Сталіца аднаго Дня
За свята пісьменства разгарэлася канкурэнцыя паміж гарадамі
Тым часам ува ўсю ідзе падрыхтоўка да прыёму гасцей на Дзень пісьменства-2009. Крызіс на арганізацыю свята ў Смаргоні не паўплываў. Пра гэта ўчора заявіла першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч: “Сродкі цяпер канцэнтруюцца ў тых месцах, дзе яны найбольш патрэбныя”. А сёння са Свята-Духава кафедральнага сабора Мінска ў Смаргонь стартуе экспедыцыя “Дарога да святыняў” з жыватворным агнём ад Труны Гасподняй. У сталіцу Дня пісьменства агонь прыбудзе разам з удзельнікамі вандроўкі, вядомымі творчымі людзьмі краіны, прайшоўшы праз дзесяткі гарадоў і вёсак краіны. Свята роднага слова пачнецца 6 верасня ўрачыстым асвячэннем новага праваслаўнага сабора Смаргоні і адкрыццём помніка Францішку Багушэвічу.
Менавіта Багушэвіч напісаў палымяны запавет нашчадкам: “Не пакідайце ж мовы беларускай, каб не ўмёрлі!” Творчасць паэта, радзіма якога Смаргоншчына, натхніла Купалу пісаць вершы па-беларуску. Таму Дзень пісьменства сёлета праходзіць у асаблівым кутку бацькаўшчыны.
Між тым многія гарады прэтэндуюць на тое, каб пераняць эстафету свята. Са слоў Ліліі Ананіч, у наступным годзе сталіцай Дня пісьменства стануць Хойнікі, родная зямля Івана Мележа. Але ўжо некалькі гадоў “стаіць у чарзе” Глыбокае. Як вядома, свята не толькі становіцца маніфестацыяй любові да роднага слова, але і з’яўляецца нагодай для рэканструкцыі цэнтраў гарадоў. У Смаргоні, дарэчы, абноўлены Дом культуры.
Традыцыяй Дня пісьменства таксама стала выданне рэгіянальных літаратурных анталогій. Літаральна днямі выйшла такая анталогія і на Смаргоншчыне, а разам з ёй і том з творамі Багушэвіча.