Выратавальнiкi выратавалi 55 тон збожжа

Источник материала:  

У Шумiлiнскiм раёне ў пасёлку Светласельскi гарэла збожжавая сушылка з 60 тонамi збожжавай сумесi ўнутры. Пажар пачаўся а сёмай гадзiне ранiцы.

Як паведамiлi "Звяздзе" ў абласным упраўленнi МНС, сушылка айчыннай вытворчасцi выраблена толькi летась. Працуе на прыродным газе. Па папярэднiх звестках прычына пажару — парушэнне правiлаў эксплуатацыi цеплагенерыравальных агрэгатаў i прылад. Падраздзяленнi МНС выратавалi ад агню 55 тон збожжа. Падчас пажару i яго тушэння канструкцыi сушылкi пашкоджаны не былi.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Апоўначы пачаўся пажар

у прамысловай краме цэнтра кааператыўнага ўчастка Лельчыцкага спажывецкага таварыства, якi знаходзiцца ў пасёлку Глушкавiчы.

Як расказаў прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў, гарэла цаглянае памяшканне, плошча якога складае 100 квадратных метраў. У вынiку знiшчаны поўнасцю шыферны дах i прамысловыя тавары на суму 35 мiльёнаў рублёў. Вартасць выратаваных таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў — 150 мiльёнаў рублёў. Праводзiцца праверка. Папярэдняя версiя здарэння — падпал.

Iрына АСТАШКЕВIЧ.

Нямецкi камбайн
застаўся без палiва

У Аршанскiм раёне ноччу невядомыя скралi са збожжаўборачнага камбайна нямецкай вытворчасцi 270 лiтраў дызельнага палiва, а таксама дзве фары i набор ключоў.

Машына стаяла на тэрыторыi механiзаванага двара. А двор той, мiж iншым, ахоўваўся. Супрацоўнiкi мясцовага аддзела ўнутраных спраў вызначылi, што крадзеж учынiлi два беспрацоўныя 1990-га года нараджэння. Iх затрымалi. Узбуджана крымiнальная справа.

Аляксандр ПУКШАНСКI.

Выйсцi пасажыру дапамаглi... выратавальнiкi

У Наваполацку на вулiцы Ктаторава "Нiсан" урэзаўся ў жалезабетонны слуп асвятлення. Кiроўца не справiўся з кiраваннем. Было гэта а дзясятай гадзiне ранiцы.

У вынiку ДТЗ 25-гадовы пасажыр аўтамабiля быў заблакаваны ў салоне. Сядзеў ён побач з кiроўцам на пярэднiм крэсле. Пры дапамозе спецыяльнага гiдраўлiчнага iнструмента пасажыра вызвалiлi з машыны, дзе яго сцiснула, i перадалi медыкам з брыгады хуткай неадкладнай дапамогi. Яго шпiталiзавалi.

Аляксандр ПУКШАНСКI.

Украў дзвюх кароў

Жыхар вёскi Палонка Баранавiцкага раёна 1982 года нараджэння ўжо адбываў тэрмiн пакарання за крадзеж. Але на свабодзе зноў узяўся за старое i з фермы вёскi Лотвiчы ўкраў дзвюх кароў. Выкрадальнiк затрыманы.

Сцеражыся ракавой жанчыны

Жыхар горада Пiнска з вулiцы Сухой заявiў у мiлiцыю, што ноччу падпалiлi ўваходныя дзверы ў кватэру.

Выяўлена, што падпал учынiла грамадзянка 1972 года нараджэння, былая сужыцелька заяўнiка 1980 года нараджэння. Цяпер яе шукае мiлiцыя. А ў вёсцы Крытышын Iванаўскага раёна любоўная драма "разгарэлася" яшчэ мацней. Кабета 1975 года нараджэння з рэўнасцi падпалiла хату супернiцы 1985 года нараджэння. Вясковая жыхарка хавацца, як пiнчанка, не стала, i яе затрымалi.

Хлеў нiчый — i гарэлка нiчыя

У Маларыцкiм раёне ля самай мяжы з Украiнай супрацоўнiкi мiлiцыi зазiрнулi ў хлеў побач з закiнутай нежылой пабудовай i знайшлi 117 бутэлек гарэлкi ўкраiнскай вытворчасцi, якiя нехта прыхаваў. Тавар канфiскаваны.

Яна СВЕТАВА.

Тайнiкi абясшкоджаны

Вялiзны склад зброi схавалi чорныя капальнiкi недалёка ад вёскi Кароткавiчы Жлобiнскага раёна.

Як расказаў начальнiк упраўлення па барацьбе з арганiзаванай злачыннасцю па Гомельскай вобласцi Андрэй Заяц, яго супрацоўнiкамi сумесна з групай размiнiравання вайсковай часцi 5525 у лесе былi знойдзены боепрыпасы часоў Вялiкай Айчыннай вайны. Спiс нарытага ўнушальны: 3 артылерыйскiя снарады, 12 гранат. А каля вёскi Плясавiчы знаходзiўся яшчэ адзiн тайнiк, у якiм былi трацiлавыя мiнныя шашкi па 200 грамаў кожная з запальнiкамi — 23 штукi — i 82 мiнныя запальнiкi. Увесь "скарб" знiшчаны на месцы, незаконных "археолагаў" шукае мiлiцыя.

Iрына АСТАШКЕВIЧ.

 

 

←Суд встал на защиту гомельчанки Ларисы Сотниковой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика