Уладыка Сафронiй вярнуўся да службы
Епiскап Магiлёўскi i Мсцiслаўскi Сафронiй, на якога 23 жнiўня ў храме напаў мужчына, пайшоў на папраўку. Уладыку выпiсалi з бальнiцы хуткай дапамогi, дзе яму зрабiлi паспяховую аперацыю пасля нажавога ранення.
У нядзелю Сафронiй адслужыў у Магiлёўскiм кафедральным саборы Трох Свяцiцеляў падзячны малебен.
— Дзякуй Богу! — адказаў уладыка Сафронiй на пытанне карэспандэнта "Звязды" пра здароўе.
Цi не ўзмацнiлi ахову магiлёўскага епiскапа пасля нападу? "Мая ахова — Бог", — лiчыць Сафронiй.
Магiляўчанiн, якi напаў у храме на ўладыку, арыштаваны i за кратамi чакае суда. Як паведамiў першы намеснiк Ленiнскага РАУС г. Магiлёва Сяргей Каралёў, злачынца выкрыты. У мiлiцыi таксама пацвердзiлi iнфармацыю аб праблемах з псiхiчным здароўем 36-гадовага мужчыны: за некалькi дзён да нападу на епiскапа ён выйшаў з Магiлёўскай псiхiятрычнай бальнiцы.
— Я не ведаю ступенi яго раскаяння, — сказаў уладыка Сафронiй аб сваiм стаўленнi да чалавека, якi напаў на яго i паранiў. — Няхай праваахоўныя органы разбiраюцца з iм i вызначаюць ступень яго вiны.
Ілона Iванова.