ХУТКА, ДАЖДЛІВА I... БЯСПЕЧНА!

Источник материала:  

"Асцярожна, дзверы зачыняюцца, наступны прыпынак — "Аэрапорт Мiнск-1". Звычайна паўпусты напрыканцы маршруту аўтобус № 100 на гэты раз пад'язджаў да канцавога прыпынку запоўнены маладымi хлопцамi i дзяўчатамi... У суботу, 5 верасня, на тэрыторыi аэрапорта "Мiнск-1" прайшоў этап Адкрытага Чэмпiянату Беларусi па драгрэйсiнгу BURN RACING.BY.

Аэрапорт сустракаў гледачоў iмжой. Блiжэй да 11 гадзiн, час афiцыйнага пачатку мерапрыемства, яна ператварылася ў сапраўдны лiвень. Чарга з парасонаў большала з кожнай хвiлiнай, iншыя хавалiся на прыступках аэравакзала. Пасля гадзiны чакання першыя гледачы змаглi трапiць на тэрыторыю мерапрыемства. Праўда, для гэтага даводзiлася праходзiць ажно праз тры пасты службаў бяспекi. А вось уваходныя бiлеты, за якiя былi аддадзены не зусiм i малыя грошы, так за цэлы дзень нiхто i не правяраў. Па словах арганiзатараў, каб было добрае надвор'е, то ўсё было б больш строга.

ХУТКА, ДАЖДЛІВА I... БЯСПЕЧНА!Парадавала, што многiя людзi прыходзiлi цэлымi сем'ямi. А з якiм захапленнем малыя хлопчыкi глядзелi на дарослых дзядзькаў на матацыклах i за рулём аўтамабiля! Магчыма, хтосьцi з гэтых дзяцей пад уражаннем убачанага зоймецца аўтаспортам i стане калiсьцi, напрыклад, першым беларусам у Формуле-1! (а чаму б i не!)

Народ пацiху напаўняў iмправiзаваныя трыбуны, прабiраючыся цераз перашкоды ў выглядзе лужаў, а дождж сцiхаць i не думаў. Арганiзатары нервова пазiралi на неба i сачылi за гадзiннiкам, а выратоўваць сiтуацыю ўзялiся мiнскiя майстры стантрайдынгу (выкананне неверагодных трукаў на матацыкле). Пад пралiўным дажджом гэта глядзелася яшчэ больш нерэальна! Здавалася, што бачыш трэйлер галiвудскага фiльма цi эпiзод з камп'ютарнай гульнi.

Чаго ў беларусаў не забярэш, дык гэта цярпення, за некалькi гадзiн чакання колькасць гледачоў не толькi не паменшылася, а наадварот — павялiчылася! Няўжо паспелi пад'ехаць тыя, да каго дайшлi чуткi, што бiлеты нiхто не патрабуе?.. I гледачы былi ўзнагароджаны за ўстойлiвасць! Хмаркi сышлi, трошкi пасвятлела, нават на некаторы час выглянула i сонейка. На ўзлётную паласу аэрапорта выехаў рарытэтны грузавiк 1954 года з самалётнай турбiнай на сабе. З дапамогай гэтага механiзма з гоначнай трасы здзьмувалiся рэшткi вады. Найбольш не пашанцавала гледачам на VIP-месцах, дзьмула акурат ў iх бок. Палатку даводзiлася трымаць усiм натоўпам!

Яшчэ некалькi хвiлiн — i ўсе дачакалiся таго, дзеля чаго сабралiся, — першая пара блiскучых аўтамабiляў выйшла на старт. Шкада толькi, што з-за надвор'я так i не атрымалася ўсталяваць электронiку, i час, якi паказвалi ўдзельнiкi, фiксаваць не атрымоўвалася. Так што спартсмены парадавалi гледачоў толькi паказальнымi заездамi. Прычым пераможцу з вялiкай верагоднасцю можна было выявiць да старту. Той, хто ехаў па больш сухiм асфальце, атрымоўваў вялiкую перавагу. Так што абяцаных рэкордаў не атрымалася, але было шмат цёплых эмоцый i добрага настрою! А што яшчэ так яднае людзей, як не адзiн парасон на дваiх! Разыходзiлiся ўсе задаволеныя i большасць без пачуцця змарнаванага часу... Наступная сустрэча 26 верасня ў Лагойску!

Яўген ВАРАКСА, фота аўтара.

Даведка "Звязды"

Драгрэйсiнг — гонка на 402, або 804 метры на прамой трасе, у якой удзельнiчае два аўтамабiлi альбо матацыклы. Пачынае сваю гiсторыю ў Амерыцы 20-х гадоў XX стагоддзя, там на высахлым возеры Махаве, што ў Калiфорнii, былi праведзены першыя неафiцыйныя гонкi. Бурнае развiццё драгрэйсiнг атрымаў ужо ў пасляваенныя гады. Рэвалюцыя ў амерыканскiм аўтапраме зрабiла аўтамабiлi больш даступнымi шматлiкай моладзi, прадстаўнiкi якой актыўна пачалi канструяваць гоначную тэхнiку. У Еўропе першыя крокi драгрэйсiнга былi зроблены ў Англii ў 30-х гадах. На сёння мiжнародная асацыяцыя драгрэйсiнга аб'ядноўвае мiлiёны пiлотаў, у ЗША кожны год праходзiць чэмпiянат свету, якi складаецца з 24 этапаў.

У Беларусi першыя нелегальныя гонкi прайшлi на пачатку гэтага стагоддзя, а з 2006 года ўжо пры падтрымцы Беларускай аўтамабiльнай федэрацыi праводзiцца чэмпiянат Беларусi па драгрэйсiнгу.

 

 

←Подписан указ президента о стимулировании научной, научно-технической и инновационной деятельности

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика