Хадзiў Барсiк у разведку...
е памятаю такога, каб сусед па лецiшчы прыходзiў да мяне з крыўдай. А тут — зайшоў, кашлянуў гэтак шматзначна i паведамiў: "Барсiк твой зноў у "разведку" на мае грады прыйшоў..."
Праз хвiлiнку мы з суседам ужо стаялi каля градкi i цешылiся забаўляльнай сцэнай. Мой гарадскi кот Барсiк падпiльноўваў блiжэйшага стракатага матыля i скакаў за iм у гарох. Альбо цiкаваў за кiмсьцi толькi яму заўважным i зноў-такi на злом галавы ляцеў праз моркву, цыбулю, кроп...
Свавольнiка мы ўтаймавалi, а самi з цiкавасцю сталi прыглядацца — хто ж гэта там у зялёных "мiкраджунглях" яшчэ хаваецца?
Усё скончылася тым, што вусатаму "разведчыку" была адведзена тэрыторыя на палянцы, а сам я, узяўшы маленькую лiчбавую "мыльнiцу", пусцiўся ў паляванне на насельнiкаў хатнiх градак. Хачу параiць усiм, хто мае такi ж просценькi аматарскi фотаапарат: зазiрнiце i вы ў найцiкавейшы мiкрасвет прыроды. Зрабiць гэта вельмi проста — кожны апарат мае у сваiм электронным меню каманду "МАКРА" (прасцей кажучы, здымаць з вялiкiм павелiчэннем з малой адлегласцi). Уключайце гэтую каманду, трымайце фотаапарат цвёрда, наблiжайце аб'ектыў да травiнкi i... Толькi не палохайцеся! На вас з экранчыка "мыльнiцы" будзе пазiраць i тыркаць вусамi фантастычная iстота (звычайная, але моцна павялiчаная кузурка).

Нездарма ж я свайго Барсiка ў разведку пасылаю!
Паглядзiце на гэтых фотаздымках, як высочвае мой кот-памочнiк. Пазнаёмцеся са смаўжом, якi заняты снеданнем, i асою, што заляцела пад пялёсткi кветкi. Адгадайце, што за дзiўныя лiхтарыкi зiхацяць на кончыках вусоў гароху? Гэта ж кропелькi расы!
Яўген Пясецкi.