З пластыка медавуху не п’юць
Работы маладога ганчара з Асіповічаў Юрыя Туркіна маглі ўпрыгожыць дамы Надзеі Бабкінай і Аніты Цой
Юрый сустрэў мяне за ганчарным кругам, яшчэ крыху — і на маіх вачах з непрывабнага кавалка гліны народзіцца талерачка. Майстар апалосквае рукі ў каструльцы з вадой, бярэ нітачку і акуратна “зразае” выраб.
— Гатова, — хваліцца ён, знімаючы запэцканы глінай фартух. У кабінеце халаднавата, гучыць сярэдневяковая музыка. Міжволі заўважаю два выгнутых збаны. Майстар адкрывае сакрэт: гэта “бракаваныя” работы. Гліна не вытрымала тэмпературы ў печы і... расплавілася, пакінуўшы на посудзе непаўторныя выгіны.
Праўда, такія “унікумы” толькі для ўласнай калекцыі. На міжнародныя фестывалі Юрый возіць рэчы больш габарытныя, хоць без тэхнічных “вытанчанасцей” не абыходзіцца і тут. Зусім нядаўна майстар зляпіў дзве мятровыя вазы, адна з якіх, не дачакаўшыся паездкі ў Віцебск, узарвалася ў печы. “Мяне зацікавіла шамотная тэхніка — гэта лепка рукамі. Тэхніка своеасаблівая і працаёмкая, таму ганчары не часта яе выкарыстоўваюць”, — Юрый паказвае мне вазу: яе сценкі не такія гладкія, як у звычайных гліняных вырабаў, таму што ў шамотную масу дабаўляюць каменьчыкі. Так выраб умацоўваецца, яго можна выкарыстоўваць у садова-паркавай архітэктуры.
Хітры Дон Кіхот
На “Славянскі базар” Юрый вазіў яшчэ адну шамотную “цацку” — прас. Ён нагадваў штучку з бабульчынага куфара, толькі “фасад” праса быў аформлены як чалавечы твар. “А скульптуру Дон Кіхота я зрабіў “бязлікай”: вялікі шлем з трэшчынамі, які плаўна пераходзіць у нос, кавалкі даспехаў”, — майстар імкнуўся перадаць унутраны свет героя, характар якога нагадаў яму самога сябе.
Каб пяць гадоў таму трапіць на “Славянскі базар”, Юрыю давялося распрацаваць сапраўды хітры план: бацькі не хацелі адпускаць юнака ў “другі канец Беларусі”. Незгаворлівую маці хлопец паставіў перад фактам: еду паступаць. Ён сапраўды здаваў экзамены ў Віцебскі педагагічны універсітэт: “Кожную раніцу ў пяць гадзін я бег у “Горад майстроў” займаць месца. Потым — у інтэрнат: прыводзіў сябе ў “абітурыенцкі” выгляд”, — у прапанаваным пакоі будучы студэнт жыць не захацеў: у палатцы на беразе Дзвіны больш цікава. Калі фестываль закончыўся, Юрый застаўся чакаць вынікаў. Праўда, студэнтам майстар доўга не быў: прыцягвала творчасць.
— Сярод маіх “віцебскіх” гасцей былі спявачкі Надзея Бабкіна і Аніта Цой! Шкада толькі, што ў “Горадзе майстроў” наведвальнікаў больш цікавіць тэхніка работы: зносіны рэдка заканчваюцца пакупкай... Хаця, — прызнаецца субяседнік, — добрае слова, асабліва ад такіх паважаных людзей, даражэй за прыбытак.
Майстар і Валянціна
Зімой Юрый збіраецца паездзіць па бліжэйшых вёсках: ганчар хоча паспрабаваць ляпіць традыцыйныя беларускія формы, а для гэтага патрэбны наглядныя “дапаможнікі”. Стогадовы посуд можна знайсці ў сельскіх жыхароў, якія дагэтуль засольваюць гуркі і кісляць малако ў прабабчыных збанах. Майстра вырабляе для іх новы посуд, які спадзяецца абмяняць на рарытэты.
— Зараз мне дапамагае жонка Валечка, яна вучылася на роспіс па дрэве, а са мной асвойвае гліну. Дарэчы, мы з ёй з адной “пятнашкі”, — Юрый і Валянціна адначасова скончылі Бабруйскі прафесійна-тэхнічны мастацкі каледж. Амаль штодня сутыкаліся ў калідорах, а пазнаёміліся, калі вярнуліся дадому. Валянціна часта ездзіць з мужам на мерапрыемствы, дапамагае з касцюмамі: у сярэдневяковым “княстве” майстар не можа паявіцца ў спартыўных штанах і футболцы! Адзенне Юрый шые сам, вывучаючы гістарычную літаратуру, падбіраючы натуральныя тканіны. Майстар паказвае скураныя “мяшэчкі” для манетак, кашулю, рыветы — штосьці накшталт шырокіх штаноў. “На такіх мерапрыемствах трэба адпавядаць эпосе. Ды і беларуская медавуха з глінянага кубка будзе смачнейшай, чым з пластыкавай “шклянкі”, — захапленне беларусаў роднай гісторыяй натхняе Юрыя на творчыя ідэі.