Выпiў i... даездзiўся
У Мiнску ў дарожна-транспартнае здарэнне трапiў 30-гадовы кiроўца, у крывi якога было выяўлена 2,84 (!) прамiле алкаголю.
Паводле звестак аддзела па агiтацыi i прапагандзе ДАІ ГУУС Мiнгарвыканкама, нецвярозы кiроўца "Фальксвагена-Пасата" наляцеў на "перашкоду" на вулiцы Ляшчынскага каля васьмi гадзiн вечара. Спрабуючы абагнаць аўтамабiль, якi рухаўся ў спадарожным напрамку, ён выехаў на паласу сустрэчнага руху i ўехаў у прыпаркаваны "Мерседэс-Бэнц". Апошняе аўто, дарэчы, ад удару зрушылася i пашкодзiла мiкрааўтобус "Мерседэс". У гэтым здарэннi пацярпеў 29-гадовы пасажыр "рызыкоўнага" кiроўцы, якi змешчаны ў бальнiцу.
Iгар ГРЫШЫН.
Чаму не захацела жыць?
Трывожны званок паступiў у Вiцебску па тэлефоне "101": у рацэ Дзвiна — жанчына. Было гэта каля чатырох гадзiн дня.
Калi выратавальнiкi пад'ехалi па выклiку ў самы цэнтр горада, у раён парка iмя Калiнiна, убачылi ў вадзе цела, якое плыло па цячэннi. Два выратавальнiкi кiнулiся ў ваду i пры дапамозе спецыяльнага абсталявання выцягнулi жанчыну. Спрабавалi ёй дапамагчы, але было ўжо позна. Знайшлiся людзi, якiя бачылi, што нейкая жанчына гадоў 50—60 на выгляд уваходзiла ў ваду ў месцы упадання ракi Вiцьба ў Заходнюю Дзвiну. Што здарылася ў яе жыццi, чаму больш не захацела жыць?
Аляксандр ПУКШАНСКI.
Кармы загарэлiся самi?
З ААТ "Рудакова" Вiцебскага раёна а сёмай гадзiне ранiцы паведамiлi ў аварыйную службу пра тое, што гарыць сенасховiшча ў вёсцы Ноўка.
Калi пажарныя прыбылi на месца здарэння, убачылi, што гарыць сена на плошчы 100 квадратных метраў унутры металiчнага каркаснага сенасховiшча. Плошча самога сховiшча, пабудаванага летась, — 1500 квадратных метраў. У складзе было назапашана — 216 тон сена i 187 тон саломы.
Даволi хутка пажар лiквiдавалi. У вынiку агнём былi знiшчаны толькi 10 тон сена. Мяркуецца, што прычына пажару — бiялагiчнае самаўзгаранне кармоў (захоўванне сена з павышанай вiльготнасцю). Папярэднюю матэрыяльную страту ацанiлi ў 870 тысяч рублёў.
Аляксандр ПУКШАНСКI.