Крэдыты: ЗАБАРОНА НА ВАЛЮТУ І НОВЫЯ ПРАПАНОВЫ

Источник материала:  

З "жыццём у крэдыт" давялося пазнаёмiцца асабiста. Як толькi два гады таму пагасiла валютны спажывецкi, узяла льготны жыллёвы. Вяртаць яго мне яшчэ... 39 гадоў. Таму тэму гэту адсочваю невыпадкова. З канца мiнулага года на старонках "Звязды" дзялiлася сваiмi назiраннямi над усiмi зменамi на крэдытным рынку краiны. Што тут адбылося новага апошнiм часам?

З канца лiпеня ўсе банкi Беларусi перасталi выдаваць крэдыты прыватным асобам у замежнай валюце. За некалькi тыдняў да ўвядзення гэтай нормы некаторыя аўтадылеры разам з банкамi прапанавалi насельнiцтву спецпраграмы па крэдытаваннi. Напрыклад, у Аўтацэнтры "Атлант-М Сухарава" ў Мiнску можна было набыць аўтамабiль у крэдыт пад 13,5 працэнта ў доларах.

— Трэба сказаць, што ў параўнаннi з пачаткам года, калi ўсякае крэдытаванне было практычна прыпыненае, рынак пачаў ажываць, — пракаментаваў PR-менеджар аддзела маркетынгу Атлант-М Аляксандр Бабко. — Сёння пра ўплыў забароны на валютныя крэдыты казаць пакуль рана. самы мiнiмальны крэдыт у нас — 24 працэнты ў беларускiх рублях. Зразумела, чалавеку няпроста будзе пераарыентавацца на такi крэдыт, калi ён збiраўся ўзяць валютны пад меншыя працэнты.

Прыпыненне выдачы валютных крэдытаў фiзiчным асобам, за выключэннем iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, павiнна садзейнiчаць абароне i забеспячэнню ўстойлiвасцi беларускага рубля, патлумачыў Нацыянальны банк, у тым лiку яго пакупной здольнасцi i курсу ў дачыненнi да замежных валют, а таксама ўмацаванню даверу да нацыянальнай валюты. Нацбанк лічыць, што крэдытаванне насельнiцтва ў замежнай валюце мае высокую валютную рызыку i рызыку нявыплаты такiх крэдытаў. Названая норма носiць часовы характар i будзе дзейнiчаць да стабiлiзацыi сiтуацыi ў эканомiцы краiны.

Пасля ўвядзення забароны на выдачу валютных крэдытаў на iх месца не паспелi "прыйсцi" рублёвыя, таму пералiк крэдытных прапаноў значна скарацiўся. Напрыклад, па звестках сайта infobank.by, на пачатак жнiўня аўтакрэдытаванне ў беларускiх рублях прапаноўвалi толькi 9 банкаў. Тэрмiны крэдытавання не змянiлiся i складаюць ад 3 да 7 гадоў. Сума крэдыту ў большасцi банкаў складае 60-80 працэнтаў ад кошту аўто, а працэнтная стаўка ў сярэднiм — 23—28 пунктаў.

— Iдэi пра замяшчэнне валютных крэдытаў лунаюць у паветры, аднак пакуль новых прапаноў не шмат, — пракаментаваў сiтуацыю фiнансавы дарадца benefit.by, — Прычына ў тым, што вельмi дарагiя дэпазiты не дазваляюць банкам знiзiць стаўкi па крэдытах. Таму апошнiм часам можна назiраць паступовы перагляд прапаноў па ўкладах у бок знiжэння ставак.

Што датычыцца жыллёвага крэдытавання, то за апошнiя два месяцы сiтуацыя тут амаль не змянiлася, калi не лiчыць знiжэння платы за льготныя крэдыты для шматдзетных сем'яў i, зноў жа, адмену валютнага крэдытавання. Беларусбанк прапаноўвае льготныя крэдыты на будаўнiцтва жылля пад 1-5 працэнтаў гадавых (у залежнасцi ад катэгорыi грамадзян) на 15 гадоў для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў i для тых, чыя чарга падышла. Шэраг банкаў (Беларусбанк, Белiнвестбанк) прапаноўвае крэдыты па стаўцы ў 14-18 працэнтаў у беларускiх рублях на 15-20 гадоў тым, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, але чакаць сваёй чаргi не жадае.

На агульных падставах, г.зн. тым, хто не адносiцца да катэгорыi асобаў з патрэбай у паляпшэннi жыллёвых умоў, некалькi банкаў (Беларусбанк, БПС-Банк i Белзнешэканомбанк) прапануюць рублёвыя крэдыты пад 25-26 працэнтаў тэрмiнам на 15-20 гадоў. Пераплата па iх, напрыклад, на суму ў 40 млн беларускiх рублёў, будзе 75,5-100,5 мiльёна.

На рынку спажывецкага крэдытавання галоўная навiна — выдача крэдытаў пад 10 працэнтаў гадавых на набыццё тавараў айчыннай вытворчасцi. Пакуль гэта мера не выклiкала ажыятажнага попыту на беларускiя тавары, аднак яна заклiканая якраз разгрузiць склады айчынных вытворцаў.

Максiмальны памер льготнага крэдыту — 10,5 мiльёна беларускiх рублёў. Даецца ён тэрмiнам на тры гады пры пакупцы ў безнаяўным парадку пэўнага пералiку тавараў айчыннай вытворчасцi. Атрымаць такi крэдыт могуць грамадзяне, сярэднямесячны даход на кожнага члена сям'i якiх не перавышае мiнiмальны спажывецкi бюджэт сям'i з чатырох чалавек (гэта прыкладна 377 тысяч беларускiх рублёў на чалавека на канец лiпеня). Самая маленькая пераплата па льготных спажывецкiх крэдытах, згодна з назiраннямi фiнансавага дарадцы benefit.by, будзе ў БПС-Банку. Праз тры гады яна складзе менш чым 200 тысяч.

Найбольш выгадныя прапановы па астатнiх спажывецкiх крэдытах можна сёння знайсцi ў Белаграпрамбанку, Белiнвестбанку, БПС-банку i ў Франсабанку. Працэнтная стаўка — 24-27 пунктаў, сума — ад 1,5 да 10 млн, тэрмiн — ад 16 месяцаў да 3 гадоў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 

 

←Суд встал на защиту гомельчанки Ларисы Сотниковой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика