Філасофія для душы і цела. У Беларусі праходзіць першы міжнародны фестываль ёгі
Сёння а 12-й гадзіне ў магілёўскім спартыўным клубе “Спадарожнік” адбудзецца афіцыйная цырымонія адкрыцця першага ў Беларусі міжнароднага фестывалю ёгі. Знаёміць усіх жадаючых з асновамі індыйскай філасофіі на працягу трох дзён будуць майстры з Расіі і нашай краіны — усяго 10 выкладчыкаў. — Падобныя фестывалі ўжо даўно праводзяцца ў Германіі, Украіне, Расіі і іншых краінах, дзе ёга даўно карыстаецца вялікім поспехам. Для нас жа гэта — яшчэ экзотыка, — паведаміў адзін з арганізатараў старшыня ФСК адміністрацыі Ленінскага раёна Дзмітрый Труханенка. — У Беларусі мала хто ведае, што эфект ад ёгі большы, чым ад звычайнага ЛФК. Яна не толькі аздараўляе арганізм чалавека, але і лечыць душу. На майстар-класах у гасцей фестываля будзе магчымасць пазнаёміцца з некалькімі школамі ёгі, таму кожны зможа выбраць заняткі на свой густ. Напрыклад, ёга-аенгера спадабаецца аматарам расцяжкі, раджа-ёга падыдзе тым, хто не надта любіць сілавыя практыкаванні, а аддае перавагу ўнутранай канцэнтрацыі на сваім “я”. Актыўных людзей больш зацікавяць ёга-23 і кундаліні-ёга з цэлым комплексам розных рухаў. Класічная хатха-ёга навучыць кіраваць як сваім целам, так і душой. — Гэта стэрэатып, што ёга створана толькі для жанчын, — пераконвае Дзмітрый Труханенка. — На майстар-класы могуць прыходзіць і мужчыны. Я сам шэсць гадоў займаюся ёгай. Яна расслабляе і супакойвае, дапамагае асэнсаваць сваю ролю ў жыцці. Гэта цэлая філасофія.