«Малады фронт» распачаў дабрачынную акцыю «Беларускую кнігу — дзецям!»
1 верасьня па ўсёй Беларусі пачаўся збор беларускамоўных кніжак у межах дабрачыннага маратону «Маладога фронту» «Беларускую кнігу — дзецям!».
«Традыцыйная грамадзкая кампанія «Маладога фронту» «Беларускую кнігу — дзецям!» мае за мэту збор для дзіцячых дамоў і школаў-інтэрнатаў кніжак на беларускай мове, — гаворыць намесьнік старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка. — Кампанія будзе праходзіць некалькі месяцаў і завершыцца дабрачынным канцэртам «Калядны фэст» падчас зьмовых сьвятаў. Пасьля маладафронтаўцы будуць перадаваць беларускамоўныя кнігі ў дзіцячыя дамы».
У гэтым годзе удзел у дабрачынным маратоне «Маладога фронту» прымаюць Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Уладзімер Арлоў і другія вядомыя пісьменьнікі і грамадзкія дзеячы. Маладафронтаўцы ўжо наведалі народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча.
«Гэта вельмі патрэбная і слушная кампанія, — адзначыў Ніл Гілевіч. — Шкада, што беларуская дзяржава не жадае клапаціцца разьвіцьцём нашае мовы, але добра што гэтую адказнасьць бярэце на сябе вы — маладое пакаленьне. Гэта натхняе і сьведчыць, што беларуская мова, а значыцца і наш народ, маюць трывалую і надзейную будучыню».