Салодкае слова паэзіі. На радзіме буквара аб’яўлены Тыдзень беларускага пісьменства
Орша — горад з амбіцыямі. Тут нарадзіўся Караткевіч, а яшчэ раней, у 1631 годзе, асветнікам Спірыдонам Собалем быў надрукаваны першы на Беларусі буквар. Манастыр, на тэрыторыі якога выйшаў у свет лемантар, захаваўся да нашых дзён у прадмесці Куцейна. Дзейнічае і музей Караткевіча. Невыпадкова тут праводзіўся ў свой час і Дзень беларускага пісьменства. Орша традыцыю не забыла, і не паспелі яшчэ пачацца ўрачыстасці ў Смаргоні, узяла эстафету ад Гродзеншчыны — тут да 14 верасня аб’яўлены Тыдзень беларускага пісьменства.
У бібліятэках, школах, музеях горада праводзяцца літаратурныя чытанні твораў землякоў, маладыя аўтары маюць магчымасць праявіць сябе перад шырокай публікай, агучыўшы свае вершы, апавяданні.
— Рэспубліканскае свята на гэты раз праходзіць далёка ад нас, у іншым кутку Беларусі. Аднак хочацца верыць, што Дзень беларускага пісьменства яшчэ вернецца ў Оршу, — спадзяецца Інна Хамутоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Аршанскага гарвыканкама.
Дарэчы, літаратурнае свята ў Оршы супадае з Кірмашом мёду. Як адзначаюць у гарвыканкаме, збег урачыстасцей невыпадковы. Салодкае слова паэзіі, як і мёд, таксама загойвае душэўныя раны і стварае ўзнёслы настрой тысячам, мільёнам людзей.