Купальскi i жнiўны вянкi

Источник материала:  

Вянок: вянок з лугавых кветак i траў стаў абавязковым атрыбутам галоўнага летняга святкавання — Купалля. Хлопцы i дзяўчаты выкарыстоўвалi вянкi, каб даведацца пра сваю будучыню.

  Таксама, як i на Тройцу, iх кiдалi ў раку — патоне, прыстане да берага або паплыве далёка, у чужую старану; клалi на ноч пад падушку з надзеяй убачыць прароцкi сон; закiдвалi на высокае дрэва — калi вянок зачэпiцца за яго галiны з першага разу, то вяселле будзе ў гэтым годзе.

   Людзi старэйшага пакалення захоўвалi купальскiя вянкi на працягу ўсяго года як надзейны абярэг ад чараўнiцтва: купальскiя вянкi развешвалi па сценах хаты, у хляве, надзявалi на рогi карове i г. д.

  Для таго, каб купальскi вянок валодаў большай магiчнай сiлай, яго неабходна было сплесцi на свiтаннi, у поўнай маўклiвасцi, з няцотнай колькасцi траў, дадаючы туды травы з моцным пахам i пякучыя раслiны (напрыклад, палын, крапiву-жычку).

  У час заканчэння жнiва плялi вянок з апошнiх зжатых цi сабраных з поля каласоў пшанiцы, жыта, ячменю, аўса. У некаторых рэгiёнах Беларусi на працягу ўсяго жнiва збiралi падвоеныя каласы — "спарышы" — сiмвал дабрабыту i прыбытку, якiя потым дадавалi ў гэты вянок. Вянок упрыгожвалi папяровымi стужкамi, гронкамi рабiны, калiны.

  Звычайна "жнiўны" вянок плялi дзяўчаты, а потым урачыста апраналi яго на галаву лепшай жняi. У Беларусi такая дзяўчына, самая прыгожая i спрытная, звалася Багiня цi Талака. У некаторых рэгiёнах такiм вянком каранавалi лепшага хлопца, якi браў удзел у жнiве. Жнiўны вянок захоўвалi на працягу года ў "чырвоным" куце або вешалi на дзвярах.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

 

 

←Подписан указ президента о стимулировании научной, научно-технической и инновационной деятельности

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика