Знешнi гандаль: крытычны пункт пераадолены?

Источник материала:  

Як заўважыў намеснiк старшынi Нацыянальнага статыстычнага камiтэта Вiктар Мiхно, можна канстатаваць, што па вынiках першага паўгоддзя аб'ёмы знешняга гандлю значна зменшылiся.

За студзень—чэрвень на экспарт было пастаўлена прадукцыi на 9 мiльярдаў долараў (52,3 працэнта ў параўнаннi з такiм жа перыядам летась), а iмпарт склаў $12,9 млрд. (66,6 %). Атрымалася адмоўнае сальда ў памеры $3,9 млрд. Паводле iнфармацыi Вiктара Мiхно, адпаведная сiтуацыя характэрная для шэрагу iншых краiн. Напрыклад, аб'ём продажу на знешнiм рынку Расii i Украiны зменшыўся на 47 працэнтаў, Казахстана — на 51, Германii — на 33,4, Польшчы — на 32, Лiтвы — на 31, Латвii — на 26,4 %. З-за сусветнага крызісу за першае паўгоддзе ў параўнаннi з такiм жа перыядам летась у Беларусi пастаўкi грузавых аўтамабiляў "змiнусавалi" на 85,1 працэнта, металаапрацоўчых станкоў — на 70,7, рухавiкоў унутранага згарання — на 68,9, трактароў — на 42,2 %. Адпаведна, скарачалiся закупкi па iмпарце сыравiны i камплектавых.

Сёлета iстотна зменшылiся цэны на шэраг тавараў, што пастаўлялiся на экспарт i завозiлiся з-за мяжы. Больш чым удвая — на нафтапрадукты, у 1,7 раза — на шыны, у 1,5 раза — на малочную прадукцыю. У вынiку нават рост на 18,2 % фiзiчных аб'ёмаў паставак прадуктаў харчавання (у першую чаргу за кошт павелiчэння продажу розных вiдаў малочнай прадукцыi) не прывёў да адпаведнага павелiчэння грашовай выручкi ад iх рэалiзацыi. Увогуле цэны на гэтыя тавары на знешнiм рынку зменшылiся амаль на чвэрць. Як запэўнiў Вiктар Мiхно, сiтуацыю на знешнiм рынку ўдалося ўзяць пад кантроль. Найбольш складанымi былi студзень i люты, калi назiралася падзенне. А пасля адзначаецца няхай нязначны, але ўстойлiвы прырост. Гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца i надалей, напэўна, можна лiчыць, што "крытычны пункт" усё ж пераадолены. У лiпенi ў параўнаннi з папярэднiм месяцам зменшылiся аб'ёмы складскiх запасаў прадукцыi — з 94 да 88,3 працэнта сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасцi. Як адзначыла намеснiк начальнiка галоўнага ўпраўлення статыстыкi гандлю Нацыянальнага статыстычнага камiтэта Алена Барушка, металургiчная прадукцыя iнтэнсiўна прасоўваецца на рынкi афрыканскiх дзяржаў (такiх як Гамбiя, Гана, Уганда, Эфiопiя).

Мiкалай ЛІТВIНАЎ.

 

 

←Суд встал на защиту гомельчанки Ларисы Сотниковой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика