Саюз двух свяцiлаў

Источник материала:  

Аснову мiфапаэтычнай карцiны свету ў розных народаў складалi шматлiкiя "апазiцыi", у якiх акцэнтавалася ўвага на ключавых касмiчных, прыродных i сацыяльных процiстаяннях: Жыццё i Смерць, Дзень i Ноч, Дабро i Зло, Верх i Нiз, мужчынскае i жаночае... У народных уяўленнях Месяц заўсёды супрацьпастаўлялi Сонцу i асацыявалi з тым, iншым светам, светам памерлых: "Што гэта за вочы: адно свецiць удзень, а другое — уночы". Па меркаваннях сялян Заходняй Беларусi, Месяц — гэта "пусты незаселены свет, дзе няма нiчога, толькi крыжык стаiць".

   Даследчыкi славянскай ведыйскай традыцыi адзначалi, што наша галоўнае начное свяцiла непасрэдна звязана са старажытнымi багамi i духамi продкаў. У Беларусi вельмi часта Месяц называлi "цыганскiм сонцам", таму што яно свецiць "чужым", тым, хто "не знае божай веры". "З высокай дарогi глядзiць бычок крутарогi" — так, з-за сваёй выявы у першую i трэцюю фазу Месяц параўноўвалi з бычком цi каровай, якiя маюць рогi. Аднак часцей за ўсё ў загадках яго называлi рагатым пастухом, якi пасе на небе авечак (зоры): "Поле не мерана, авечкi не злiчаны, пастух рагаты".

   У народнай культуры два нябесныя свяцiлы заўсёды суадносiлi адно з другiм, надзяляючы iх рысамi чалавека i далучаючы адно да другога пэўнай ступенню сваяцтва. Часцей за ўсё Сонца i Месяц лiчылi мужам i жонкай, радзей — братам i сястрой: "Кацiлася зараначка, за ёй услед ясен месяц".

   Матыў адвечнага суiснавання двух нябесных свяцiлаў па-свойму асэнсоўваецца ў загадках i легендах: "Сястра да брата ў госцi iдзе, а брат ад яе хаваецца". Сэнс гэтай загадкi тлумачыць легенда пра тое, што некалi Сонца i Месяц былi роднымi братам i сястрой, але злыя сiлы разлучылi iх. Аднойчы яны сустрэлiся i пакахалi адно аднаго. Мацi прыйшлося прызнацца, што яны родныя. Пасля таго, як iх шлюб не ўдаўся, Месяц бяжыць ад Сонейка, як толькi ўбачыць яго на небасхiле, i з'яўляецца толькi ноччу. Гэта легенда захавала ў сабе надзвычай старажытныя сямейна-родавыя стасункi i перш за ўсё той архiчны час, калi iснаваў iнцэст — дазвол на шлюб памiж роднымi братам i сястрой. У больш познiя часы такiя шлюбы былi забаронены. Узгаданая легенда якраз i адлюстравала гэтую памежную сiтуацыю.

   Вобразы Сонца i Месяца даволi шырока распаўсюджаны ў беларускiм фальклоры, асаблiва ў песеннай абрадавай лiрыцы. Бадай што найбольш шырока чароўная нябесная пара адлюстравана ў вясельнай паэзii, у якой Сонца сiмвалiзуе маладога, а "месячык" з'яўляецца паэтычным увасабленнем прыгажосцi маладой.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

 

 

←Осенние наряды от Кейт Мосс

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика