Браканьераў паменела?

Источник материала:  

Пра браканьерства i праблемы выканання прыродаахоўнага заканадаўства мы гутарым з Вiталем Грыневiчам, начальнiкам Мiнскай абласной iнспекцыi аховы жывёльнага i раслiннага свету:

— Вiталь Iванавiч, па вынiках паўгоддзя ў Мiнскай вобласцi колькасць парушэнняў зменшылася. Гэта вы дрэнна працуеце цi проста парушальнiкаў стала менш?

Браканьераў паменела?— Гэта значыць, што грамадзяне сталi меней парушаць. Прычым такая тэндэнцыя назiраецца ўжо гады тры. Тэндэнцыя добрая, станоўчая, так i павiнна быць. Асаблiва змяншэнне бачна па рыбе, бо i цiск на браканьераў узмацнiўся, i людзi сталi больш свядомымi. А вось у лесе браканьераў становiцца болей, бо там цяжка выяўляць парушэннi. Ноччу стрэлiў, тры метры ў лес — i ўжо нiкога не знойдзеш. Нават удзень я чую стрэл, iду у той бок, а чалавека знайсцi немагчыма. Добра яшчэ зiмой, калi на снезе сляды ёсць...

— У вас ёсць "гарачая лiнiя" — наколькi яе выкарыстоўваюць грамадзяне? Бо, напэўна, ёсць жа i тыя рыбакi-аматары, якiя проста не могуць закрываць вочы на браканьерства...

— Я скажу, што за апошнi час актыўнасць насельнiцтва стала значна большай, чым, скажам, 10 гадоў таму. Мяркую, павышаецца ўзровень экалагiчнага выхавання насельнiцтва, ну i плюс ў кожнага рыбака ёсць мабiльнiк, шмат у каго — машына. I калi рыбак-аматар бачыць, што ў яго нiчога не ловiцца, а нехта побач 50 кiлаграмаў рыбы сеткай нацягаў, то ён i тэлефануе нам на "гарачую лiнiю". Наша iнспекцыя заўсёды рэагуе на iнфармацыю, правярае яе практычна ў любы час сутак. У нас пастаянна працуюць 2-3 аператыўныя групы, а на адкрыццi паляўнiчага сезона — 3-4. Наша задача, каб людзi бачылi, што iнспекцыя працуе, каб не было парушэнняў на вадаёмах i ў лесе.

— Здавалася б, усе ведаюць: лавiць сеткай, "павукамi" i iншымi браканьерскiмi прыладамi нельга. Але ўсё адно ловяць. Чаму так атрымлiваецца?

— Я мяркую, тут ёсць некалькi прычын. Па-першае, гэта з-за традыцыйнасцi. Напрыклад, у Вiцебскай вобласцi, ды i ў нас у Мiнскай спрадвеку так лавiлi рыбу, так па традыцыi ловяць i цяпер. Па-другое, для нiдзе не працуючых людзей гэта крынiца iснавання. I самiм паесцi, i на продаж, каб грошай зарабiць. Праўда, у вынiку пападаюцца, атрымлiваюць вялiкiя штрафы, а калi паўторна — то i прыгаворы суда. Па-трэцяе, некаторыя займаюцца браканьерствам, каб адрэналiн у арганiзме з'явiўся. Гэта ж мужыкi, хочацца экстрэмальных сiтуацый i вострых адчуванняў.

— Я так разумею, што ёсць выпадкi, калi прыродаахоўнае заканадаўства парушаюць i леснiкi, i егеры. Хоць яны павiнны, наадварот, сачыць за яго выкананнем. Чаму так?

— Гэта ўсё з-за вельмi нiзкай квалiфiкацыi. Хто iдзе ў егеры? Людзi, якiя без працы, без адукацыi, якiя жывуць у вёсках. У iх вельмi слабая юрыдычная падрыхтоўка. I шмат хто з iх спадзяецца на ўдачу, думаюць, што ў лесе акрамя iх нiкога няма, а тут бац — наша iнспекцыя.

— Як выправiць сiтуацыю?

— Ну вось я быў на нарадзе ў абласной РДГА "Беларускае таварыства паляўнiчых i рыбаловаў". I мы дамовiлiся, што кожная з нашых iнспекцый папрацуе з егерамi. Iх трэба вучыць i выхоўваць. Ну а з iншага боку — зарплата ў iх малая: 300-350 тысяч у лепшым выпадку. Хто пойдзе працаваць за такiя грошы? А як сям'ю кармiць? I калi чалавек туды ўладкоўваецца, то ён загадзя настройваецца, што астатняе дабярэ мясам. Вось i атрымлiваецца, што егер — парушальнiк.

— Я ведаю, гто ёсць адна цiкавая праблема: арандатары ў асноўным карыстаюцца паляўнiчымi ўгоддзямi, але не ахоўваюць.

— Чаму не ахоўваюць? А таму што няма добрай арганiзацыi. Трэба даць егерам машыну, арганiзаваць працу, паставiць задачу. Егер павiнен ведаць, што ахова паляўнiчых угоддзяў ускладзена на яго, а то некаторыя думаюць, што гэта — задача iнспекцыi. Да таго ж iзноў упiраемся ў iх адукацыю. Правiльна аформiць адмiнiстрацыйныя матэрыялы не так проста, як было раней. Цяпер трэба аформiць пратакол апытання сведкаў, пратакол апытання парушальнiка, пратакол адабрання, пратакол агляду месца правапарушэння, пратакол агляду транспартнага сродку, а таксама зрабiць фота- i вiдэафiксацыю i гэтак далей. Усё трэба добра падрыхтаваць для суда, каб справу не вярнулi на дапрацоўку i каб па гэтай справе не выйшлi тэрмiны...

Няма ў арандатараў грошай на тэхнiку, на палiва, на форменнае абмундзiраванне... А наогул, ахоўваць павiнны менавiта яны. Гэта прадугледжана i Законам "Аб жывёльным свеце", i дамовай памiж райвыканкамам i паляўнiцтвакарыстальнiкам.

— Ну i напрыканцы пытанне практычнага характару. Быў выпадак: супрацоўнiкамi вашай iнспекцыi быў затрыманы аўтамабiль, у багажнiку якога знайшлi збiтага ў ДТЗ дзiка. У вынiку цяпер заводзiцца крымiнальная справа на гэтага вадзiцеля за тое, што ён забраў з месца ДТЗ мёртвага дзiка. Я апытаў сваiх знаёмых з правамi на кiраванне аўтамабiлем, але нiхто не ведае, што рабiць у такой сiтуацыi, калi збiў на дарозе дзiкую жывёлiну...

— Усё вельмi проста. Пры любым дарожна-транспартным здарэннi выклiкаецца ДАI, а сутыкненне на дарозе з дзiком — таксама ДТЗ. Супрацоўнiк ДАI вызначыць, што рабiць далей. А яны павiнны выклiкаць паляўнiчакарыстальнiка, ахову прыроды, працаўнiка лясгаса, ветэрынара. Складаецца акт, падпiсваюцца ўсе члены камiсii, тушу забiрае паляўнiчакарыстальнiк i ўсё, пытанне закрытае. Нiчога складанага, кожны вадзiцель павiнны ведаць пра гэтыя правiлы.

Гутарыў Павел БЕРАСНЕЎ.

 

 

←Николай Чергинец: Проблемы хамства и пьянства будем решать вместе со СМИ, специалистами и государством

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика