Настальгія па... малянкоўскай шклянцы

Источник материала:  

Пайшоў неяк днямi ў краму "Крышталь" на сталiчным праспекце Незалежнасцi. I выпадкова ўвагу прыцягнуў сувенiрны набор пад назвай "Настальгiя". Што б вы думалi ў iм было? На першы погляд, шэсць звычайных гранёных шклянак па 250 грамаў!

Памятаеце, у савецкiя часы такiя былi лiтаральна ва ўсiх дамах i кватэрах, iх яшчэ называлi малянкоўскiмi. Ды i цяпер, хатнiя гаспадынi, у каго яны захавалiся, выкарыстоўваюць iх для розных кулiнарных патрэбаў: адмераць якi прадукт або цеста для пельменяў цi варэнiкаў шырокай адкрытай часткай колцамi нарэзаць. Карацей, шклянкi як шклянкi. Хiба толькi ўпакаваныя ў прыгожую прадаўгаватую скрыначку, выкладзеную знутры, ярка-чырвоным, як падалося, шоўкам (нiбы тыя ўзнагароды ў ордэнскiх "скарбоначках"). Ды цана той "Настальгii" — 162 800 рублёў (гэта прыкладна 55 долараў)! Неяк iмгненна пачаў прыгадваць: недзе на гарышчы бацькоўскай хаты такiх гранёных "настальгiй" хопiць на некалькi набораў. Нават калi давядзецца колькi грошай выдаткаваць на шаўковую матэрыю ды прыгожыя скрыначкi, усё адно атрымлiваецца, што адну гранёную шклянку можна будзе прадаць тысяч за 25. Нiшто сабе грошы за тавар, набыты некалi лiтаральна за капейкi! Толькi каму прадаць, каму не хапае такой "Настальгii"?!

Настальгія па... малянкоўскай шклянцыРаботнiкi крамы, праўда, хутка апусцiлi, як кажуць, з нябёсаў. "Ды вы што, гэта ж хрустальныя шклянкi, толькi стылiзаваныя пад звычайныя гранёныя. Таму i каштуюць адпаведна. Мы iх толькi другi раз ад адной фiрмы i бяром — па адным наборы. Вось апошнi так i стаiць у вiтрыне". Сапраўды, калi задумацца: хто можа набыць такi сувенiрны набор, нават з хрустальнымi шклянкамi? На мой погляд, або iншаземец у якасцi своеасаблiвага "прыкола", або па гэтай жа прычыне — нябедныя суайчыннiкi свайму сябру на якое свята.

Зразумела, мы не маглi не пагаварыць з прадстаўнiкамi фiрмы-пастаўшчыка "Настальгii". Яны пацвердзiлi здагадку наконт патэнцыйных пакупнiкоў: або замежнiкi, або свае хлопцы-"прыкалiсты". Прычым, апошнiя сустракаюцца часцей. А чаму ўвогуле з'явiлася такая iдэя? Тут найперш можна пасмяяцца з арыгiнальнай задумы цi пазайздросцiць прадпрымальнiцкай жылцы?

— Як кажа наш дырэктар, мы ўсе выйшлi з таго часу. Ён у нас увогуле крынiца ўсiх iдэй. Вось i са шклянкамi — ездзiў у Расiю на завод па дазвол на выпуск хрустальнага посуду. Тое прадпрыемства дагэтуль вырабляе гранёныя шклянкi. Вы ж ведаеце, чаму яны называюцца "малянкоўскiмi"? Некалi маршал Малянкоў ухвалiў выраб такога посуду. За савецкiм часам ён каштаваў 14 капеек. Але ў нас шклянкi хрустальныя, што пацвярджаецца спецыяльным укладышам у скрыначкi, — патлумачылi нам работнiкi фiрмы, што займаецца выпускам падарункаў i сувенiраў. — Пасля атрымання ад расiян дазволу мы замовiлi партыю хрустальных шклянак на адным з беларускiх прадпрыемстваў, зрабiлi спецыяльную ўпакоўку, стылiзаваную пад тыя часы. Яшчэ пэўны запас ёсць. Прадаём "Настальгiю" не толькi ў сталiцы, былi пастаўкi, скажам, у Магiлёў, у Гродна. Тавар пакрысе, але разыходзiцца.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Гiстарычная даведка

Вынаходнiкамi шклянкi лiчацца Вера Мухiна i Казiмiр Малевiч. Гавораць, што яны доўга працавалi над эскiзамi, нават спрачалiся, колькi на посудзе павiнна быць граняў i якiмi павiнны быць памеры.

Малянкоў у 1953 годзе паспрыяў змяншэнню падаткаў з вяскоўцаў, за што атрымаў паважлiвае стаўленне да сябе. Нават пасля таго, як быў пазбаўлены пасады Старшынi Савета Мiнiстраў. Аднак гранёная (10 граняў) шклянка з дастаткова тоўстымi сценкамi i з паяском па версе (250 грамаў — малянкоўскi, у шклянку без паяска змяшчалася толькi 200 грамаў) атрымала сваё паважлiвае найменне ў сувязi з масавым увядзеннем у эксплуатацыю пунктаў грамадскага харчавання з пачатку 1950-х гадоў: гарадскiх, школьных, студэнцкiх, заводскiх i калгасных сталовак, якiя працавалi ў дзве, а часам i ў тры змены. Значнаму распаўсюджванню малянкоўскай шклянкi ў краiне садзейнiчала i спыненне ў хрушчоўскiя часы продажу ў палатках гарэлкi на разлiў, а ў крамах — "чакушак" (250 грамаў) i "мярзаўчыкаў" (125 грамаў). Гавораць, адсюль i пайшоў рытуал распiцця паўлiтровай бутэлькi гарэлкi на траiх.

Масавая вытворчасць гранёных шклянак стымулявалася ў тыя ж хрушчоўскiя часы адкрыццём пiўных аўтаматаў, дзе разам з пенным напоем прадаваўся i партвейн, што аўтаматычна разлiваўся ў шклянкi.

Гранёная шклянка — малянкоўская — у пэўным сэнсе з'яўляецца сiмвалам мiнулага савецкiх часоў з пачатку 1950-х гадоў i да канца ХХ стагоддзя.

 

 

←Суд встал на защиту гомельчанки Ларисы Сотниковой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика