Флоратэрапiя

Источник материала:  

Стараючыся пазбавiцца ад хваробаў, захаваць сiлы i добрае самаадчуванне, мы часам забываемся на простыя
i да таго ж вельмi прыемныя метады аздараўлення. Напрыклад, пра такi, як флоратэрапiя — лячэнне кветкамi. Майстэрства вылечваць з дапамогай кветак прыйшло да нас з паўднёва-ўсходняй Азii, дзе з даўнiх часоў лiчылi, што, калi змясцiць хворага або засмучанага чалавека ў гарманiчную прастору, яго фiзiчная хвароба або душэўная праблема пачне адступаць.

Кветкi, як i ўсё жывое, валодаюць уласнай энергетыкай. Але яны адрознiваюцца тым, што "дзейнiчаюць" накшталт батарэйкi: пакуль растуць — назапашваюць энергiю, а сарваныя ў бутонах, якiя толькi пачынаюць распускацца, аддаюць яе, рассейваюць у навакольную прастору. Такiм чынам, кветка здольная або папоўнiць нястачу, або забраць лiшак энергii, тым самым прывёўшы арганiзм чалавека да энергетычнай раўнавагi.

ФлоратэрапiяЛячэнне пачынаюць з адной зрэзанай кветкi, якая яшчэ не распусцiлася. Бо хворы чалавек аслаблены, а кветкi даюць каласальны паток энергii, якая змяняе энергетычную прастору iнтэр'ера, дзе ён знаходзiцца. Адна кветка служыць "ключом", якi нiбы адчыняе энергетычны "ўваход" у чалавека.

Ёсць агульныя правiлы падбору кветак, якiмi можна карыстацца, не апасаючыся нанесцi хвораму шкоду. Так, лiчыцца, што халодныя адценнi звязаныя з энергiяй галавы, цёплыя — з энергiяй цела. Белую кветку са слабым пахам або без паху выбiраюць пры захворваннях або парушэннях, звязаных з псiхаэмацыянальнай сферай. Чырвоную са слабым пахам або без паху — пры захворваннях унутраных органаў. Жоўтую з моцным пахам (цi iншы варыянт — кветкi любых яркiх адценняў, са стракатай афарбоўкай) — пры iнфекцыйных хваробах.

Кветку ставяць у пакоi на адлегласцi прыкладна метр ад таго месца, дзе хворы чалавек праводзiць асноўную частку часу. Пры гэтым кветка павiнна быць амаль пастаянна ў полi зроку хворага. Для лекавага эфекту трэба, каб чалавек назiраў, як пялёсткi спачатку распускаюцца, а потым вянуць. Калi стан доўга не паляпшаецца, зноў ставяць кветку той жа афарбоўкi.

Прапiшы сабе
яркае i цёплае

На другiм этапе лячэння, калi чалавек ужо "адкрыты" i трэба ўзмацнiць паток гаючай энергii, выкарыстоўваюць кампазiцыю з некалькiх кветак i фону — якога-небудзь буйнога лiста або галiнак. Спачатку колеравую гаму букета выбiрае сам хворы: i адценне, якое яму падабаецца, i колькасць кветак. Па выбраным колеры можна вызначыць, выздараўлiвае чалавек цi не. Калi хворы, якому першапачаткова была рэкамендаваная белая кветка, падбiрае ў букет бутоны ў асноўным халоднай афарбоўкi (белы, блакiтны, фiялетавы), значыць, ён iдзе на папраўку. Калi аддае перавагу яркiм адценням (жоўты, аранжавы, асаблiва чырвоны або бардовы), значыць, яшчэ далёка да жаданага вынiку. Халодныя адценнi сведчаць аб стабiлiзацыi на эмацыйным узроўнi, а яркiя — аб узбуджэннi i пераўзбуджэннi. Для таго ж, каму была прапiсаная чырвоная кветка, выздараўленне праявiцца ў iмкненнi да яркiх i цёплых адценняў. А вось калi для букета адабраныя раслiны халодных колераў — працэс лячэння яшчэ далёкi ад завяршэння.

Далей букет трэба адкарэктаваць. Памятаючы, што для дыягностыкi важныя не агульная колькасць кветак, а суадносiны памiж цёплымi i халоднымi адценнямi, трэба дастаць з букета "няправiльныя" колеры i дадаць "правiльныя". Напрыклад, калi ў вас прыгнечаны настрой, вы прапiсваеце сабе спачатку белую кветку. Калi настрой палепшыцца, спрабуеце вызначыць, пажадана гледзячы на кветкавы россып, якiя афарбоўкi вас больш прыцягваюць. Калi халодныя — значыць, справы сапраўды iдуць на папраўку. А вось калi погляд прыкоўваюць крывавыя ружы, не спяшайцеся з iх выбарам — вазьмiце некалькi белых хрызантэм.

Букет на кухнi —
ежа смачнейшая

Жывыя кветкi, калi iх правiльна размясцiць у памяшканнi, выкарыстоўваюць i для гарманiзацыi iнтэр'ера, экалагiчнага ачышчэння хатняй прасторы. Напрыклад, на кухнi трэба, каб пераважалi цёплыя, стымулюючыя, мяккiя адценнi (тэракотавыя, усе адценнi дрэва i да т.п.). Бо халодныя колеры, апрацоўка мармурам i кафля "пад мармур", у адрозненне ад дрэва, энергетычна дрэнна ўплываюць на страваванне (лiчыцца нават, што гэта адна з прычын доўга не вылечных гастрытаў, запораў i г.д.). Але ж змянiць дызайн кухнi можна не заўсёды, а вось зрабiць яго больш гарманiчным з дапамогай кветак лёгка.

Пры гэтым успомнiце, што, напрыклад, акно — гэта ўваходныя вароты патоку энергii, якi трэба адразу ж "саграваць". Таму халодныя колеры на кухнi можна выраўняць, паставiўшы на падаконнiк букет яркай, цёплай афарбоўкi. Калi кухня аформленая ў цёплых адценнях, тады букет лепш ставiць на абедзенны стол. Калi ж паставiць яго на стол у "халоднай" кухнi, то атрымаецца эфект "вогнiшча ў зiмовым лесе", калi твару горача, а спiне холадна. Дарэчы, квалiфiкаваныя афармiцелi нездарма рэкамендуюць у рэстаранах ставiць на сталах менавiта маленькiя, яркiя, жывыя букецiкi кветак. Гэта стымулюе страваванне.

Букеты могуць дапамагчы вырашыць i некаторыя псiхалагiчныя праблемы, зрабiць адносiны ў сям'i больш гарманiчнымi. Для гэтага два кантрастныя букеты ставяць у розных памяшканнях. На кухнi размяшчаюць кампазiцыю з цёплых адценняў, а ў гасцёўнi або пакоi, дзе часцей за ўсё збiраюцца хатнiя, — букет халоднай афарбоўкi. Сутнасць у тым, што ў любой суполцы, групе людзей заўсёды ёсць неўсвядомленая барацьба. Нават калi людзi вельмi кахаюць адно аднаго, усё адно кожны несвядома iмкнецца верхаводзiць. Вось гэту энергiю i загасiць халодны букет. (Дарэчы, калi дзецi часта бываюць вельмi ўзбуджаныя i не хочуць вас слухацца, i тут на дапамогу вам прыйдуць "халодныя" кветкi — невялiкi букет у дзiцячым пакоi ўтаймуе свавольнiкаў.) А вось у спальнi кветкi ставiць непажадана (за выключэннем тых выпадкаў, калi iмi лечаць хворага), бо гэта памяшканне павiнна быць аазiсам спакою, даверу i поўнага расслаблення.

У вiтальню карысна паставiць букет так, каб ён адразу трапляўся на вочы таму, хто ўваходзiць. Стракатыя, вясёленькiя кветачкi або камбiнацыi яркай афарбоўкi (i цёплыя, i халодныя) засцерагуць ад знешняга ўздзеяння — вы ж толькi што прыйшлi з вулiцы, дзе сутыкалiся з мноствам людзей i сiтуацый. Халодныя кветкi пагасяць залiшняе ўзбуджэнне, а цёплыя падымуць тонус, калi вы прыйшлi абяссiленымi.

Увага! Флоратэрапеўты не раяць ставiць букет у "мёртвы" вугал — за расчыненыя дзверы. Сюды можна вешаць ключы, ставiць i класцi рэчы i абутак непрыемных вам людзей. Гэта зона адчужэння, дзе ўсё жывое адчувае сябе дрэнна.

Не рэкамендуецца выкарыстоўваць для гарманiзацыi прасторы кветкi, пялёсткi якiх набылi сваю афарбоўку штучным шляхам, калi ў глебу або ваду дадавалi спецыяльныя растворы. Для лекавых мэтаў можна прымяняць толькi гатункi, колер якiх вызначаны генетычна, нават калi яны выведзены шляхам скрыжавання. Кветкi ў вазонах для лячэння таксама не падыходзяць. Актыўна рассейваюць дабратворную энергiю i часткова бяруць на сябе дрэнную толькi зрэзаныя. Мiж iншым, усходнiя мудрацы таксама сцвярджаюць, што чалавек, якi выкiдвае звялыя кветкi, разам з iмi пазбаўляецца ад хваробаў i праблемаў. А ў жывых кветках у вазонах яны, наадварот, назапашваюцца.

Падрыхтавала
Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.

 

 

←Осенние наряды от Кейт Мосс

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика