Дах над галавой
Практычна кожны чацвёрты жыхар сталiцы мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў. Спiсы чаргавiкоў растуць хутчэй, чым узводзяцца новыя дамы. Але будаўнiчая галiна развiваецца. Калi аб'ездзiце Мiнск уздоўж i ўпоперак, убачыце, колькi ў iм "маладых" дамоў i як неверагодна хутка разрастаюцца новыя мiкрараёны. Два мiльёны "квадратаў" у год здаецца ў нашай сталiцы, i калi так будзе працягвацца, у недалёкай будучыні Мiнск папросту падвоiцца ў сваiм памеры. Што робiцца ў сталiцы, каб як мага большая колькасць людзей атрымала дах над галавой? I якое будзе сучаснае жыллё, што атрымаюць чаргавiкi?
Хутка, даступна,
дастойна
З кожным годам усё больш сацыяльнага жылля будуецца ў нашай краiне. Так, ААТ МАПIД — асноўнае прадпрыемства, якое спецыялiзуецца на будаўнiцтве жылля для грамадзян, што маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў (напрыклад, летась 95 % кватэр "чаргавiкоў" створана менавiта гэтай арганiзацыяй), з кожным годам нарошчвае аб'ёмы вытворчасцi. Летась, напрыклад, МАПIДам уведзена 568 тысяч квадратных метраў жылой плошчы, што складае 235 працэнтаў да ўзроўню 2002 года! Сёлета ж плануецца ўвесцi 591 тысячу квадратных метраў жылой плошчы.
— Вытворчасць буйнапанэльных дамоў накладае свае асаблiвасцi на праектнае i планiровачнае рашэнне i адпаведна на матэрыялы i вiды апрацоўкi кватэр, — расказвае намеснiк галоўнага iнжынера АКТ "МАПIД" Андрэй Шалiма. — Але сучаснае панэльнае жыллё значна адрознiваецца нават ад таго, што будавалася яшчэ гадоў 10—15 таму. Большасць нашых работнiкаў пражываюць у панэльных кватэрах, i нам добра вядомы недахопы ранейшага жылля. Таму мы i мадэрнiзуем нашы дамы...
Так у новым жыллi ўжо не будуецца маленькiх кухняў. Нават у аднапакаёвай панэльнай кватэры кухня займае 9,5 квадратнага метра (наогул, плошча кухняў у кватэрах, што будуюцца сёння, складае ад 9,5 да 13 "квадратаў"). У самай масавай серыi дамоў М464-У1, што сёння ўзводзiцца МАПIДам, павялiчыць плошчу кухнi атрымалася дзякуючы пераходу на будаўнiцтва дамоў з крокам 3,2 метра замест 2,6. Дзякуючы гэтаму павялiчылася i агульная плошча кватэр, пакоi сталi больш утульнымi.
Другая масавая серыя М111-90 прадстаўлена 19-павярховымi будынкамi. Іх можна пабачыць на вулiцах Карастаянавай, Старавiленскай. Абедзве гэтыя серыi мадэрнiзаваныя i адпавядаюць сучасным спажывецкiм запатрабаванням.
Асноўныя планiровачныя рашэннi кватэр не памянялiся, што звязана з асаблiвасцямi буйнапанэльнага будаўнiцтва, бо цвёрдасць будынка базуецца на каркасе, якi ствараецца ўнутрысценавымi панэлямi i плiтамi перакрыццяў. I навасёлы, якiя iмкнуцца прарэзаць дзвярныя праёмы там, дзе iм уздумваецца, могуць парушаць агульную ўстойлiвасць усяго будынка.
Але гнуткая планiроўка магчыма ў дамах серыi М464-М, бо тут у буйнапанэльнае будаўнiцтва ўнесены элементы каркаса. У такiх дамах пры ўзгадненнi з адпаведнымi iнстанцыямi гаспадары могуць трансфармаваць пакоi на свой густ.
У арганiзацыi адмовiлiся ад прымянення сантэхкабiн.
— Раней усё збiралася на заводзе, там санвузлы начынялiся ўсiм неабходным, разводзiлiся трубы, ставiлiся ванны i ўнiтазы, пасля гэта прывозiлася на будоўлю, дзе як у вялiзным канструктары збiралася ў адзiн дом, што адпаведна адбiвалася на якасцi жыллёвага фонду, — расказвае Андрэй Шалiма. — Сёння гэта робiцца ўручную. Раней не было паняцця праект дома, праектаванне i будаўнiцтва праводзiлася тыпавымi блок-секцыямi, узводзiўся шэраг дамоў-блiзнят. Сёння кожны дом iндывiдуальны, многiя з iх з убудаванымi памяшканнямi, што дазваляе знiзiць страты на стварэнне iнфраструктуры ў новых жылых кварталах.
— Буйнапанэльнае будаўнiцтва даволi кансерватыўнае, цяжка паддаецца мадэрнiзацыi i ўвядзенню навiнак, але ў прынцыпе, змяняць аблiчча будынкаў магчыма, — адзначае спецыялiст. — Жыхары горада могуць бачыць нашы вышынныя дамы з рознымi iндывiдуальнымi завяршэннямi над машынным аддзяленнем. Першы такi прыём быў прыменены па вулiцы Карастаянавай, i далей гэта атрымала развiццё. Але мы звярнулiся да праектнай арганiзацыi, каб неяк упарадкаваць палёт фантазii архiтэктараў i спынiцца на некалькiх варыянтах. Архiтэктары — людзi творчыя, але ствараць на дамах кожны раз новую надбудову, — то ў выглядзе шатра, то кароны, — даволi складана. З'яўленне iндывiдуальных дэкаратыўных элементаў прыводзiць да павелiчэння працазатрат, падаўжэння тэрмiнаў будаўнiцтва i ў вынiку падаражэння метра квадратнага. На сёння мы маем некалькi варыянтаў такiх упрыгожванняў дамоў, iх можна пабачыць у раёне Сухарава, Дружба, Вяснянка, — заўважае Андрэй Шалiма.
З цягам часу жыллё стане i больш эканомным — уладальнiкам кватэр давядзецца менш трацiць на ацяпленне. Дарэчы, МАПIД — першая будаўнiчая арганiзацыя ў СНД, якая стварыла буйнапанэльны энергаэфектыўны дом. Нават у Еўропе эканомныя дамы, як правiла, невялiкiя — у 2-4 паверхi, а мiнскi будынак дазваляе эканомiць энергiю жыльцам, што размясцiлiся на 9 паверхах.Каму гатовенькае?
Сёння жыллё для чаргавiкоў здаецца ўжо такiм, што хоць адразу расстаўляй мэблю i жывi. Зразумела, калi вы атрымлiваеце кватэру з аздабленнем. Якое яно? У кватэрах тыпавых спажывецкiх якасцяў у жылых пакоях на сцяне i столi клеяцца шпалеры, на падлозе — лiнолеум, у ванным пакоi i прыбiральнi — на падлозе — керамiчная плiтка, а сцены пакрываюцца масленымi цi акрылавымi фарбамi. Трэба ўлiчваць, што ёсць свая спецыфiка пры ўзвядзеннi жылля для льготных катэгорый грамадзян, матэрыялы, якiя выкарыстоўваюцца для ўнутранай апрацоўкi, павiнны "ўкладвацца" ў пэўныя рамкi кошту на квадратны метр. Зразумела, у сацыяльным жыллi не будзе дарагога паркета цi нямецкiх шпалераў. Дом будзе начыняцца i даводзiцца да ладу ў асноўным дзякуючы будматэрыялам беларускiх вытворцаў. Плюс — майстры працуюць па дзяржрасцэнках, а знайсцi людзей, якiя зробяць у вашай кватэры рамонт за невялiкiя грошы, даволi складана. Акрамя таго, калi раптам што не так, паспрабуй пасля яшчэ адшукай прыватнiка, каб выказаць прэтэнзii. А на гатовае жыллё вам даецца два гады гарантыi.
А яшчэ трэба заўважыць, што ў першыя гады пасля здачы, дом дае ўсадку i спецыялiсты не раяць праводзiць тут дарагога рамонту. Гатовыя кватэры для многiх людзей, якiя стаяць на ўлiку з патрэбай у паляпшэннi жыллёвых умоў i ўкладаюць усе грошы ў будоўлю, — неблагi варыянт, бо сродкаў на дарагi рамонт не хапае. Я ведаю адну сям'ю, якая брала кватэру без апрацоўкi. Да гэтага часу яна не можа давесцi кватэру да ладу i жыве ў пакоях... без шпалераў. Атрымаўшы ключы ад новай "тройкi", яе ўладальнiкi напачатку актыўна ўзялiся за абсталяваннi ванны i кухнi, але атрымалася, што на гэтым усё i спынiлася, грошай на далейшы рамонт няма, а ўжо трэба плацiць крэдыт i аддаваць запазычанасць знаёмым. Дарэчы, члены ЖБК могуць уплываць на тое, чым будуць начыняцца кватэры, напрыклад, якiя вокны ў iх будуць стаяць. Толькi вырашаць гэта неабходна яшчэ ў самым пачатку, калi складаецца праектна-каштарысная дакументацыя дома.
— А цi адаб’ецца крызiс на сучаснай будоўлi сацыяльнага жылля? — пацiкавiлася я ў намеснiка галоўнага iнжынера МАПIДа.
— Мы робiм усё магчымае, каб на рашэннi жыллёвых праблем гэта не адбiлася, — кажа Андрэй Шалiма. — Асноўная праблема — забеспячэнне праектна-каштарыснай дакументацыi. Даволi часта дакументацыя прадстаўляецца "сырая", недастаткова прапрацаваная, а дом ужо стаiць у праграме на будаўнiцтва. Часта адстае i фiнансаванне. Ад непрадуманай працы iншых структур церпiм i мы, i члены ЖБК. Бо з людзей сабралi грошы, а пасля, калi высвятляецца, што заказчык, цi праекцiроўшчык пра нешта забыў, i дакументы трэба дапрацоўваць, людзям прыходзiцца даплачваць, што выклiкае незадаволенасць. Часам МАПIД ставiцца ў жорсткiя рамкi, мы павiнны здаваць жыллё не ў нарматыўныя тэрмiны, а ў дырэктыўныя, што, зразумела, можа адбiвацца на якасцi, усё ж будаўнiкам даводзiцца працаваць у больш iнтэнсiўным рэжыме. Нам бы хацелася, каб больш рытмiчная i прадуманая праца вялася i ў напрамку перспектыўнага планавання. Зараз мы сутыкаемся з сiтуацыяй, калi невядома, на якiх аб'ектах будзе весцiся далейшае будаўнiцтва, а магутнасць прадпрыемства даволi вялiкая, i для нас вельмi важна, каб уся тая армiя работнiкаў у 8600 чалавек, што задзейнiчаная цяпер, i надалей была забяспечана працай.