Сок i апёк
Цеплыня плюс вiльгаць, i вось ужо барацьба з такой раслiнай, як баршчэўнiк Сасноўскага ўзведзена ў ранг праблемы, якая патрабуе больш пiльнай увагi, чым у папярэднiя гады.
Наогул вядома некалькi дзясяткаў вiдаў роду баршчэўнiку. У Беларусi перавагу ў распаўсюджанасцi мае баршчэўнiк Сасноўскага. Ён, дарэчы, шырока распаўсюджаны ва Усходняй Еўропе i толькi пачынае сваю экспансiю на захад. Іншы вiд гiганцкага баршчэўнiку — Мантэгацы распаўсюджаны ў Заходняй i Цэнтральнай Еўропе i паступова прасоўваецца на ўсход. Беларусь знаходзiцца на стыку экспансii двух гэтых вiдаў, гаворыцца ў рабоце Iнстытута эксперыментальнай батанiкi iмя В.Ф. Купрэвiча "Гiганцкiя баршчэўнiкi — небяспечныя iнвазiўныя вiды для прыродных комплексаў i насельнiцтва Беларусi".
Паводле звестак выдання, пачынаючы з 50-х гадоў мiнулага стагоддзя баршчэўнiк Сасноўскага выпрабоўваўся ў вытворчых умовах з мэтай увядзення ў культуру як кармавая сiласная раслiна. Адным словам, завозiлi калiсьцi апошнюю ў нашу краiну з Каўказа з добрымi намерамi. I спачатку эксперымент быў досыць удалым. Па-першае, таму, што раслiна надзвычай добра расце, а, па-другое, вылучаецца высокай спажыўнасцю.
Сёння палёў, спецыяльна засеяных баршчэўнiкам, безумоўна, няма, аднак раслiне ўжо i не патрэбны асаблiвыя ўмовы. Галоўнае для яе — дачакацца нараджэння "парасончыкаў", з якiх выйдуць на волю дробныя зярняткi — насенне, якое ў наступны раз дасць яшчэ большы ўраджай. Вецер, людзi, машыны разнясуць гэтых "дзетак", i баршчэўнiк заявiць аб сабе на новых тэрыторыях.
Спецыялiсты Iнстытута эксперыментальнай батанiкi iмя В.Ф. Купрэвiча НАН Беларусi кажуць, што супрацьстаяць буйному росту баршчэўнiку Сасноўскага можна ў асноўным трыма метадамi: з дапамогай ручнога або механiчнага вынiшчэння, выпасу жывёл i выкарыстання гербiцыдаў. Адным з першачарговых у нашай краiне з'яўляецца вынiшчэнне раслiны — неаднаразовае скошванне на працягу сезона або некалькiх сезонаў спустошвае запасы спажыўных рэчываў у сцябле i каранi, а самае важнае — не дае раслiне магчымасцi сфармiраваць насенне. Апошняе ж дасягаецца выдаленнем толькi раслiн, якiя цвiтуць.
"Калi пастаўлена мэта абмежаваць распаўсюджванне баршчэўнiкаў i нават выкаранiць iх у прыродных папуляцыях, — наяўнасць асобiнаў, якiя цвiтуць, павiнна разглядацца як надзвычайнае здарэнне ў дзейнасцi работнiкаў лясных, прыродаахоўных i камунальных службаў, мясцовых саветаў i сельскагаспадарчых вытворчых арганiзацый, фермераў i садовых таварыствах. Неабходна дакладна ўяўляць, што калi адна раслiна гiганцкага баршчэўнiку здольная пакiнуць пасля сябе да 100 000 нашчадкаў, то ўсе iншыя меры з'яўляюцца дапаўненнем да галоўнага — не даць магчымасцi раслiне ажыццявiць насенную экспансiю" (з выдання "Гiганцкiя баршчэўнiкi...", 2009 г.).
Спецыялiсты УП "Мiнскзелянбуд" — тыя, хто "iдзе ў атаку" на расліну, апранаюцца ў спецадзенне, так што сярод апошнiх ахвяраў жорсткага нораву баршчэўнiку не назiралася. Чаго не скажаш пра некаторых радавых суайчыннiкаў, большасць якiх ведае аб асаблiвасцях раслiны, аднак веды чамусьцi не дапамаглi iм пазбегнуць непрыемнага кантакту. Непрыемным жа яго робiць пякучы сок, якi ўтрымлiваецца ва ўсiх частках раслiны. Сляды апёкаў на целе чалавека баршчэўнiк Сасноўскага праяўляе ў выпадку ўздзеяння ўльтрафiялетавых промняў, цi, прасцей кажучы, у сонечнае надвор'е, а таксама калi скура была мокрай.
— У выпадку такiх апёкаў мы маем справу з уздзеяннем таксiчных рэчываў раслiннага паходжання, — кажа загадчыца дэрматавенералагiчнага аддзялення № 6 Мiнскага гарадскога клiнiчнага скурна-венералагiчнага дыспансэра Алена РЫМКО. — Апёк можа быць рознай ступенi цяжкасцi, у залежнасцi ад таго, як доўга працягвалася неспрыяльнае ўздзеянне на скуру, цi трапiлi промнi сонечнага святла на скуру i як хутка чалавек атрымаў урачэбную дапамогу. Калi нехта з вашых блiзкiх атрымаў падобны апёк, неабходна тэрмiнова выдалiць з паверхнi скуры рэшткi рэчыва з дапамогай вялiкай колькасцi халоднай вады. Пасля прамывання раны не прымяняйце ёд. У вынiку адтэрмiноўкi вiзiту да ўрача, у прыватнасцi, да ўрача-дэрматолага, пацярпелы рызыкуе набыць гiперпiгментацыю, цёмныя плямы на скуры. Каб прадухiлiць гэта, урач прызначыць лячэнне — антыгiстамiнныя i дэсенсiбiлiзуючыя прэпараты для ўнутранага ўжывання i гарманальныя — для вонкавага...
З практыкi ўрача-дэрматолага вядомы i такi выпадак, калi жанчына хоць i засцерагалася ад раслiны з дапамогай пальчатак, аднак сур'ёзныя апёкi далоняў усё ж такi атрымала. Так цi iнакш, але iнфармаваны, значыць, узброены. Баяцеся раслiны — не падыходзьце да яе, не вынiшчайце самастойна. Калi ж кантакт з пякучым сокам баршчэўнiка аказаўся непазбежным, спяшайцеся па ўрачэбную дапамогу.
Святлана БАРЫСЕНКА.