ПАД КРЫЛАМІ ПЕРАМОГI

Источник материала:  

Шануй сваё: ёсць iдэя!

Да знамянальнай даты — 600-годдзя Грунвальдскай бiтвы — засталося мала часу: менш за год.
А як мы будзем адзначаць гэты юбiлей?
 
Перамога над крыжакамi пад Грунвальдам была эпахальнай. Пасля яе Тэўтонскi ордэн неўзабаве прыйшоў у заняпад i ўжо не пагражаў суседнiм дзяржавам. I хоць паражэнне было нанесена сумесна з войскам Польскага каралеўства, у гiсторыi Вялiкага Княства Лiтоўскага падобных гераiчных падзей бадай што i не было. Гiсторыя Вялiкага Княства — гэта гiсторыя Беларусi. Адзначыўшы перамогу 1410 года, ушанаваўшы подзвiг продкаў, мы адкрылi б паўзабытыя гераiчныя старонкi нашай гiсторыi, а для станаўлення суверэннай Беларусi — гэта надзвычай важна.
 
У свой час мне давялося ствараць дыяраму Грунвальдскай бiтвы для школьнага музея, было гэта яшчэ за савецкiм часам ды i маштаб работы быў невялiкi.
 
I вось, яшчэ летась у мяне ўзнiкла iдэя стварэння помнiка Перамогi пад Грунвальдам i нават пачаў працаваць над яго фрагментамi. Але ж манумент на сваiм агародзе не паставiш. Вось i вырашыў на старонках "Звязды" паказаць праект-iдэю чытачам нашай газеты. А можа заслугоўвае ўвагi?

Але хацелася б крыху паразважаць наконт помнiкаў.

ПАД КРЫЛАМІ ПЕРАМОГIКожны мастак (скульптар) хоча, каб яго твор быў калi не шэдэўрам, дык хоць бы арыгiнальным i вылучаўся сярод iншых. Але ж тыя помнiкi i манументы, як правiла, адлюстроўваюць эпоху, у якой яны стваралiся, i тут немагчыма штосьцi змянiць, бо сам мастак — прадукт сваёй эпохi.

Безумоўна, талент мае вялiкае значэнне, але даволi часта цяжка пазбавiцца ад стэрэатыпнага мыслення. Напрыклад, паставiлi помнiк асветнiку цi пiсьменнiку — дык абавязкова з кнiжкай у руках, а ўсе князi ў нас з мячамi, узводзiм манумент загiнулым у мiнулай вайне — дык гэта салдат з трохлiнейкай цi аўтаматам...

Але гэта мысленне не толькi творцы, але i народа. Людзям усё зразумела — кнiжка, меч, вiнтоўка, толькi ў часу свой расклад...

На месцы Грунвальдскай бiтвы ў Альштынскiм ваяводстве палякi паставiлi помнiк. Адбылося гэта ў 1960 годзе. На гранiтным пастаменце вершнiк, а наўкол ваяры ды князь з мячом — класiчны варыянт.

У сваiх разважаннях я прыйшоў да высновы, што неабходна адысцi ад штампаў. Ва ўсякiм разе помнiк павiнен адпавядаць ХХI стагоддзю, быць узнёслым — усё ж Перамога.

Яшчэ ў Старажытнай Грэцыi сiмвалам Перамогi была Нiке — крылатая багiня. У рымлян яна стала Вiкторыяй, а з прыходам хрысцiянства з'явiлiся анёлы. Крылы выклiкалi захапленне ў людзей, яны прыцягвалi чалавека, узбуджалi яго мары. Калi ўланы атакавалi, то ў iх за спiнамi ўздымалiся крылы, а пазней крылы сталi сiмваламi авiяцыi, аўтатранспарту, iх выкарыстоўваюць як эмблемы, як таварны знак...

А калi крылы падняць на манумент? I нечакана для сябе ўбачыў, што iмклiвыя стылiзаваныя крылы з сучаснага матэрыялу будуць зiхацець на сонцы — глядзяцца даволi эфектна. Рэзанатары, якiя можна ўстанавiць на крылах, пры нават невялiкiм ветры загучаць (трывожна цi пераможна).

Грунвальдская бiтва пачалася з артылерыйскай дуэлi i гармата ля падножжа манумента будзе не лiшнiм элементам у кампазiцыi. На старадаўняй гравюры ўбачыў эпiзод Грунвальдскай бiтвы. Уразiла колькасць дзiдаў — з двух бакоў. Яны ўздымалiся сцяною — зброя ў тыя часы вельмi папулярная, бо можна было паразiць працiўнiка за 4-5 метраў.

Чаму тады агульную кампазiцыю не ўзбагацiць дзiдамi — па колькасцi харугваў (40 вялiкакняжацкiх i 50 польскiх) i на сцяжках выбiць назвы: Слуцкая, Менская, Смаленская, Вiленская, Полацкая, Ваўкавыская...

Але вернемся да асноўнага манумента. Два крылы на розных стэлах — гэта звязана з тым, што яны прадстаўляюць усё ж дзве дзяржавы i гэты момант нельга не ўлiчваць.

У працэсе работы высветлiлася, што форма крыла далёка не кожнай птушкi падыходзiць да кампазiцыi. Найперш, прыдатнымi аказалiся крылы сокала i чайкi — у iх ёсць iмклiвасць.

Вось так iдэя ператварылася ў макет манумента, але гэта не больш чым мая прапанова. Як мне здаецца, iдэя "не зашмальцаваная" i пры невялiкiх фiнансавых выдатках яе лёгка можна ажыццявiць.

Безумоўна, тут важнае значэнне мае прывязка да мясцовасцi, дзе помнiк будзе стаяць. Але гэта ўжо павiнны вырашаць архiтэктары.

Патрэбна падтрымка ўлады i тады помнiк можна будзе ўзвесцi агульнымi намаганнямi — узвядзенне яго стане народным.

Наша газета прапаноўвае чытачам абмеркаваць iдэю помнiка ў гонар 600-годдзя Перамогi пад Грунвальдам, а магчыма кiраўнiцтва аднаго з беларускiх гарадоў, чыя харугва ў той бiтве прымала ўдзел, зацiкавяцца iм...

Не будзем забываць: "Жыццё кароткае — Радзiма вечная".

Сымон Свiстуновiч.

Фота аўтара.

 

 

←В Гродно пройдут международные учения пожарных

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика