Жораў
У апошнiя днi жнiўня, у пачатку верасня назiралi за паводзiнамi жораваў: "Калi жоравы паляцяць, то ў сярэдзiне кастрычнiка мароз пачнецца, а калi не — то зiма позна прыйдзе".
Жораў ва ўсiм свеце з'яўляецца сiмвалам стасункаў з боствамi. У культуры ўсходнiх славян гэту прыгожую птушку заўсёды лiчылi свяшчэннай, вестуном усяго добрага, станоўчага. Па ўяўленнi нашых продкаў, увосень жоравы пакiдаюць наш край, адлятаюць на зiмоўку i нясуць з сабой прэч грэшныя душы, а рана ўвесну вяртаюцца з выраю (iрыю), каб прынесцi з сабой душы будучых дзяцей, якiя народзяцца ў гэты год. Сувязь жораваў з тым, iншым светам, светам продкаў, недвухсэнсоўна адлюстравалася ў культуры ўсходнiх славян: калодзежы з доўгiм шастом, пры дапамозе якога бралi ваду з глыбiнi, таксама атрымалi назву "жораў".
У час адлёту жоравы падаюць даволi гучны доўгi крык. Зыходзячы з народнай этымалогii, чалавеку, якi сумаваў, менавiта таму казалi: "Не журыся!".
Жораў заўсёды быў годнай, незалежнай, недасягальнай для чалавека птушкай. Калi ў жыццi чалавека стваралiся сiтуацыi, у якiх неабходна было зрабiць выбар, у народзе казалi: "Лепш сiнiца ў руках, чым жораў (журавель) у небе". Аб чымсьцi вельмi жаданым, але недасягальным, казалi: "Што жораў у небе".
Забiць жорава значыла назаўсёды развiтацца з асабiстым шчасцем: нiва будзе бясплоднай, гаспадарка прыйдзе ў заняпад, у сям'i пачнуцца сваркi i хваробы.
Шматлiкiя рытуальныя дзеяннi i прыкметы, звязаныя з жоравам, супадалi з дзеяннямi ў дачыненнi да бусла. Так, на Палессi ранняй вясной, калi вы бачылi першага жорава, неабходна было "пакачацца" па полi, каб на працягу года не было болю ў спiне.
Лiчылi, што на тым полi, куды села шмат жораваў, будзе добры ўраджай.
Па палёце жораваў прадказвалi надвор'е:
— жоравы ляцяць высока — да дажджу;
— жораў заляцеў у вёску — чакай непагадзi, буры;
— калi жоравы ў час адлёту на поўдзень ляцяць высока, не спяшаючыся, "перагаворваюцца", — будзе цiхая добрая восень.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.