзеўся мой зграбны двухногi зэдлiк? Магу здагадацца: нейкi час ён яшчэ паслужыў у нашай вялiкай сям'i меншым за мяне дзецям. Калi замест шырокай лавы i вялiкiх чатырохногiх зэдляў вакол стала паставiлiся крэслы, малы зэдлiк прапаў. Пэўна, марознымi вечарамi ён, разам са старой лаваю i старымi зэдлямi, весела згарэў у грубцы.

Грышкевiч, Грышкавец
i Макарэвiч

За сталом, пазастаўляным высокiмі шклянкамi з пiвам, беларускi краявiдапiсальнiк Грышкевiч распавёў, як у яго купляў палотны расiйскi артыст Грышкавец. Барадаты мастак казаў, што кепска паголенага артыста зацiкавiла сугучнасць прозвiшчаў Грышкевiча i Грышкаўца, таму прадаўся не адзiн а два краявiды. "А ў мяне мiнорны комiк, Грышкавец, нiчога не купiў!" — уздыхнуў я. "У цябе купляюць карцiны толькi таму, што цябе ведаюць як пiсьменнiка. Так i ў Андрэя Макарэвiча купляюць карцiны, бо ўсе ведаюць песнi Макарэвiча!" — сказаў сiвабароды краявiдапiсальнiк i зрабiў вялiкi глыток светлага пiва.

Вова i канапа

У кватэры з'явiлася новая скураная канапа. Старую канапу, якую рапаравалi ўжо тры разы, я пераставiў у кабiнет, а новая заняла яе месца ў зале. Унук Вова сеў на абнову i спытаў: "Чыя гэта канапа?" — "Твая!" — кажу. "Праўда?" — Вова не ведаў, цi можна верыць, вочы ягоныя поўнiлiся сумневамi. Я згадаў, як у маленстве пытаўся ў дзеда Бранiслава пра канапу, як ён казаў, што канапа з люстэркам i фаянсавымi слонiкамi мая, i я ў любы час магу прыязджаць i спаць на сваёй канапе. У хвiлiны роспачы я згадваў канапу ў дзедавым доме, i рабiлася лягчэй жыць. "Вова, канапа твая! I ты ў любы час можаш прыйсцi да мяне, i можаш спаць на сваёй канапе колькi захочаш!" — "Калi нехта iншы захоча паспаць на маёй канапе, ён будзе пытаць у мяне дазвол?" — "Будзе". — "I я магу ўсiм забаранiць спаць на сваёй канапе?" — "Можаш". Вова мне паверыў...

Адам ГЛОБУС.

 

 

←Французский пенсионер разбился в Альпах на угнанном самолете и остался жив

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика