Слова не верабей...

Источник материала:  

Было гэта даўно, яшчэ пры маiм студэнцтве — на Савецкай плошчы, ля помнiка, аўтобус спыняўся. Сотнi разоў я садзiўся там, сотнi разоў выходзiў — i хоць бы што. А тут — няма транспарту i няма. У чаканнi стаў помнiк разглядаць, надпiс перачытваць: "Воiнам-вызвалiцелям другога i трэццяга беларускiх франтоў...".

Далей не чытаю, не магу — штось перашкаджае. А што? Так i ёсць — слова "трэццяга" напiсана праз два "ц"! Памылка! А з iншага боку — гэта ж помнiк! Не дурнi ж на iм пiсалi! Дык, можа, дзве "ц" i патрэбныя?

Прыехаў дамоў, паглядзеў у падручнiк — адна.

Ранiцай ва ўнiверсiтэце падышоў да выкладчыка, патлумачыў сiтуацыю — таксама кажа — адна.

Усё праверыўшы, рашыў выканаць свой грамадзянскi i прафесiйны абавязак: пра памылку паведамiць у мясцовую газету.

З рэдакцыi днi праз тры прыходзiць паведамленне, што лiст накiраваны на рэагаванне ў гарвыканкам. Адтуль, з гарвыканкама (як паведамiлi недзе праз месяц) — у жылкамунгас (i напэўна ж з нейкай рэзалюцыяй?). Была папера i адтуль. У ёй пiсалася, што з нагоды майго вельмi слушнага лiста праведзена нарада...

Карацей, месяцаў праз пяць напружанай разумовай працы (абмеркаванняў, нарад, падрыхтоўкi дакументаў) ля помнiка такi з'явiўся нейкi дзядзька ў куфайцы, падставiў драбiну, ускараскаўся па ёй наверх i адбiў недарэчнае, непатрэбнае "ц".

Адкуль выснова — каб зрабiць памылку, нi часу нi розуму не трэба, а вось каб выправiць...

Вiктар Варанец,

г. Гродна

Што той салдат,
што гэты...

Гэта было ў далёкiя ўжо 70-я гады. У нашым класе праходзiў сход — некалькi вучняў прымалi ў камсамол i, як водзiцца ў такiх выпадках, экзаменавалi, правяралi, цi варты: цi ведае статут гэтай арганiзацыi, як арыентуецца ў палiтыцы, у грамадскiм жыццi... У аднаго з кандыдатаў у камсамольцы, прынамсi, пытаюць:

— А хто камандуе Беларускай ваеннай акругай?

Хлопец пачырванеў, вачыма лыпае, маўчыць, бо што ж яшчэ застаецца рабiць, калi не ведаеш... Хiба падказкi слухаць? Дабразычлiўцы з першых парт тут як тут — давай яму шаптаць:

— Тра-ццяк... Тра-ццяк...

I гэта — чыстая праўда, але ў нашай школе акурат з такiм жа прозвiшчам яшчэ i настаўнiк быў, на сходзе прысутнiчаў, на апошняй парце сядзеў. Вучань здзiўлена паглядзеў на яго i адказвае:

— Траццяк... Уладзiмiр Паўлавiч.

Клас аж лёг ад рогату...

Разам з усiмi смяяўся i настаўнiк. Хоць яму, Уладзiмiру Паўлавiчу, можа, i нiякавата было ад таго, што не зрабiў ваеннай цi iншай кар'еры.

Наталля Квiткевiч,

г. Мiнск

Няпрошанаму госцю лыжкi няма

Вайна скончылася ў 45-м, але спакой настаў намнога пазней. Прынамсi ў нас па ваколiцах блукала многа розных банд, мiлiцыя ганялася за iмi, а да зладзеяў рукi не даходзiлi — дзейнiчалi яны нахабна. Не, не забiвалi, не рабавалi, але бралi ўсё, што толькi можна было, не шкадавалi нi ўдоў, нi сiрот. А кемлiвыя былi: на суседнiм хутары ўкралi свiнню, а каб гаспадар не зразумеў, куды павялi (па снезе), абулi яе ў лапцi. Думалi, вiдаць, што вось iх — не абуе нiхто. I памылялiся!..

Усе ўдалыя аперацыi ў iх прынята было адзначаць — у хаце ў Рамана. А яна, тая хата, ды на дзве паловы падзелена, у другой — сям'я брата жыве, праз сенцы.

У сенцах столi не было. Гэта, напэўна, i прымусiла некага задраць галаву i, як на грэх, убачыць там падвешаны карук (страўнiк свiны... Набiты мясам). Смаката ж! Рашылi, што заўтра паласуюцца. Далi Раману заданне прынесцi драбiну...

Бяда чалавеку: прынясеш — паможаш украсцi, ды ў каго — у роднага брата; не прынясеш — чаго добрага, паб'юць.

Думаў ён думаў, што рабiць, i пайшоў на раду.

— Прымi, — кажа брату, — схавай свой карук, а то зладзеi вока палажылi, заўтра з'ядуць.

— Не буду, — той адказвае, — нi прымаць, нi хаваць. Хай яны iм падавяцца!..

Але ж потым, вiдаць, адумаўся: залез на гарышча, зняў той карук, выбраў мяса, напхаў конскага памёту, зашыў i павесiў.

Вечарам назаўтра сышлiся зладзюжкi, дасталi тую смакату, паселi навокал, налiлi пад яе гарэлкi, разрэ...

Хваляй смуроду iх адкiнула ад стала.

— Падмануў! — закрычалi... Але ж не хацелi, каб людзi пра гэта ведалi, каб з iх смяялiся, таму на "разборкi" нiкуды не пайшлi. Думалi, усё неяк замнецца. Памылiлiся.

А.А.Зелянкевiч,

в. Мачуль, Столiнскi раён

Схаваеш... Як шыла ў мяшку

Мая залвiца — старэйшая мужава сястра — гумарыстка яшчэ тая, ведае проста безлiч анекдотаў. А ўжо як расказвае... Мы, здараецца, проста ўпокат ляжым, бакi зрываем... Пытаемся потым: ну, дзе ты гэта вычытала, ну, хто ж гэта прыдумаў?!.

Залвiца кажа, што многiя байкi прыдумваюць зэкi, а яшчэ больш — само жыццё. Вось, расказвае, едзе яна ў электрычцы з Мiнска ў Маладзечна. Дзень будны, народу няшмат. На адной са станцый — маладая жанчына заходзiць, з хлопчыкам. Харошае дзiцятка, тутэйшае: вочкi сiнiя, твар бялявы, нос бульбiнкай. Селi непадалёк. Мацi малому тут жа куртачку расшпiлiла, ён шапачку скiнуў i на лаўку паклаў. А па вагоне скразняк гуляе — палова вокнаў адчынена.

— Надзень, а то прастынеш, — загадвае мацi малому.

Той кажа:

— Не прастыну, — i шапачку тую пад сябе: сеў i сядзiць на ёй — пазiрае. Мацi зазлавалася. Дастала шапачку, нацягнула яму на галаву, стала строга казаць, што яго хваробы ёй ужо ў пячонках, што калi не будзе слухацца, то яна аддасць яго дзядзьку кантралёру, што... Малы пад гэты шум яшчэ раз скiнуў шапку i на ўвесь вагон, лiчы, як ляпне:

— Пайшла ты...

I сказаў, куды...

У такiх выпадках разумныя мацi альбо змоўчваюць цi пераключаюць увагу на нешта iншае, каб дзiця забылася гэтае слова (калi яно выпадковае), альбо ўжо тлумачыць, што яно дрэннае, што харошыя дзецi так не гавораць. Гэта ж маладзiца — тым, хто блiзка сядзеў — стала даводзiць, што яны з мужам людзi прыстойныя i нiколi не лаюцца, што гэта — з дзiцячага садка малы ўсё прыносiць — i розныя вiрусы-iнфекцыi, i брыдкiя словы. Людзi згодна закiвалi, сталi спачуваць жанчыне. А адзiн дзядок раптам кажа малому:

— Слухай, я не зразумеў, куды ты сваю маму паслаў? Што ж гэта за месцейка такое? Дзе яно?

Хлопчык насупiўся, задумаўся, трохi памаўчаў, а потым i адказвае:

— Я не ведаю, дзе, бо калi тата гэтак гаворыць, мама нiкуды не iдзе, дома застаецца...

Вось i не вер пасля гэтага прыказцы, што дзiцятка вучыцца ўсяму, што бачыць у сваiм даму.

А. К.,

г. Маладзечна

Работа
над памылкамi

Было — пашчасцiла мне патрапiць у сталiцу Лiтвы на 30-годдзе вызвалення яе ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. Грандыёзнае свята — проста мора музыкi, песень, кветак, добрых слоў у адрас ветэранаў, мноства i знатных гасцей з усiх рэспублiк Саюза...

Мiтынг распачаў першы сакратар гаркама партыi. На рускай мове, каб было зразумела ўсiм, гаварыў пра дружбу народаў, пра подзвiг Савецкай Армii. А вось наступныя выступоўцы — прадстаўнiкi iнтэлiгенцыi, рабочага класа — сталi гаварыць ужо па-свойму, па-лiтоўску, перакладчыкаў не было, таму госцi з iншых рэспублiк разгублена пераглядвалiся, нiчога не разумелi...

Выйсце, як i варта было чакаць, знайшлося, i было яно, як сякера пад лаўкай. Пад гром апладысментаў да мiкрафона пайшоў былы камандуючы першым Прыбалтыйскiм фронтам двойчы Герой Савецкага Саюза маршал Iван Хрыстафоравiч Баграмян. Рашучы, суровы падняўся ён на трыбуну, убачыў непадалёк транспарант: "Самый храбрый из армян — Баграмян", усмiхнуўся студэнтам, якiя яго трымалi, i загаварыў... па-армянску.

Цяпер ужо гаспадары свята, лiтоўцы, разгублена пераглядвалiся памiж сабой, але ж, здаецца, разумелi, чаму спадар Баграмян гаварыў на сваёй мове.

Таму вечарам у адным з найлепшых рэстаранаў падобных непаразуменняў ужо не было: усе тосты прамаўлялiся па-руску: дружбу мiж народамi замацоўвала руская гарэлка i армянскi каньяк.

Мiкалай Амельчанка,

г. Мiнск

Рубрыку вядзе
Валянцiна Доўнар.

 

 

←Брестский пенсионер подал заявку на проведение пикета против бездушия чиновников

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика