Мова мяняецца, бо жывая!

Источник материала:  

Пiсьменнiкi цяпер ужываюць новыя — утвораныя самастойна або запазычаныя — словы замест даўно вядомых, напрыклад, "кiвач" замест "маятнiка", "гаўбец" замест "балкона".

Пiсьменнiкi цяпер ужываюць таксама старабеларускiя словы ў сваiх тэкстах, напрыклад, "мынца" замест "манетны двор", "ляндаваць" замест "заснаваць".

Людзi пачалi ўжываць у мове i ў сваiх публiкацыях невядомыя раней паланiзмы супраць старых добрых русiзмаў.

Людзi самi ствараюць невядомыя раней словы, замест таго, каб карыстацца выключна "Тлумачальным слоўнiкам беларускай мовы" (ТСБМ) у 5 тамах, 6 кнiгах (1977—1984).

I ўсё гэта жахлiва!
 

Мова мяняецца, бо жывая!Такiя вось прэтэнзii можна часам пачуць з вуснаў якога-небудзь абуранага чытача беларускай лiтаратуры i прэсы. Якiя працэсы адбываюцца ў апошнiя гады ў нашай мове, цi заканамерныя яны, чым выклiканыя, наколькi арыгiнальныя на фоне развiцця iншых славянскiх моў i да чаго могуць нас прывесцi? Пра ўсё гэта, а таксама пра нядаўнiя падзеi ў нашых усходнiх суседзяў, якiя скарэктавалi свае моўныя нормы, мы размаўляем з доктарам фiлалагiчных навук, прафесарам, галоўным спецыялiстам Iнстытута мовы i лiтаратуры НАН Беларусi, намеснiкам старшынi Мiжнароднага камiтэта славiстаў, ганаровым членам Сафiйскага ўнiверсiтэта iмя Клiмента Охрыдскага, акадэмiкам Македонскай акадэмii навук Генадзем Апанасавiчам Цыхуном.

— Генадзь Апанасавiч, чаму нашы лiтаратары сталi, з пункту погляду некаторых чытачоў, парушальнiкамi лексiчных нормаў лiтаратурнай мовы, чаму iх перастала задавальняць лексiка, зафiксаваная ў ТСБМ?

— Трэба разумець адрозненне лiтаратурнай мовы як мовы стандартнай ад мовы мастацкай лiтаратуры. Гэта адрозенне агульнапрынятае, i студэнтам чытаюць лекцыi на тэму "Лiтаратурная мова i мова мастацкай лiтаратуры". У мове аўтара могуць ужывацца не толькi агульнапрынятыя словы i не толькi тыя, якiя ёсць у тлумачальным слоўнiку — тлумачальны слоўнiк беларускай мовы не ахоплiвае ўсё лексiчнае багацце мовы. Безумоўна, трэба iмкнуцца да найбольш поўнага адлюстравання лексiкi ў слоўнiку, але калi ствараўся ТСБМ, аўтары арыентавалiся на слоўнiк С.I.Ожагава i iншыя рускiя нарматыўныя слоўнiкi, таму шмат што засталося па-за межамi ТСБМ. Акрамя таго, тады ў аўтараў было крыху ўтрыраванае разуменне нормы: многiя словы, якiя ў жывой народнай мове ўжываюцца, пазначаныя як "абласное", "прастамоўнае", хоць у беларускай мове такое паняцце, як прастамоўнае, не павiнна ўжывацца, яно з рускай традыцыi. Каб мы маглi казаць пра прастамоўе, яно павiнна супрацьпастаўляцца "высокаму шцiлю", а ў беларускай мове такога выразнага супрацьпастаўлення няма, у адрозненне ад рускай, якая грунтуецца на царкоўнаславянскай традыцыi. У рускай мове рознiца памiж "штылямi" — ад самага пачатку фармiравання лiтаратурнай мовы, таму што руская лiтаратурная мова "вырасла" на аснове царкоўнаславянскай, i там была патрэба сачыць за тым, каб у маўленнi не змешвалася царкоўнаславянская стыхiя i стыхiя народная. А беларуская лiтаратурная мова ўзнiкла на падставе народных гаворак, таму такога паняцця як "прастамоўе" у такiм сэнсе не iснуе.

— Тых, хто ўводзiць у карыстанне новыя словы, часам абвiнавачваюць у тым, што гэта выклiкана неапраўданай барацьбой супраць русiзмаў. Цi так гэта i цi сапраўды гэта неапраўданыя з пункту погляду развiцця мовы працэсы? Цi адбываецца нешта падобнае ў iншых славянскiх мовах?

— Сапраўды, у пэўны перыяд была i зараз яшчэ прысутнiчае спроба адштурхнуцца ад рускай мовы, што цалкам натуральна для любой мовы ў перыяд, калi назiраюцца асiмiляцыйныя тэндэнцыi. Тады людзi свядома пзбягаюць якога-небудзь старажытнага слова толькi таму, што яно ёсць у той мове, якая пагражае. Скажам, у балгараў быў вельмi моцны пурыстычны рух супраць турцызмаў, супраць русiзмаў — "неапраўдана ўжываных рускiх слоў", асаблiва калi ў балгарскай мове для выражэння адпаведных паняццяў ёсць свае словы; цяпер там назiраецца пурыстычная тэндэнцыя ў дачыненнi заходнееўрапейскiх слоў. У беларускай мове такi працэс адбываецца таму, што ў свой час была адваротная тэндэнцыя да зблiжэння беларускай i рускай моў, гэта была свядомая палiтычная тэндэнцыя яшчэ сталiнскiх часоў, калi праз зблiжэнне стваралася такая сiтуацыя, што беларускiя словы адрознiвалiся ад рускiх толькi нейкiмi фанетычнымi цi iншымi фармальнымi прыкметамi, а змест быў аднолькавым. А калi адзiн змест мае дзве формы выражэння, неабходнасць у адной з гэтых формаў адпадае. Такiм чынам адбываецца асiмiляцыя адной мовы да другой, у вынiку чаго неабходнасць у адной з iх адпадае, слабейшая моўная матэрыя становiцца збыткоўнай, не мае права на жыццё: навошта адно i тое ж выражаць двума спосабамi? Сутнасць у тым, што адно i тое ж паняцце ў розных мовах можа быць выражана па-рознаму: у адной мове для яго ёсць слова, якое цалкам выражае яго змест, у другой мове змест гэтага паняцця ўтрымлiваецца па частках у двух розных словах.

Пурызм у кожнай мове iснуе, асаблiва ў перыяд, калi ёй пагражаюць асiмiляцыйныя тэндэнцыi, Кожная мова праз гэта прайшла. Не заўсёды тое, што адбываецца ў гэты час, абумоўлена ўнутранымi патрэбамi i законамi мовы, але мова не iснуе ў вакууме, яна пастаянна ўзаемадзейнiчае з iншымi мовамi, i калi такое ўзаемадзеянне набывае характар пагрозы для яе iснавання, яна ратуецца — носьбiты мовы пачынаюць адштурхоўвацца ад той мовы, якая пагражае, гэта цалкам натуральны працэс. Англiйскi вучоны Роберт Оцi на матэрыяле славацкай мовы вельмi выразна паказаў, што прынцып адштурхоўвання цалкам натуральны для кожнай маладзейшай лiтаратурнай мовы ў дачыненнi да старэйшай або да той, якая перад тым была распаўсюджаная на гэтай тэрыторыi. Славацкая мова адштурхоўвалася ад чэшскай, зусiм маладая лiтаратурная македонская — ад балгарскай, так што i для беларускай мовы гэта цалкам натуральны працэс. Лiнгвiсты адзначаюць, што для маладой лiтаратурнай мовы замацавацца на тэрыторыi, якая перад гэтым доўгi час знаходзiлася ў арэале ўжывання iншай мовы, — вельмi складаная задача, i этап адштурхоўвання, трымання дыстанцыi памiж мовамi абсалютна неабходны, каб гэтыя мовы не змешвалi, каб у маладой лiтаратурнай мовы была магчымасць самаiдэнтыфiкавацца ў якасцi самастойнай сiстэмы. I гэтая адлегласць павiнна iснаваць увесь час, iнакш пры зблiжэннi адпадае неабходнасць у iснаваннi дзвюх аднолькавых моў, г.зн. адной сiстэмы, якая выражаецца рознымi знакамi.

— Такiм чынам, умовай стварэння i iснавання лiтаратурнай мовы з'яўляецца наяўнасць асобнай сiстэмы, абавязкова адрознай ад моўных сiстэм нават вельмi блiзкароднасных моў?

— Лiтаратурная мова не ствараецца на голым месцы, проста так народ не можа раптам узяць i стварыць яе. Яна ствараецца нацыянальнай элiтай, першапачаткова выхаванай на iншай традыцыi. I калi элiта адчуе i ўсвядомiць неабходнасць стварэння сваёй нацыянальнай лiтаратурнай мовы, яна разумее, што гэта мова павiнна быць адрознай, яна не можа быць абсалютна блiзкай да нейкай iншай, асаблiва да тых моў, з якiмi яна будзе канкурыраваць, iнакш у новай мове няма сэнсу. За кожнай мовай стаiць свая спецыфiчная карцiна свету. Рэальнасць мы апiсваем словамi, кожнае слова адпавядае пэўнай часцiнцы свету, i мы, умоўна кажучы, расчляняем рэальнасць на асобныя словы, прычым кожны народ робiць гэта па-свойму. Вядома, што ў якутаў дваццаць цi трыццаць назваў снегу — якi падае, якi ляжыць i г.д. Гэта iх бачанне свету. А для якога-небудзь iншага народа увогуле няма сэнсу адрознiваць снег, шэрань, iней — для iх усё гэта снег. Або папулярны прыклад з беларускiм "свята" i рускiм "праздник" для пазначэння адной i той жа з'явы: калi для беларусаў на першым месцы святасць дня, а для рускiх — "праздность", пустата. Усё гэта iлюстрацыi да таго, што кожны народ па-рознаму бачыць свет. Таму запазычаннi — гэта непазбежна, гэта заўсёды ёсць, але яны пэўным чынам парушаюць тое, што фiлолагi называюць наiўнай карцiнай свету (наiўнай, таму што гэта адлюстраванне ў мове народных "наiўных" уяўленняў пра тое, што адбываецца, напрыклад, мы кажам, што сонца заходзiць, хаця насамрэч яно нiкуды не заходзiць, а Зямля робiць абарот вакол Сонца, так што слова "захад" навуковай рэальнасцi не адпавядае). Кожная мова адлюстроўвае сваю карцiну свету.

Таму за аснову лiтаратурнай мовы бяруцца гаворкi, найбольш аддаленыя ад той мовы, якая пагражае цi якая функцыянавала да гэтага. У нас гэта гаворкi Вiленшчыны i Маладзечаншчыны — тэрыторый, аддаленых i ад Расii, i ад Польшчы. Украiнская на той час моцна не пагражала, як i лiтоўская, таму яны не ўлiчвалiся. Гэтак жа i з македонскай: хаця аўтар праекта македонскай лiтаратурнай мовы Крста Мiсеркаў паходзiў з-пад Салонi, у аснову лiтаратурнай мовы былi пакладзены не гэтыя гаворкi, а заходнемакедонскi дыялект — гаворкi тэрыторый, якiя прымыкаюць з аднаго боку да Албанii, з другога — да Грэцыi, але далёкiя ад Сербii i Балгарыi, з мовамi якiх павiнна будзе канкурыраваць новая лiтаратурная мова. У славакаў тое ж самае. Iх першы варыянт лiтаратурнай мовы быў заснаваны на заходнеславацкiх гаворках, блiзкiх да мараўскiх i чэшскiх. У вынiку гэты варыянт быў адрынуты, а за аснову лiтаратурнай мовы былi ўзятыя прапанаваныя Людавiтам Штурам цэнтральна-славацкiя гаворкi. Так што гэта агульная тэндэнцыя, Беларусь не выключэнне.

— У сувязi з гэтым узнiкае заканамернае пытанне: цi можа нам пагражаць польская мова?

— Безумоўна, усё залежыць ад сiтуацыi, пагроза можа быць з любога боку. У свой час галоўнай пагрозай была паланiзацыя. У наш час пагроза з боку рускай у дзясяткi разоў большая, чым з боку польскай, таму ўжыванне польскiх слоў — гэта спроба аднавiць адлегласць памiж беларускай i рускай. Лепш за ўсё было б, як пiсаў Якуб Колас, пашукаць па кiшэнях сваё, часта так i здараецца, узнiкаюць словы, якiя не супадаюць нi з польскiмi, нi з рускiмi — дзеля таго, каб гэтую адлегласць захаваць. А ўжыванне паланiзмаў iдзе або ад няведання польскай (калi чалавек не разумее, што гэта польскае слова, на першы план для яго выходзiць тое, што яно адрознае ад рускага), або гэта свядомае ўжыванне з разуменнем таго, што ўжыць польскае для нас на гэтым этапе не так страшна, як рускае. Але само па сабе такое кiданне ў бакi расхiствае лодку, у якой мы сядзiм, таму для стабiлiзацыi мовы трэба, каб было сваё.

— Адкуль яго браць?

— Усё паступова ствараецца, такi запас у беларускай мове дастаткова вялiкi i стабiльны.

З iншага боку, нельга катэгарычна выступаць супраць запазычанняў. якiя ёсць ва ўсiх мовах. Некаторыя прыходзяць у мову разам з новымi для народа рэалiямi. Напрыклад, прыйшоў да нас ровар з Польшчы, а разам з iм i iтальянская назва гэтага прадмета, прынятая ў палякаў, а слова веласiпед прыйшло разам з прадметам з французскай у рускую, а мы ў рускiх назву запазычылi. Для новых паняццяў зусiм нармальна, калi яны прыходзяць разам са словамi, такiя словы нармальна прыжываюцца. Iншая рэч — так званыя запазычаннi-пранiкненi, гэта вынiк кантактаў моў, калi адбываецца вялiкае ўзаемадзеянне моў i людзi ведаюць i чужое слова, i сваё — атрымлiваецца перапляценне. Але тады адразу пачынае дзейнiчаць так званае сiстэмнае пераразмеркаванне: калi гэтыя два словы абазначаюць адно i тое ж паняцце, то людзi аднаму слову прыдаюць адно дадатковае адценне, другому — другое дадатковае адценне. Ужываецца i запазычанае, i сваё альбо запазычанае i з усходу, i з захаду, але памiж iмi ёсць рознiца, нейкае дадатковае адценне ў значэннi, узнiкаюць сiнонiмы. Абсалютных сiнонiмаў у мове фактычна няма, бо ў iх няма сэнсу, напрыклад, "мовазнаўства" i "лiнгвiстыка" азначаюць адно i тое ж, але i тут мы назiраем пэўную дыферэнцыяцыю: калi хтосьцi ўжыў "мовазнаўства", тут жа ўзнiкае пытанне, чаму ён ужыў менавiта "мовазнаўства", а не "лiнгвiстыка" — значыць, у яго ёсць нейкiя прыватныя меркаваннi. Тое ж самае i для пiсьменнiка: калi ёсць сiнонiмы, ён за кожным словам бачыць пэўнае дадатковае адценне i згодна са сваiм мастацкiм чуццём ён выбiрае тое, якое, на яго погляд, найбольш падыходзiць для гэтага выпадку. I разважаннi пра тое, нашто адно, калi ёсць другое, не маюць нiякага сэнсу. Чым багацейшая сiнанiмiка ў мове, тым для пiсьменнiка лепш, таму што стыль пiсьменнiка залежыць ад таго, што ён выбiрае: пры апiсаннi чагосьцi адзiн выбiрае адно, другi — другое. Стыль — гэта асоба, у чалавека ментальнасць такая, ён iмкнецца адлюстраваць сваё разуменне якраз праз выбар таго, што, на яго думку, найлепш перадае яго ўяўленне пра нейкую рэальнасць, нейкуя падзею i г.д. Напрыклад, чаму нехта ўжыў гулец, калi ёсць iгрок? Значыць, пiсьменнiк мяркуе, што памiж гэтымi словамi ёсць пэўная дыферэнцыяцыя, скажам, ён можа думаць, што слова iгрок мае больш шырокае значэнне (картачны iгрок i г.д.), а гулец — больш вузкае, дакладнае значэнне, або пiсьменнiк адштурхоўваецца ад слова "iгрок" таму, што гэта русiзм, а яму хочацца, каб гэта было натуральна для мовы, i г.д.

(Працяг будзе.)

 

 

←Подписан указ президента о стимулировании научной, научно-технической и инновационной деятельности

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика