Аукцыёнаў на будаўнiцтва гаражоў i аўтастаянак больш не будзе
Якiя яшчэ змяненнi прынясе Указ Прэзiдэнта № 427?
Актыўнае будаўнiцтва жылля ў сталiцы i рэгiёнах патрабуе большай колькасцi аўтастаянак i гаражоў.
— Перад намi стаiць важная задача — да 2011 года пабудаваць аўтастаянкi i гаражы на 280 тысяч машынамесцаў (з разлiку 1250 машынамесцаў на тысячу кватэр), — гаворыць начальнiк галоўнага ўпраўлення праектных работ, горадабудаўнiцтва i архiтэктуры Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва Рэспублiкi Беларусь Валянцiна Назарук.
Парадак абкладання падаткам зямельных участкаў у сувязi з прыняццем Указа № 427 не змянiўся i застаецца ранейшым. А вось умовы будаўнiцтва гаражоў i iх продаж адрознiваюцца ад ранейшых. Адным з новаўвядзенняў стане адмена аукцыёнаў на будаўнiцтва гаражоў i аўтастаянак.
Пачынаючы з 1 верасня гэтага года, згодна з Указам № 427 Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь "Аб патанненнi будаўнiцтва гаражоў i аўтамабiльных стаянак", пры будаўнiцтве гаражоў i аўтастаянак будуць прадугледжаны льготы.
Ад выплаты ПДВ будуць вызвалены тыя, хто пацвердзiць выкананыя работы па будаўнiцтве першаснай улiковай дакументацыяй.
— Будаўнiчая арганiзацыя атрымае льготу пры ўмове, што акт выкананых ёй работ будзе падпiсаны пасля 1 верасня. Калi ж акт падпiсаны да 1 верасня, то льгота можа быць прымененая толькi на асобныя вiды работ пры ўмове, што яны былi скончаныя пасля 1 верасня. У любым выпадку гэта таксама павiнна быць пацверджана дакументальна, — тлумачыць начальнiк упраўлення ўскоснага падаткаабкладання Мiнiстэрства па падатках i зборах Рэспублiкi Беларусь Юрый Канавалаў.
Ад ПДВ будуць вызваленыя таксама тыя гаражы i аўтастаянкi, якiя былi пабудаваныя нядаўна непасрэдна забудоўшчыкам, гаражным кааператывам альбо кааператывам, якi гэтыя аўтастаянкi эксплуатуе. Акрамя таго, пры будаўнiцтве гаражоў i аўтастаянак ад выплаты ў iнавацыйны фонд вызваляць усiх фiзiчных i юрыдычных асобаў.
Новы Указ Прэзiдэнта закране i пытаннi продажу гаражоў: з 1 верасня пры продажы новага гаража таксама не будзе брацца ПДВ.
— Без выплаты ПДВ можна будзе прадаць любы гараж пры ўмове, што ён быў пабудаваны нядаўна. Напрыклад, калi гараж быў пабудаваны ў жнiўнi, а прададзены ў вераснi, то ПДВ з яго не возьмуць, — зазначыў Юрый Канавалаў.
Ілья Лапато.