Анжэлiка Агурбаш: Ну як скажаш па-руску — клюква ты моя?!

Источник материала:  

Анжэлiка Агурбаш:  Ну як скажаш па-руску — клюква ты моя?!У дацкiм каралеўстве беларускай эстрады нiколi не было асаблiва спакойна, але апошнiм часам яе проста штармiць. Незадаволеныя ўсе ўсiм: слухачы — якасцю музыкi i яе выбарам, выканаўцы — немагчымасцю развiвацца i зарабляць сваёй творчасцю, прадзюсары — нiзкiм попытам... Дайшло да таго, што ўжо самi артысты вiталi магчымую адмену 75-працэнтнай квоты беларускай музыкi ў эфiры радыё — нягледзячы нават на афiцыйныя абвяржэннi Мiнiстэрства iнфармацыi, што квота гэта зменшана не будзе.

Прад'яўляючы розныя прэтэнзii, незадаволеныя сыходзяцца адным: у нашай эстрады праблемы, i праблемы вялiкiя. У чым яны крыюцца перш за ўсё, кожны мяркуе на свой лад. Мы, узгадаўшы народную мудрасць, што вялiкае лепш бачна здалёку, звярнулiся да чалавека, якi глядзiць на сiтуацыю пераважна звонку — да спявачкi Анжэлiкi Агурбаш.

— На ваш погляд, чаго не хапае цяперашняй беларускай эстрадзе?

— Па вялiкiм рахунку, на нашай сцэне не хапае беларускiх песень — я маю на ўвазе песень на беларускай мове. Я i сама мару як мага больш песень спяваць па-беларуску, шукаю iх, але, на жаль, штосьцi грандыёзнае, раскошнае цяпер нiхто не нараджае... У свой час былi аўтары, якiя напiсалi для мяне цудоўныя хiты — "Малады i нежанаты", "Раз ды разок", "Белае вiно i чырвонае", — i потым гэтыя песнi сталi практычна народнымi. Сёння ж нешта не атрымлiваецца, i гэтага мне шчыра не хапае. А выканаўцы добрыя ёсць. Калi казаць пра маладых выканаўцаў — яны выдатныя, таленавiтыя, поўныя творчай i жыццёвай энергii, непадобныя адзiн да аднаго, што вельмi радуе. Узгадайце, як добра прымала публiка ўсе канцэрты праекту "Новыя галасы Беларусi!". Не ў апошнюю чаргу, я лiчу, дзякуючы наяўнасцi ў тых выступленнях беларускiх песень.

— Часта ў такiх зборных канцэртах гучаць i вашы песнi. Як ставiцеся да гэтых перапевак — няма адчування пэўнай рэўнасцi "я ўсё адно раблю гэта лепш"?

— Я адназначна раблю гэта лепш. (Смяецца). Але рэўнасцi нiякай няма. Нiкога не хачу пакрыўдзiць, але пакуль што я проста не чула, каб нехта мог выканаць мае беларускамоўныя песнi лепш, чым я сама. Гэтаксама вельмi часта спрабуюць перапяваць, напрыклад, "Песняроў", iншых нашых знакамiтых артыстаў... Лiчу, трэба рабiць гэта альбо лепш, чым было, альбо не рабiць увогуле. Альбо прадставiць такую нечаканую iнтэрпрэтацыю добра вядомага хiта, каб здзiвiць нават самую дасведчаную публiку. Мне, напрыклад, надзвычай спадабалася iнтэрпрэтацыя гурта "А-студыё" песнi "Алы Пугачовай — "Гэтак, як усе". Выдатна! Калi б нехта зрабiў нешта падобнае з маёй песнi, была б толькi шчаслiвая.

— Шмат размоў выклiкаў ваш дуэт з "маскоўскiм беларусам" Барысам Маiсеевым. Якiх яшчэ сюрпрызаў чакаць?

— Iх рыхтуецца шмат, але пакуль большасць знаходзiцца ў стадыi перамоў. Дакладна магу сказаць, што налета, 27 сакавiка, запланаваны вялiкi сольны канцэрт ў Крамлёўскiм палацы, да якога працягнутыя лепшыя творчыя сiлы — прадзюсары, мастакi-пастаноўшчыкi, харэографы як з постсавецкiх краiн, так i з Заходняй Еўропы. I вось на гэтым канцэрце будзе даволi многа творчых сюрпрызаў, нечаканых дуэтаў, пра якiя калiсьцi нават я сама i марыць не магла...

— Яшчэ адным сюрпрызам гэтага лета стала ваша дачка Дар'я, якая ўдзельнiчала ў адным з вашых канцэртаў, а потым спрабавала прабiцца на "Новую хвалю" ад Беларусi. Вы ўхваляеце iмкненне дачкi зрабiць артыстычную кар'еру?

— Збольшага Даша робiць усё сама, а я толькi стараюся не перашкаджаць i не апякаць яе празмерна. Яна нiколi не афiшавала, што мая дачка, а я не падкрэслiвала, што я — яе мама; у Маскве ўсяго года паўтара, як пра гэта ведаюць. У дачкi свая каманда музыкантаў, аранжыроўшчыкаў, яна самастойна пiша песнi i тэксты на англiйскай мове. Цяпер пацiху запiсвае свой сольны праект. Для мяне, дарэчы, было вялiкай радасцю, што яна выбрала ў свой рэпертуар песню "Купалiнка", зрабiўшы для яе модную аранжыроўку. I моладзь гэта прыняла на "ўра"! Увогуле, лiчу, маладым людзям трэба часцей звяртацца да народных песень i да беларускай мовы. Няма нiчога прыгажэйшага за нашу мову, нiчога больш меладычнага. Я ў гэтым цвёрда ўпэўненая, i таксама, у якой бы краiне не выступала, абавязкова ўключаю ў канцэрт беларускiя песнi — i гэта бяспройгрышны варыянт. Калi хтосьцi ў маёй прысутнасцi пагардлiва спытаецца: "Чым адрознiваецца гэта ваша мова ад рускай?" — я заўжды жартую: "Уявiце сабе, па-беларуску вам скажуць ласкава "журавiначка ты мая". Ну як гэта скажаш па-руску — "клюква ты моя"?". А ўся безлiч нашых трапных показак, прымавак, якiм няма аналагаў у рускай! А народныя песнi! На якой яшчэ мове так каларытна i ярка прагучаць радкi песнi? Толькi на беларускай. Таму давайце спяваць i гаварыць на ёй часцей, няхай наша мова гучыць i ў Беларусi, i за межамi краiны, на розных кантынентах...
 
Гутарыла Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

Фота з архiва спявачкi.

 

 

←Польский орден паулинов рекламирует свой монастырь с помощью сладостей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика