Лясун
Лесавiк, ляшак, лясны чалавек, лясны гаспадар, лясны дзед, ляснiк, лесавы — у народнай культуры славян ён стаў гаспадаром лесу, звычайна надзеленым рысамi варожасцi ў дачыненнi да чалавека. Лясун мае вялiкую сiлу i ўладу не толькi над лесам, але i ў пэўнай ступенi над жыццём чалавека ўвогуле.
Аб паходжаннi лесуноў у народзе было некалькi меркаванняў. Лiчылася, што яны
— людзi, на якiх быў насланы праклён (у першую чаргу — ад мацi). З распаўсюджваннем
хрысцiянства ўзнiкла павер'е, што лесуны (як i дамавiкi, вадзянiкi i iншая нячыстая
сiла) — гэта
паўшыя анёлы, якiх Бог скiнуў з нябёсаў.
Лiчылася, што знешне лясун падобны на чалавека — дзеда з доўгай сiвой барадой, у лапцях i доўгай кашулi: "Сядзiць дзед на пнi, лапцi калупае, на месяц паглядае...". У некаторых паданнях вобраз лесуна атаясамлiваўся з самiм лесам, яго цяжка было заўважыць, адрознiць ад дрэва цi высокага куста: на бровах у яго куст, валасы i барада — доўгая трава, а сам — быццам корч; i г.д.
Лiчылася, што ў вёскi лясун не наведваецца, каб не сварыцца з дамавiком i лазнiкам.
Лесуны не столькi шкодзяць людзям, колькi проста гарэзяць. Але iх гарэзлiвасць iншым разам становiцца бядой для чалавека. Напрыклад, з дапамогай грыбоў i ягад лясун можа зацягнуць чалавека ў непралазныя мясцiны, дзе можна застацца назаўсёды.
У народзе лiчылi, што самы надзейны сродак ад выбрыкаў лесуна — малiтвы, а таксама адзенне, апранутае на левы бок. Таксама раiлi ўсiм тым, хто згубiўся ў лесе, сесцi на пень, корч i абуць боты з правай нагi на левую, рукавiцы — з правай рукi на левую i г.д.
На год прыпадае адзiн дзень — 17 кастрычнiка, — калi нельга хадзiць у лес. Лiчыцца, што з гэтага дня лесуны пачынаюць хавацца на доўгую зiму: яны злуюцца i руйнуюць усё навокал, рвуць з карэннем дрэвы, завальваюць лясныя сцежкi i г.д.
У народзе лiчылася, што лясун не кране таго, хто не будзе ў лесе крычаць, ламаць голле, таптаць грыбы i ягады. Калi вы ўваходзiце ў лес, абавязкова спытайцеся ў лесуна дазволу, а калi выходзiце з лесу, скажыце словы падзякi.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.