Шукайце iнвестара!

Источник материала:  

Многiя раённыя гасцiнiцы мараць не пра зоркi на шыльдах, а пра гарачую ваду. А лазня ў адным з райцэнтраў паставiла антырэкорд: прыбiральня — толькi на вулiцы.

Гасцiнiцы ды лазнi вывучылi спецыялiсты КДК Магiлёўскай вобласцi. Калегiя камiтэта абмеркавала развiццё сферы паслуг у рэгiёне.

Прыбiральнi на калiдоры i адсутнасць гарачай вады — гэта сёння рэалii раённых гасцiнiц. Не ўсе яны маюць грамадскае харчаванне, арганiзаванае на належным узроўнi. Толькi трэць гасцiнiц маюць аўтастаянкi, а лазнi, басейны, спартыўна-забаўляльныя аб'екты, канферэнц-залы i ўмовы для бiзнэсменаў — гэта выключная рэдкасць.

У справаздачы КДК адзначана: няма сiстэмы ў развiццi гасцiнiц як галоўнага складнiка турызму, а работнiкi — ад пакаёвак да дырэктараў — маюць уяўленне пра гасцiнiцы як выключна пра часовыя дах i ложак для камандзiраванага.

Гэта не аднойчы давялося адчуць на сабе супрацоўнiкам КДК, якiя часта ездзяць у камандзiроўкi. Таму калекцыя слайдаў у якасцi iлюстрацыi да справаздачы робiць уражанне: латаныя дзверы, паламаная мэбля, скошаныя шафы, няспраўныя лямпы, абарваныя шпалеры, драныя прасцiны.

Самай заняпалай названа гасцiнiца ў Чавусах. Раённыя ўлады прызнаюць: выдаткоўваць сродкi на капiтальны рамонт старога будынка — неразумна. У Чавусах плануюць зрабiць рэканструкцыю пад гасцiнiцу iншага, больш дастойнага будынка: райцэнтр, якi месцiцца за 40 кiламетраў ад Магiлёва, разумее свае перспектывы як месца для адпачынку турыстаў, што прыязджаюць на Магiлёўшчыну. Праект гатовы, але нестае сродкаў, якiх патрабуецца аж 2,7 мiльярда рублёў.

Няма дастойнай гасцiнiцы ў Слаўгарадзе. Калi летась адзначалася 300-годдзе бiтвы пад Лясной, у раёне пабудавалi шмат, але да гасцiнiцы справы не дайшлi. Госцi, якiя прыязджалi на свята, размяшчалiся ў абласным цэнтры. Мiж тым, менавiта гэты раён мае шанцы на развiццё турызму: не толькi гiстарычныя месцы прыцягваюць людзей, але i выбiтны помнiк культуры — Блакiтная крынiца.

Затое ў Магiлёве з'явяцца ў найблiжэйшай перспектыве 7 невялiкiх прыватных гасцiнiц, некаторыя з якiх будуць разлiчаны на абслугоўванне турыстычных груп: 40 месцаў — як у аўтобусе. Хоць сёння загрузка тых гасцiнiц, якiя ўжо ёсць у абласным цэнтры, складае толькi 62 %. Нават адрамантаваны i па-сучаснаму абсталяваны 7-ы паверх самай буйной гасцiнiцы "Магiлёў" загружаны меней чым напалову.

Можа, клiентаў будзе болей, калi ў Магiлёве з'явiцца свой аквапарк? Намеснiк старшынi Магiлёўскага гарвыканкама Уладзiмiр Цiток заявiў, што вядуцца перамовы з лiтоўскай кампанiяй, i хоць яны зацягнулiся ў сувязi з крызiсам, але надзея ёсць.

Пакуль што, акрамя традыцыйных лазневых паслуг, у абласным цэнтры можна толькi атрымаць масаж пад вадой. Спецыялiсты КДК лiчаць, што лепшы Магiлёўскi лазнева-аздараўленчы комплекс у параўнаннi з расiйскiмi, турэцкiмi i егiпецкiмi аналагамi прайграе абсалютна. На пасяджэннi калегii прысутных знаёмiлi з такiмi паслугамi, як японская лазня, турэцкi хамам, таласатэрапiя, фiтапарасаўна, лаконiум i шмат iншым.

Яны маюць мудрагелiстыя назвы, але папулярныя ва ўсiм свеце. Менавiта таму развiццё комплексаў — не проста дзеля мыцця, але аздараўлення i расслаблення — з'яўляецца сёння асноўнай тэндэнцыяй развiцця сферы паслуг, сродкам прыцягнення турыстаў. I не дзе-небудзь на далёкiм Захадзе, але ўжо ў абласных i раённых цэнтрах памежнай Расii.

У беларускiх райцэнтрах народ пакуль не марыць пра лазневыя палацы кшталту кiтайскiх, а спадзяецца на чысты тазiк i духмяны венiк. Але i гэта ёсць не заўсёды, паведамiлi ў справаздачы КДК. У лазнях Крычава немагчыма набыць венiк, мыла i мачалку. У магiлёўскiх лазнях няма каналiзацыйных трапаў у распранальнях, ад чаго ёсць пастаянны застой вады i антысанiтарыя.

А ў Асiповiчах у адной з лазняў няма ў будынку прыбiральнi, калi ёсць патрэба — калi ласка, у дамок на двары. Спецыялiсты КДК не адразу паверылi, што такое ўвогуле можа быць, але тэлефанаванне клiентаў гэтай лазнi на "гарачую лiнiю" зусiм не жарт. Прычым гэта аварыя бывае не тыдзень цi месяц, а яе проста нiколi не было!

Добры спосаб паправiць становiшча ў лазнях знайшоў намеснiк старшынi КДК Беларусi Аляксандр Агееў: стаць клiентамi лазняў, на якiя скардзяцца людзi кiраўнiкам гарадоў i раёнаў.

Але ўсё ж асноўная праблема, пра якую распавядалi прадстаўнiкi з месцаў, — гэта недахоп сродкаў на рамонт i iх адсутнасць на капiтальнае пераўтварэнне цяперашнiх лазняў цi пабудовы новых. Падобна, як i з гасцiнiцамi.

Скаргi на безграшоўе далi падставу рэзкай крытыцы з боку намеснiка старшынi Магiлёўскага аблвыканкама Вiктара Некрашэвiча:

— Гэта дэманструе ўтрыманства i iнертнасць. У асноўным калегi з раёнаў канстатуюць, што справы дрэнныя. Потым лiчаць, колькi патрэбна грошай на выпраўленне. I затым едуць у вобласць з мехам для атрымання сродкаў. Трэба iсцi iншым шляхам — самiм шукаць iнвестараў i магчымасцi!

— Трэба пераадолець стэрэатып мыслення i ўбачыць перспектыву, — параiла старшыня КДК Магiлёўскай вобласцi Лiлiя Чыгiр. — Варта звярнуць пiльную ўвагу на сектар паслуг: пераасэнсаваць, вывучыць сусветны вопыт, скласцi дакладныя планы i рабiць. Таму што менавiта гэты сектар не толькi зробiць жыццё нашых людзей больш камфортным, але дасць магчымасць прыцягнуць турыстаў i зарабляць грошы.

Iлона Iванова.

 

 

←Подписан указ президента о стимулировании научной, научно-технической и инновационной деятельности

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика