Каб у дзеўках не застацца, дзеўкам трэба падабацца...
а што купiў, за тое i прадам, хоць гэта цяпер i не модна: кажуць, камбайнер адзiн на працы затрымаўся (у чарговы раз) i да цёмнага... А ўжо стамiўся, — ледзь дадому прыпоўз: абмыцца яшчэ сiлы хапiла i нешта з'есцi — па драбязе... А больш... На жонку паглядзеў ды i пытаецца: "А можна я свае сужэнцкiя абавязкi грашыма сёння аддам?". Тая — не дзiўна было б, каб згадзiлася! Дзiўна, што — нiколi не паверыце — грошай не ўзяла!
Бо... усё зразумела — бiтва (за ўраджай...), пярэднi край — не да любошчаў. Як продкi мовiлi, не да пацераў, калi хата гарыць.
Вось i чытачам (мяркуючы па нашай пошце) не да гуляў цяпер, не да забавак ды вершыкаў нейкiх: справай трэба займацца.
Але ж конкурс (па меркаваннi Валерыя Гаўрыша з Пастаўшчыны) — таксама справа. I досыць сур'ёзная, бо, па-першае, упрыгожвае сабой найстарэйшую беларускую газету, па-другое, не дае "заржавець" мазгам чытачоў, па-трэцяе, абуджае таленты i, адпаведна, не дае iм загiнуць, уздымае многа вострых праблем, паляпшае настрой...

Мы ў гэтым ужо пераканалiся. Цяпер прапануем вам. I пачнём з назiрання, з адкрыцця, якое зрабiў Мiкола Старых з Гомеля:
Мiж жывёлiн сама болей
Песень складзена пра коней:
"Лятуць конi", што з "Пагонi",
Адзiн "Конь гуляў па волi",
"Ехаў Ясь на канi",
Ёсць i "Конiк без нагi"...
Калi-небудзь нехта звонка
Прапяе пра амазонку?
Ну, безумоўна ж!.. I нават... зараз: яна, па меркаваннi Уладзiмiра Сiтнiка з вёскi Палажэвiчы Старадарожскага раёна, спецыяльна для гэтага марафет наводзiць i ўсiм выглядам сваiм папярэджвае:
Пачакай... Да трэнiроўкi
Я падмажу вусны, броўкi...
I царыцаю над пляцам
Буду сёння ўзвышацца...
Як пабачыць трэнер строгi —
Так i брыкнецца пад ногi...
Я ж, магчыма, пашкадую:
Падыму i... пацалую, —
спадар Сiтнiк гэта абяцае (за дзяўчыну) i не пiша, што будзе далей.
Можа, i правiльна робiць, бо ўсё ж i так зразумела, i так... напiсана. Дзе? Спадарыня Лабажэвiч з Клецка мяркуе, што на "твары"... у каня:
Вось — паверыў гэтай цёцi, —
Апынуўся ў аброцi.
Калi клёпак не хапае,
Так i з хлопцамi бывае.
З таго ж канверта i сумнае:
Шмат пабачыў гэты конь —
Быў калiсьцi, як агонь...
А цяпер — прыцiх, абмяк...
У аброцi з кожным так.
Няволя ёсць няволя — дакладнае назiранне. I крыўднае, бо...
Стаў рахманы, паслухмяны,
Бо даверыўся падману:
Расчасана яго грыва,
Але выгляд — не шчаслiвы.
Прычыны? "Аброць" — гэта раз. Але ж бачаць чытачы i многае iншае. Ну лiчыце:
Конь буланы працаваў —
Сваiх сiл не шкадаваў.
Толькi... Скончыўся давер,
Ён, як я, — пенсiянер:
Зняць на картку яшчэ могуць,
А рублём — цi дапамогуць?
Наўрад...
Але ж мы не пра тое. Працяг тэмы ў Любовi Мiхайлаўны Чыгрынавай з вёскi Забалацце Вiлейскага раёна — яна думкi гэтага каня падслухала:
Во часы насталi —
Нi сена, нi аўсу...
Баюся — не загналi б
Цяпер на каўбасу.
Не зразумела, праўда, прычым тут дзеўка... Але ж у Анатоля Гарачова з вёскi Даўнары Iўеўскага раёна ёсць радкi i пра яе:
Знайшоўшы вольную гадзiнку,
Брунетка сталася бландзiнкай.
Далей, за гаспадыняй следам,
Буланка стала ўжо гнедай.
А зараз — крыўда... Аж да болю,
Бо не прайсцi iм фэйс-кантролю.
Адпаведна — нiкуды не выехаць (за мяжу). А запрашалi ж! Уладзiмiр Iльiч Барысёнак з вёскi Плiна Ушацкага раёна пiша, што
Паступiла SMS
Завiтаць хутчэй на фэст...
Але як тут быць дзяўчыне?
Хто ж яе туды падкiне?
Хiба сесцi на кабылу?..
Хоць павольна, ды без дыму.
I гэта — правiльна! Бо трэба ж берагчы навакольнае асяроддзе. Да таго ж дзяўчына на канi — гэта амазонка. Нават гучыць прыгожа! А ўжо глядзецца будзе!.. Ды тая студэнтка, камсамолка, спартсменка i прыгажуня з "Каўказскай палоннiцы" проста адпачывае.
Адкуль i верш:
На Нарачы яна марачка,
У Ратамцы яна казачка,
Грызе як семкi тыя тэсты
I... нiчыя пакуль нявеста.
Могуць скрасцi за мяжу...
Таму хлопцам я скажу:
До гарэлку-пiва пiць —
Час яе запаланiць.
Раiць гэта Валерый Гаўрыш з вёскi Навасёлкi Пастаўскага раёна, раiць хлопцам, ведаючы, што дзеўкi зусiм не супраць палону. Каб трапiць у яго, чаго яны толькi не робяць! I ў прыватнасцi (па меркаваннi сужэнцаў Астроўскiх з Мiнска):
I зiмой i цёплым летам
Адзiн клопат у кабетаў:
Што б яшчэ падмаляваць,
Каб прыгожа выглядаць?
Хоць знешнасць, як кажуць людзi спрактыкаваныя, i не самае галоўнае (а тым больш на спаборнiцтвах, што да гэтай канкрэтнай дзеўкi (са здымка) i спрабуе давесцi спадар Гарачоў з Iўеўшчыны. Ён пiша:
Яшчэ раз кажу табе,
Хоць i не шматслоўны я,
Што ў спартыўнай барацьбе
Твар твой — не галоўнае.
Мо пра яго, пра самае галоўнае, пiша Ала Тарасiк з Мiнска?
Так, паэты праўду кажуць:
Можам мы каня спынiць...
Потым — твар сабе падмазаць...
Пакуль хата не гарыць.
Тут хтосьцi можа папракнуць — наконт паэтаў. Ён, Мiкалай Някрасаў, маўляў, адзiн быў, пiсаў без сааўтараў. У тым лiку i крылатае (пра жанчыну):
...В игре её конный не словит,
В беде не сробеет — спасёт:
Коня на скаку остановит,
В горящую избу войдёт!
Але ж вядомыя многiм i iншыя радкi — Навума Каржавiна (прыводжу па памяцi):
Столетья промчались, и снова,
Как в тот незапамятный год:
"Коня на скаку остановит,
В горяшую избу войдет"...
Ей жить бы хотелось иначе —
Надеть подвенечный наряд,
Но кони всё скачут и скачут,
А избы горят и горят".
Iншымi словамi —
"Полжизни выживаешь,
Полжизни — доживаеш",
Успамiнаючы потым, што:
У маладосцi днi бывалi —
Усе навыперадкi рвалi!..
Дзе ж цяпер азарт гарачы?..
Дзеўкi — бабы, конi — клячы, —
канстатуе спадар Гарачоў з Iўеўшчыны.
Але ж завяршаць чарговы конкурсны агляд на гэтакай сумнай ноце мы не будзем. Будзем, як заўжды, на вясёлай. Мiнчанка Тарасiк у якасцi подпiсу да здымка прапануе жыццесцвярджальнае:
Каб у дзеўках не застацца,
Дзеўкам трэба падабацца —
Хоць каму...
Ды хоць каню.
Праўда, з гэтым канём (са здымка) "нумар", мусiць, не прайшоў? I невядома, цi пройдзе? Нейкi ён (ну, гляньце!) — затузаны, загнаны.
Але ж
Як каму падняць iмпэт,
Для жанчыны не сакрэт, —
сцвярджае Уладзiмiр Дземчанка з вёскi Машканы Сенненскага раёна. А значыць, мо i ў камбайнера таго (што хацеў ад жонкi адкупiцца) не ўсё яшчэ страчана?..
Зрэшты, пра жанчын i мужчын, нашы асаблiвасцi i ўзаемаадносiны ў рубрыцы "Хто каго?" мы пiсалi — не раз. Прынамсi, на мiнулым здымку, калi памятаеце, рэчачка была. I ў ёй мужык пялёскаўся, нешта мыў. Па меркаваннi вялiкага чытацкага журы, найпрыгажэйшыя радкi пра яго напiсалi спадарынi Лабажэвiч з Клецка i Чыгрынава з Вiлейшчыны, спадары Сiтнiк са Старадарожчыны, Дубовiк з Бярэзiншчыны i Федарака... Яго радкi
Некалi Алёны мылi ручнiкi,
А цяпер пра гэта дбаюць мужыкi:
Лета, надвячорак, беражок Усы...
Мые дзядзька Зосiм жончыны трусы
Доўнар.
Фота Анатоля Клешчука.